Чароўнае пустазелле

Васілёк. У паданнях распавядаецца, як русалка ператварыла прыгожага сялянскага юнака ў гэту кветку: “Жыў у адным мястэчку малады юнак. Быў ён земляробам і звалі яго Васілёк. Яго валасы былі колеру спелай пшаніцы, а вочы — колеру неба. Прыгожы, высокі, з дужымі рукамі, з чыстай душой і светлымі думкамі. Васілёк часта хадзіў да ракі, дзе яго і заўважыла русалка, жыхарка чорнага віра. Употай назірала яна за ім. Прайшоў час, і русалка з’явілася яму ў сваёй незямной прыгажосці. Яны пакахалі адзін аднаго, і стала русалка клікаць Васілька ў сваё халоднае жытло, але ён адмаўляўся. Васілёк запрасіў яе да сябе, да сваіх бацькоў, але і яна адмовілася. Русалка зразумела, што яны не будуць разам і што ёй трэба развітацца з каханым Васільком. Але не здолела і ператварыла яго ў лугавую кветку колеру яго вачэй. Доўгі час шукалі людзі Васілька, прыйшлі на яго пшанічнае поле і ўбачылі там прыгожую сінюю кветку. З таго часу радуе яна тых, хто ідзе праз палі. Але больш за ўсё любяць гэту кветку русалкі, што жывуць не так далёка — у чорным віры”.
*У народзе васілёк звалі “немаўля”-травой — васілёк абавязкова клалі ў ваду пры купанні нованароджаных дзяцей.
*Лічылі, што настой васілька павялічвае колькасць малака ў маці.
*Гаючы настой з сініх кветак раілі ўжываць таксама тым, хто пакутуе ад захворванняў лёгкіх, ад насмарку і галаўнога болю.
Народныя лекары раілі называць імя хворага чалавека ў той час, калі вы збіраеце васількі. У такім выпадку ён хутчэй атрымае палёгку.
*“На Васіліска (4 чэрвеня) не ары і не сей, а то народзяцца васількі”. У народзе не забывалі, што васілёк — хоць і прыгожая кветка, але ўсё-такі пустазелле.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter