Фестиваль «Беларуская музычная восень» посвятили четырем юбилеям

Чароўны свет

Фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень» праходзіць у Белдзяржфілармоніі ўжо ў 46 раз. У сілу вядомых прычын сёлета ён не такі грандыёзны, як звычайна. Тым не менш форум абяцае стаць адной з самых знакавых музычных падзей года.

Чарговы сезон «Беларускай музычнай восені» прысвяцілі юбілеям чатырох вялікіх кампазітараў: 335-годдзю непараўнальнага І. С. Баха, 250-годдзю вялікага наватара Л. ван Бетховена, 210-годдзю кампазітара-рамантыка Ф. Шапэна і 180-годдзю самага вядомага расійскага кампазітара П. Чайкоўскага, паведамляе аддзел інфармацыі і сувязей з грамадскасцю Белдзярж­філармоніі. Усяго запланавана дзевяць канцэртаў.

Адкрыццё фестывалю — «Да 250-годдзя з дня нараджэння Л. ван Бетховена» — адбылося ў сераду, 11 лістапада. Наступны канцэрт пройдзе заўтра. У праграме «Чароўны свет барока» прагучыць музыка А. Карэлі, А. Вівальдзі, Г. Ф. Тэлемана і І. С. Баха. 19 лістапада запланаваны адразу два канцэрты. У Вялікай зале Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр прэзентуе праграму «Ад усёй душы», у якую ўвойдуць творы знакамітых савецкіх кампазітараў. А ў Малой зале імя Р. Шырмы пройдзе вечар «Паэзіі Срэбнага стагоддзя». Творы Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і іншых прачытае Алег Вінярскі.

Два канцэрты чакаюць слухачоў і 24 лістапада. У першым у гэтым сезоне арганным канцэрце «Прысвячэнне» да 335-годдзя з дня нараджэння І. С. Баха прымуць удзел найлепшыя беларускія арганісты: народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў, Вольга Падгайская, Кацярына Нікалаева, Лізавета Марозава, Калініка Мядзведзева. А ў канцэрце «Двух геніяў абрыс» музыку Л. ван Бетховена і Дз. Шастаковіча выканаюць Вадзім Мазо (скрыпка) і заслужаны артыст Беларусі Юрый Гільдзюк (фартэпіяна).

У чацвер, 26 лістапада, будзем святкаваць 180-годдзе П. Чайкоўскага. Рамансы кампазітара выканаюць вядомыя беларускія артысты. У гэты ж вечар адбудзецца канцэрт «Узнесенае і зямное», у якім возьме ўдзел Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. Урачыстае закрыццё фестывалю і канцэрт «Да 210-годдзя з дня нараджэння Ф. Шапэна» запланаваны на 28 лістапада. Арганізатары 46-й «Беларускай музычнай восені» спадзяюцца, што багатая і шчырая праграма фестывалю не пакіне ніводнага слухача абыякавым.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter