Час вар’ятаў-адзіночак

Ад імя экстрэмістаў усё больш выступаюць вар’яты-адзіночкі альбо падымаюць галаву агенты “Ісламскай дзяржавы”. І з гэтым трэба нешта рабіць
Калі перманентнае знішчэнне тэрарыстаў сусветнай супольнасцю вядзецца ў іх агульнавядомым “халіфатным арэале дыслакацыі” ў Сірыі, Іраку, Лівіі, Афганістане ці Пакістане, гэта цалкам зразумела. Аднак у міжнародным маштабе, у розных кутках свету, ад імя экстрэмістаў усё больш выступаюць вар’яты-адзіночкі альбо падымаюць галаву агенты “Ісламскай дзяржавы”. І з гэтым трэба нешта рабіць. Так здарылася ў штаце Фларыда, калі адзін з ураджэнцаў Афганістана расстраляў у Арланда наведвальнікаў гей-клуба: у выніку нападу загінулі 50 чалавек, 53 пацярпелі. Так адбылося і ў некалі даволі спакойным прыгарадзе Парыжа, калі 25-гадовы малады чалавек, пазней ліквідаваны спецназам, забіў нажом французскага паліцэйскага і яго жонку. Дарэчы, у забойцы паліцэйскага, які выконваў заданне баевікоў ДАІШ, быў знойдзены ўнушальны спіс далейшых магчымых ахвяр, сярод якіх — дзеячы мастацтваў, журналісты, палітыкі...

Цяпер еўрапейскія сілавікі правяраюць аператыўныя звесткі разведкі аб новых тэрактах у Бельгіі і Францыі, запланаваных сірыйскімі баевікамі. Усё гэта адбываецца на фоне буйных беспарадкаў футбольных фанатаў у французскіх Парыжы, Марселі і Лілі падчас правядзення чэмпіянату Еўропы па футболе Еўра-2016, калі даволі моцныя сілы тамтэйшай паліцыі цяпер задзейнічаны на пан’еўрапейскім спартыўным мерапрыемстве.     

На фоне згаданых падзей — у выніку далейшага супрацьстаяння Усходу і Захаду — на свет абрынулася новая хваля халоднай вайны. Напярэдадні саміту НАТА ў Варшаве 8—9 ліпеня міністры абароны краін — членаў Паўночнаатлантычнага альянсу прынялі рашэнні: аб захаванні “надзейнага кампаненту” ядзернага стрымлівання, у тым ліку ў Еўропе, аб дадатковым разгортванні на ратацыйнай аснове ў Польшчы і краінах Балтыі ў 2017 годзе чатырох шматнацыянальных батальёнаў, аб узмацненні натаўскай групоўкі на Чорным моры. Расія рыхтуе на гэта  свой адказ. Ацэньваючы існуючую ваенна-палітычную сітуацыю, амерыканскі палітолаг Сцівен Коэн упэўнены, что “такой вялікай канцэнтрацыі варожых войск каля расійскіх межаў не было з часоў уварвання нацысцкай Германіі ў 1941 годзе”.

У нашай краіне  праз некалькі дзён адбудзецца гістарычная падзея — пяты Усебеларускі народны сход. Яго ўдзельнікам неабходна будзе разгледзець і зацвердзіць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter