Новы беларускі тэатр з удзелам дзяцей-аўтыстаў прадставіць праз тыдзень сваю першую прэм’еру

Чароўная флейта мастацтва

Новы беларускі тэатр з удзелам дзяцей-аўтыстаў прадставіць праз тыдзень сваю першую прэм’еру.

У наступную пятніцу ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца досыць незвычайная дзея. Разам з прафесійнымі артыстамі на сцэну выйдуць дзеці з аўтызмам — досыць распаўсюджанай у ХХІ стагоддзі хваробай, выкліканай парушэннем развіцця галаўнога мозгу.


Для нашай краіны гэта па-сапраўднаму сенсацыйная падзея. У той час калі на Захадзе ўжо даўно ніхто не праводзіць межаў паміж звычайным дзіцём і асаблівым, у Беларусі, на жаль, да сёння дзеці з аўтызмам у асноўным вучацца ў спецыяльных школах-інтэрнатах або знаходзяцца на надомным навучанні, застаючыся са сваёй праблемай сам-насам ці з адданымі роднымі, якія прысвячаюць ім сваё жыццё, не пакідаючы ні хвіліны для сябе.

Праект Міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” і кампаніі velcom — “Сямейны інклюзіў-тэатр “і”, дзе разам з прафесійнымі акцёрамі будуць іграць дзеці з аўтызмам. Адна з галоўных мэт — распаўсюдзіць сярод беларусаў прынцыпы інклюзіўнага грамадства, у якім асаблівыя дзеці могуць рэалізаваць свой творчы патэнцыял нароўні са звычайнымі. Праект прадэманструе, што сярод асаблівых дзяцей ёсць сапраўдныя таленты, здольныя ствараць цікавыя дэкарацыі і касцюмы, па-майстэрску іграць на музычных інструментах, годна выступаць на сцэне, а значыць, і яны маюць права рабіць гэта на роўных з іншымі. Творчую ініцыятыву падтрымалі прафесійныя беларускія і замежныя артысты, драматургі, мадэльеры і музыканты.

Прэм’ернай пастаноўкай тэатра стане беларускамоўны мюзікл “Флейта-чарадзейка”. Спектакль раскажа пра прыгоды двух дзяцей, якія прыехалі да дзядзькі ў вёску і апынуліся ў казачным сусвеце, дзе ім прыйдзецца адшукаць чароўную флейту і з яе дапамагай выратаваць лес, аднавіць натуральны цыкл прыроды.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter