Юзары: наш нумар з выгляду вельмі просты, але пры гэтым вельмі эмацыянальны

Час на сцэну

Як напісаў Юзары ў сваім анлайн-дзённіку, наш нумар з выгляду вельмі просты, але пры гэтым вельмі эмацыянальны
Сёння вечарам адбудзецца першы паўфінал міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2015». Пад нумарам 11 на сцэне «Вінер Штатхале» выступяць прадстаўнікі нашай краіны — спявак Юзары і скрыпачка Маймуна. Дуэт выканае кампазіцыю Time («Час»).



Як напісаў Юзары ў сваім анлайн-дзённіку, які ён вядзе на сайце Белтэлерадыёкампаніі, наш нумар з выгляду вельмі просты, але пры гэтым вельмі эмацыянальны, хаця ў час выступлення не будзе ні дзікіх танцаў, ні відовішчных спецэфектаў. Толькі Юзары, Маймуна і скрыпка.

Ад першапачатковай ідэі, увасобленай у кліпе на песню Time, артысты адмовіліся і змянілі канцэпцыю свайго конкурснага выступлення. Знятая ў ім казачная гісторыя не атрымае працягу на сцэне. І тут перад ад`ездам, і ў Вене на сваёй прэс-канферэнцыі Юзары і Маймуна расказвалі пра тое, што прысвячаюць сваю песню людзям, якія змагаюцца з анкалагічнымі захворваннямі. Такое рашэнне яны прынялі пасля знаёмства з Эндзі Таранікам, маладым чалавекам, які здолеў перамагчы рак. Эндзі — вялікі прыхільнік «Еўрабачання». Дарэчы, менавіта яму Юзары падарыў свае знакамітыя эльфійскія вушкі з кліпа, тыя самыя, якія гледачам запомніліся яшчэ ў 2012 годзе, калі спявак выступаў у нацыянальным адборы на «Еўрабачанне». 

Словам, працягу «эльфійскай гісторыі» не будзе. Кампазіцыя «Час» нясе цяпер іншыя сэнсы і закранае сур`ёзныя праблемы. Музыку да конкурснай песні напісаў сам Юзары. Ідэю сумясціць у ёй сlassical сrossover і поп-рок прапанавала Маймуна. Спецыяльна да «Еўрабачання» яна набыла новую электронную скрыпку вядомай амерыканскай фірмы, зробленую па індывідуальнай замове выканаўцы.

Бэк-вакалістамі ў Юзары і Маймуны будуць трое спевакоў, якія выступалі з Тэа на «Еўрабачанні-2014». Пастаноўкай конкурснага нумара займалася вядомы харэограф і прадзюсар Вольга Шамрова, якая ўжо шмат гадоў працуе з шэрагам нашых эстрадных артыстаў. Дарэчы, яна рыхтавала да выступлення і пераможцу дзіцячага «Еўрабачання-2005» Ксенію Сітнік. У падрыхтоўцы дуэта задзейнічана інтэрнацыянальная каманда спецыялістаў, у тым ліку вядомы педагог па вакале — спявак, кампазітар і прадзюсар Алекс Панаі, чые ўрокі ў свой час наведвалі ўдзельнікі конкурсу розных гадоў. Касцюмы для выканаўцаў стварыла мадэльер Вольга Бухал. На сцэну Маймуна выйдзе ў элегантнай белай у падлогу сукенцы, Юзары — у цёмна-шэрым пінжаку, чорных джынсах і майцы.

Сапернікамі нашых канкурсантаў за выхад у фінал стануць прадстаўнікі Грэцыі, Македоніі, Эстоніі, Нідэрландаў, Малдовы, Фінляндыі, Бельгіі, Арменіі, Сербіі, Даніі, Румыніі, Расіі, Албаніі, Грузіі і Венгрыі. Галасаваць мы зможам за любога з гэтых выканаўцаў, акрамя прадстаўнікоў сваёй краіны. 

У паўфіналах будуць галасаваць і гледачы краін «вялікай пяцёркі», чые канкурсанты традыцыйна аўтаматычна трапляюць у фінал «Еўрабачання». Іспанія, Францыя і арганізатар конкурсу гэтага года Аўстрыя галасуюць разам з намі ў першым паўфінале. Германія, Італія і Вялікабрытанія — у другім.

Прамую трансляцыю конкурсу з Вены будуць сёння ўвечары весці тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 24».

ДАРЭЧЫ

Букмекеры ўжо называюць лідарамі міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2015» Швецыю, Італію і Аўстралію. У пяцёрку трапляюць Эстонія і Фінляндыя. У першай дзясятцы таксама Расія, Нарвегія, Азербайджан, Славенія, Ісландыя.

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter