Час “глядзець сярпы на лета”

”Сямён з Ганнай збрую рамантуюць” — так казалі пра гэтыя дні ў народзе, таму што прыходзіў час ладзіць сельскагаспадарчы рыштунак (сярпы, косы), а таксама конскую вупраж.

* Серп. Серп, як і каса, звязаны з сімволікай поля і жніва, меў двайное палярнае значэнне. З аднаго боку, серп быў прызначаны для таго, каб зразаць каласы, і таму сімвалізаваў смерць. У народнай культуры смерць часам атаясамлівалася з вобразам Бязлітаснай Жнейкі з сярпом у руцэ. З другога боку, серп сімвалізаваў багаты ўраджай, дабрабыт, пладаноснасць. Таму ён часта быў асноўным атрыбутам старажытных багоў земляробства і ўрадлівасці. Прыкмячалі, калі серп выпадкова падаў з рук, чакалі вялікага ўраджаю. А яшчэ казалі так: “Пакуль сярпом не парэжашся — жаць не навучышся”.
Дзякуючы яго выгнутай форме вельмі часта серп параўноўвалі з “сярпом” Месяца.
* 21 лютага абавязкова вымалі сярпы, якія былі заткнуты ў пераборку сяней, і аглядалі іх. Калі яны затупіліся, неслі да каваля: “На Захарыя-серпавідца глядзі сярпы на лета”, “Не ў той час сярпы точаць, калі на жніво ідуць”.
* Акрамя таго, сярпы пырскалі хрышчэнскай вадой і казалі: “Не абрэжаш у свой час крывога сярпа — не адолееш у полі снапа”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter