Осенины — время светлых размышлений о прошлом

Час светлага роздуму пра мінулае на Асяніны

Ёсць у народным календары дзень, калі, па павер’ях, мёртвыя вяртаюцца ў свет жывых. Гэты дзень называюць Дзядамі. Ён прыпадае на першую суботу перад Дзмітрыеўскай бацькоўскай суботай (сёлета 5 лістапада).


Вось і добрая нагода дазнацца, як нашы продкі шанавалі памяць аб мінулым. Для іх яно было неад’емным ад жыцця. З цягам часу, ад аднаго пакалення да другога, стала не толькі традыцыяй, але і часткай агульначалавечай культуры народа. Адметна і тое, што продкі ўспаміналі сваіх прашчураў не толькі восенню, але ў кожным сезоне года. Дзяды адзначаліся і вясновыя, і летнія, і зімовыя. Але самыя галоўныя сярод іх — восеньскія. Іх яшчэ называлі Асянінамі. І гэта не выпадкова. Пасля завяршэння спраў у полі надыходзіў час разважанняў, падвядзення вынікаў. А ўспомніць продкаў неабходна было для таго, каб яны маглі даць параду, накіраваць на правільны шлях. Лічыцца, што менавіта на восеньскія Дзяды іх душы прыходзяць у свет жывых. Чаму б і нам сёння хаця б на адзін дзень не спыніцца ды не падумаць, як прыгожа адзначыць сапраўдныя сямейныя Асяніны?

Запальваючы свечкі, успамінаю вёску Крынкі, што на Карэліччыне. Перад вачыма світанне. Мы з бабуляй Мілкай і малодшай сястрой ідзём па пустой і ціхай вуліцы ў бок поля пасвіць кароў. Суседскія рагулі няспешна выходзяць з падворкаў. Мы з невялічкімі кіёчкамі ў руках падбадзёрваем каровак словамі. Як толькі трапляем на выган за вёскай, рэшткі сну развейваюцца, быццам тыя ружовыя аблокі на блакітным небасхіле. Далей можаш проста назіраць за жывёлкамі, а можаш назбіраць палявых кветак ды наплесці прыгожых вянкоў. Кветак такое мноства — хопіць і сабе, і рагулям! Мы з сястрой, зусім яшчэ дзеці, і не думалі ў час догляду за кароўкамі ныць ды плакаць: «Хадзем хутчэй дадому!» Бабуля нас проста не стала б і слухаць, ды і мы не маглі стварыць дадатковы клопат для яе. Пераходзілі з поля на поле, гналі статак да рэчкі, каб кароўкі спатолілі смагу ў час спякоты. Мы і не думалі скардзіцца, што ўжо стаміліся ці нам надакучыла. А пра жаданне вярнуцца дадому да вечара можна было ўвогуле забыць. Бабуля заўсёды вучыла: «Па жыцці трэба ісці шпарка і лоўка. Абавязкова туды, куды задумаў, а шлях прадумваць загадзя. Не азірацца назад і не баяцца нічога. Верыць у лепшае і радавацца кожнай праяве жыцця». І сёння памятаю яе словы, што, напэўна, і сфарміравалі светапогляд, дапамаглі вызначыць жыццёвыя мэты.

Здаецца, няхай бы сёння бабуля была жывая. Родная сэрцу татава маці дзесяцігоддзі таму вучыла ўнучак пасвіць кароў, працаваць рупліва і старанна. Здаецца, сёння яна выйдзе на тую ж ціхую вуліцу, сядзе на лаву ля самай смачнай яблыні ў вёсцы ды падзівіцца вынікам сваіх старанняў: якімі выраслі яе малыя дзяўчаткі, колькі дзяцей нарадзілі і чаму зараз вучаць ужо сваіх малых.

Успаміны наганяюць на вочы слёзы. Але цікава: нашы продкі, згадваючы пра сваіх дзядоў, на Асяніны не плакалі, не гаравалі, а, наадварот, стваралі святочную атмасферу, збіралі смачныя стравы да стала, запрашалі дарагіх гасцей у дом і самі хадзілі ў госці.

Дарэчы, самым магічным складнікам свята была памінальная вячэра, якую праводзілі згодна з правіламі, што здаўна засцерагалі цэлы род ад бед і нягод. Пераняўшы вопыт былых пакаленняў, сёння мы можам таксама паспрабаваць засцерагчы сябе і сям’ю ад усяго нядобрага. Дастаткова згадаць пра некаторыя з сакральных рытуалаў. Напрыклад, што памінальны стол ставілі не ад чырвонага кута да парога, як звычайна, а ад другой бэлькі на столі хаты. На чале стала — месца гаспадара, а далей рассаджваліся ўсе па старшынстве. Першым за стол садзіўся самы старэйшы прадстаўнік роду. Мужчыны — з правага боку, жанчыны — з левага, жонкі — насупраць мужоў. Для дзяцей накрывалі асобна. Памінанне продкаў пачыналася са з’яўленнем на небе першай зоркі. Гаспадар запальваў свечку і перадаваў яе па крузе. Кожны павінен быў патрымаць яе ў руках, затым чыталі малітву «Ойча наш», пасля пералічвалі ўсіх памерлых да сёмага калена.

А пра каго ў час Асянін успамінаеце вы?

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter