В этом году католики начинают подготовку к празднованию Рождества 28 ноября

Час падрыхтоўкі

У гэтым годзе католікі распачынаюць падрыхтоўку да свята Раства (Божага Нараджэння) 28 лістапада. Паколькі ў Беларусі католікі і праваслаўныя карыстаюцца розным календаром, гэта свята ў нашай краіне адзначаюць двойчы. Вернікі гэтых канфесій дапамагаюць адзін аднаму падрыхтавацца да значнага свята.

У заходніх хрысціян перыяд падрыхтоўкі да Каляд называецца Адвэнт. Гэта слова мае лацінскае паходжанне і раней азначала першае ўрачыстае прыбыццё высокапастаўленага чыноўніка ў Рымскай імперыі на пасаду, на якую яго нядаўна прызначылі.

У Адвэнце вернікі выражаюць сваю тугу па Хрысце. Згодна з хрысціянскімі перакананнямі Хрыстос існуе вечна, а крыху больш за дзве тысячы гадоў таму нарадзіўся ў чалавечым целе. Паводзіны вернікаў у Адвэнце выражаюць іх надзею на тое, што Месія знойдзе сабе месца ў іх сэрцы і што яны сустрэнуцца з Хрыстом напрыканцы часоў.

Масавая культура вельмі любіць прадстаўляць людзям сюжэт таго, як будуць выглядаць апошнія дні чалавецтва. У кіно ці кнігах часцей за ўсё гэта штосьці вельмі страшнае, напоўненае катаклізмамі, болем і жахам. Секты спекулююць тэмай канца свету, каб здабываць сабе адэптаў. Насамрэч сустрэча з Богам тады, калі мы да яе падрыхтаваны, — гэта радасны момант.

У Адвэнце мы рыхтуем сябе да таго, каб Бог быў адначасова нашым Сябрам і Валадаром. Робім мы гэта, абмяжоўвачы сябе ў тым, што аддаляе ад Бога і лю­дзей, і выбіраючы тое, што спрыяе салідарнасці з іншымі, асабліва беднымі, пакрыўджанымі жыццём.

Няхай у Адвэнце мы больш часу прысвецім малітве, посту, дабрачыннасці і змаганням з нашым слабасцямі! Тады сапраўды можна будзе сказаць, што мы падрыхтаваліся да Раства і гатовыя стаць перад Богам, калі прыйдзе наш час закончыць вандроўку на гэтай зямлі.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter