Час прыбраць смецце

Звычайна прыводзіць у парадак свае падворкі, а таксама вуліцы гарадоў і месцы адпачынку мы пачынаем у красавіку, калі снег растаў і ўсё смецце, што сабралася за зіму, навідавоку. Аднак культура паводзін чалавека ад сезона не залежыць. У кагосьці і зімой агарод і двор акуратна прыбраны, а ў іншых пад вокнамі валяюцца пластыкавыя бутэлькі, кардон і іншае смецце, але яны і вухам не вядуць. І не дзіўна: прыбраць за сабой месца адпачынку каля прыгожага возера, якімі багата браслаўская зямля, яшчэ не стала нормай для многіх турыстаў. У якім стане Браслаўшчына сустракае вясну, мы вырашылі высветліць падчас прыродаахоўнага рэйду.

Раскрыць справу
пра забруджванне
Разам з начальнікам Браслаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксеем Чарнышовым едзем па любімым маршруце турыстаў — з Браслава да гары Маяк. Я пільна аглядаю ўзбочыны дарогі: дзе-нідзе можна ўбачыць выкінутыя пластмасавыя бутэлькі, але куч смецця не бачу.
— Некалькі гадоў таму я ехаў на старой машыне і мяне абагнаў шыкоўны джып, — распавядае субяседнік. — І раптам з яго на поўным хаду выкідваюць вялікі пакет са смеццем. Джып паляцеў далей — я нават не паспеў заўважыць нумар. Давялося спыніцца і прыбраць, нельга ж пакідаць такое пры дарозе.
Знайсці забруджвальніка і даказаць яго віну інспектару вельмі цяжка. Калі вінаваты не знойдзены, прадпісанне, а ў цяжкіх выпадках і штраф выпісваецца землекарыстальніку.
Прыазёрныя стаянкі
Збочваем да першай турыстычнай стаянкі нацыянальнага парку, дзе ўлетку — палатка на палатцы. Сёння на “Акменіцы” ціха і чыста, людзей няма, толькі воддаль на возеры постаці рыбакоў. Начальнік інспекцыі тлумачыць, што нацпарк замацаваў за кожнай сваёй стаянкай (а іх 28) чалавека, які наводзіць парадак. Улетку ён абходзіць яе штодзень, збірае смецце ў кантэйнеры. Тым часам пад’язджаем да гары Маяк па асфальце — яго паклалі напрыканцы восені, і цяпер турыстам не прый-дзецца глытаць пыл па дарозе да пляцоўкі агляду. Здаецца, журналісту сёння “не шанцуе” — парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства не бачна. Але на турыстычнай стаянцы “Юбілейная” бачым невялікі непарадак — нехта кінуў упакоўку з-пад бытавой тэхнікі і некалькі пустых пластыкавых бутэлек каля самага кантэйнера. Хіба цяжка было зрабіць крок і прыстойна выкінуць смецце? Побач на стаянцы валяюцца некалькі пачкаў з-пад цыгарэт. І кантэйнер сярод лесу стаіць, але ўсё роўна дрэнная звычка не выводзіцца.
— Сёння ж выпішу прадпісанне, каб стаянка была прыбрана. Звычайна тэрмін для такой работы — адзін дзень, таму паслязаўтра можам прыехаць і праверыць зноў, — каменціруе начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Адпачынак пры дарозе
Пасля гары Маяк мы вырашылі наведаць месцы прыдарожнага адпачынку, бо ў Год роднай зямлі іх абсталяванню будзе нададзена асаблівая ўвага. Перш за ўсё паехалі на аб’ект прыдарожнага сэрвісу ў відзаўскім напрамку, непадалёк ад вальераў нацыянальнага парку. На высокім беразе возера побач з аўтазапраўкай амаль скончана будаўніцтва прыгожай камяніцы. Аднак усё захапленне сапсаваў неахайны сметнік, перапоўнены будаўнічымі адыходамі.
— Уладальнік зямлі павінен заключыць дагавор з ЖКГ на своечасовы вываз смецця, калі не можа гэта рабіць сваімі сіламі, — патлумачыў субяседнік. — У гэтым канкрэтным выпадку прадпісаннем мы не абмяжуемся, магчыма, давядзецца несці адміністрацыйнае пакаранне і заплаціць штраф.
Падрыхтоўка да летняга сезона
У Браславе, як і ў многіх іншых заходнебеларускіх гарадках, людзі неабыякава ставяцца да свайго падворка. “Вясной мы арганізоўваем падворны абход, каб нагадаць людзям пра неабходнасць прыбраць смецце, выкінуць непатрэбныя будаўнічыя матэрыялы”, — расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы Браслаўскага райвыканкама Ірына Мацук.
У размове з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя я выказала думку, што пры ўмове добрага надвор’я лета будзе для Браслаўшчыны вельмі паспяховым, прыедзе шмат турыстаў. Аляксей Якаўлевіч пагадзіўся, але з сумам адзначыў, што для яго службы лета — самая цяжкая пара, бо даводзіцца з ранку да вечара абараняць прыроду ад забруджвання. У мінулым годзе за парушэнні заканадаўства аб адыходах у раёне было складзена 74 пратаколы, або 20,5 працэнта ад агульнай колькасці, накладзена 66 штрафаў. “Як вядома, у некаторых нашых азёрах захаваліся малюскі ледавіковага перыяду, што сведчыць пра вельмі добрую якасць і чысціню вады, — распавядае субяседнік. — Я жыву на Браслаўшчыне з 1973 года і вельмі б хацеў, каб гэты унікальны куток Беларусі застаўся некранутым як мага далей. Адміністрацыйнымі мерамі, пакараннямі мы толькі запавольваем гэты працэс, бо праблема — у культуры і сумленнасці кожнага чалавека”. Здаецца, у поўнай меры гэта адносіцца да малой радзімы кожнага беларуса. Пачынаем з сябе?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter