У Міністэрстве інфармацыі расказалі аб тым, чаму абавязкова трэба наведаць Дзень беларускага пiсьменства ў Iванава

Час раскрыць кнігу

Дзень беларускага пісьменства мае добры турыстычны патэнцыял, які трэба яшчэ больш развіваць, — такую думку выказала начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава. Толькі на міжнародны «круглы стол» «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго» сёлета ў Іванава прыедуць пісьменнікі з трынаццаці краін, запрошана і шмат дыпламатаў. Усе яны і павінны стаць пасланцамі цікавых вестак для сваіх суайчыннікаў.

Алена ПАЎЛАВА
Свята пісьменства сёлета пройдзе па традыцыйным сцэнарыі, але тэмы мерапрыемстваў і ўдзельнікі будуць новыя. Вядома ж, у Год малой радзімы шмат размоў пойдзе менавіта вакол мілага сэрцу краю. Саюз пісьменнікаў Беларусі, напрыклад, рыхтуе літаратурна-мастацкую дзею «Бачу Беларусь такой…». Гэта працяг праекта фотааматара Уладзіслава Цыдзіка, «ажыўляць» які ў Іванаве будуць вядомыя паэты і спевакі: Мікола Мятліцкі, Навум Гальпяровіч, Алег Елісеенкаў, Алег Сямёнаў і іншыя. Дарэчы, сёлета дэлегацыя саюза будзе складацца ў асноўным з аўтараў, якія прысвячаюць сваю творчасць радзімазнаўству.

Юныя чытальнікі, якія трапілі ў фінал рэспубліканскага творчага конкурсу «Жывая класіка», таксама зробяць прысвячэнне роднаму краю. Сёлета ў гэтай акцыі прымала ўдзел больш за пятнаццаць тысяч школьнікаў з усіх рэгіёнаў краіны, але ў Іванава прыедуць толькі дванаццаць лепшых. Пераможцы атрымаюць пуцёўкі ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня».

У пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі ўзнагароды яшчэ больш значныя. Сёлета іх памер павялічыўся адразу ў некалькі разоў — да ста базавых велічынь (у намінацыі «Дэбют» — да пяцідзесяці). Усяго на конкурс пададзена каля шасцідзесяці заявак, але на разгляд журы трапілі не ўсе. Па традыцыі, больш за ўсё паэтычных твораў, шмат і дзіцячай літаратуры — у гэтых намінацыях сапраўды сур’ёзная канкурэнцыя. А вось літаратуразнаўцаў і драматургаў, як заўсёды, вельмі мала. Дарэчы, уручэнне прэміі адбудзецца падчас урачыстага адкрыцця XXV Дня беларускага пісьменства на галоўнай сцэне, устаноўленай у гарадскім парку Іванава. На працягу ўсяго дня там будзе гучаць родная мова, а ўвечары там жа перададуць эстафету свята Слоніму, дзе Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў наступным годзе.

Цікава, што сёлетняе свята расцягнецца далёка за межы горада Іванава. Той жа міжнародны «круглы стол» з удзелам замежных літаратараў пройдзе ў вёсцы Варацэвічы, дзе знаходзіцца раённы музейны комплекс імя Напалеона Орды. Таксама гасцей Дня пісьменства гасцінна запрашаюць у аграгарадок Моталь: там можна будзе не толькі паспрабаваць вядомыя мясцовыя прысмакі, але і атрымаць духоўную ежу, наведаўшы музей народнай творчасці, хату першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана і шмат іншых аб’ектаў. Гэтае свята сапраўды добрая нагода адкрыць для сябе яшчэ адзін куточак роднага краю, а потым пазнаёміць з ім сваіх сяброў, у тым ліку замежных.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter