Час вясну клікаць

14 сакавіка ( на Еўдакію) у асобных раёнах Беларусі “гукалі” вясну — загукалі, клікалі, запрашалі з дапамогай магічных формул — песень-заклічак. Па ўяўленні нашых продкаў, гэты абрад набліжаў надыход вясны:Благаславі, Божа, // Вясну заклікнуці, // Лета сустракаці! // Прыйдзі, вясна, // Прыйдзі красна!

Кожны радок песні заканчваецца працяглым выгуканнем “Гу-у-у!”, з дапамогай якога выканаўцы пасылалі ў наваколле моцныя энергетычныя вібрацыі, якія, меркавалася, павінны абудзіць зямлю, наваколле, даляцець да птушынага выраю і свету памерлых продкаў. Абрад праводзіўся на ўзвышшах або іншых адкрытых прасторах: высокім беразе ракі, возера; на страсе пуні, гумна, лазні; на паляне, вакол дрэва (дуба, сасны, бярозы).
Вельмі ўдалым лічылася ў гэты дзень сустрэча з ластаўкай. Ёй услед кідалі жменю зямлі і прыгаворвалі: “На табе, ластаўка, на гняздо!”. Лічылася, што ў такім выпадку чалавека чакае дабрабыт і здароўе.
Руплівыя гаспадары ў гэты дзень неслі з лесу галінкі дрэў і падпальвалі імі ў печы — “каб вясна была цёплай”.
А яшчэ на Еўдакію назіралі за станам надвор’я і варажылі на будучыню: калі на Аўдоццю малады месяц з дажджом, то лета будзе мокрае. Якая Еўдакія, такое і лета. Калі гэты дзень цёплы, свеціць сонца, то вясна і лета будуць цёплыя і асабліва ўдалы будзе сенакос. Калі ідзе дождж, то будзе ўраджай на жыта. Калі моцны мароз, то ён памарозіць грэчку ў час цвіцення. Калі гэты дзень туманны, то будзе ўраджай на стручковыя расліны; калі ж мяцеліца і завіруха, то ў бягучым годзе трэба чакаць вялікага холаду. Калі гракі прыляцелі да Еўдакіі — лета чакалі мокрае.  Лужы вады на Аўдоццю каля парога — пчаляры ў мёдзе купацца будуць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter