Чаму традыцыйны беларускі абутак любяць сучасныя закаханыя?

Здаецца, такі прадмет, як лапці, зусім знік з нашых краёў...

Не так даўно на адным з украінскіх сайтаў з’явіўся артыкул, прысвечаны побыту сучаснай Беларусі. Вельмі хутка яго надрукавалі некаторыя беларускія інтэрнэт-рэсурсы. Аднак многіх чытачоў абурыла недакладнасць інфармацыі. Напрыклад, ці варта давяраць такому назіранню: “У дачыненні да адзення строгіх нормаў няма — беларусы з задавальненнем носяць як звычайнае паўсядзённае адзенне еўрапейскага фасону, так і нацыянальныя ўборы”. Верагоднасць сустрэць у сучасным офісе або ў транспарце нават невялікага горада нашай краіны чалавека ў традыцыйным адзенні вельмі малая, хоць яна і існуе. А як быць з абуткам? Здаецца, такі прадмет, як лапці, зусім знік з нашых краёў. Можна ставіцца да лапцей па-рознаму: імкнуцца як мага хутчэй пазбавіцца ад гэтага “вясковага” ўспаміну пра “лапатную бядняцкую Беларусь” або зрабіць цікавым сувенірам і брэндам. Мы вырашылі ўзнавіць на старонках “Народнай газеты” своеасаблівыя падарожжы ў часе і даследаванні на аснове цікавых фотаздымкаў з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. І сёння давайце разам прыгледзімся да гэтай маладой пары, сфатаграфаванай на традыцыйным палескім вяселлі. У прыгожым традыцыйным адзенні і... лапцях.

Лыкам шыты

Ці з’яўляюцца лапці нашым традыцыйным абуткам? Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянціна Бялявіна лічыць, што дакладна высветліць, калі ў Беларусі пачалі насіць лапці, немагчыма. Археолагі не знайшлі іх таму, што матэрыял, з якога іх плялі, не захоўваецца доўгі час. Але відавочна, што карысталіся імі спрадвеку. Першапачаткова лапці абувалі на любы жыццёвы выпадак: і ўзімку, і летам. У мясцовасцях, дзе не было лыка, замест яго выкарыстоўвалі скуру хатняй жывёлы і такі абутак называлі “пасталы”. Таксама рабілі і камбінаваны абутак з драўлянымі падэшвамі і палоскамі скуры наверсе. На захадзе Беларусі адчуваўся ўплыў Заходняй Еўропы, таму не здзіўляйцеся: увосень тут апраналі на гразь “дзеравянікі” — цалкам драўляныя чаравікі.

Існавала некалькі тыпаў лапцей. “Глухімі” называлі лапці прамога пляцення, “пахлапні” — лапці касога пляцення з тонкіх ліпавых лыкаў. “Глухія” лапці былі найбольш распаўсюджаны на Магілёўшчыне і Віцебшчыне. На Палессі плялі лапці з “вокам”, праз якое праглядвала ануча на пальцах, нібыта ў сучасных басаножках. “Пахлапні” насілі ў святочныя дні, яны больш характэрныя для памежжа з Расіяй. Зімовы варыянт лапцей прынята было насіць з суконнымі анучамі, летні — з палатнянымі. Улетку часам выраблялі “аблегчаны” варыянт лапцей — “шчарбачні”, што ўяўлялі сабой падэшву з лыка і петлі, у якія прадзяваліся аборы. Па-рознаму “забарсвалі” і аборы ў розных мясцовасцях. На Палессі жанчыны часам закручвалі аборы так шчыльна, што анучы былі амаль схаваныя пад імі. На Віцебшчыне і Магілёўшчыне аборы “забарсвалі” крыж-накрыж. Як бачым, лапці можна было падабраць на любы густ і любое надвор’е.

Зараз модніцы мяняюць абутак кожны сезон. Які быў тэрмін службы ў лапцей? Звычайна каля двух тыдняў. Нярэдка, выпраўляючыся ў далёкі шлях, сяляне бралі з сабой пару ў запас.

“Лапатная” Беларусь — міф?

У канцы XIX стагоддзя пачынаюць актыўна выкарыстоўвацца боты і чаравікі, аднак для асноўнай масы сялян яны былі недаступнымі. Але ў царкву або на свята многія даставалі з куфра і апраналі “парадны” абутак. У ХХ стагоддзі сітуацыя пачала мяняцца, дастатак узрос, а з ім і патрэбы людзей. У 1920—1930-я гады амаль у кожнай вёсцы з’яўляецца свой абутнік. Дзяўчыне было сорамна апранаць лапці на рынак або на вячоркі, замест гэтага насілі туфлі або чаравікі. Распаўсюджанасць лапцей змяншаецца, у асноўным іх выкарыстоўваюць для сялянскай працы на забалочаных землях: так зручней пасвіць кароў або нарыхтоўваць сена на балацявінах. Лапці — вельмі экалагічны від абутку. Праз іх легка праходзіла вада, лыка высыхала і нага не паспявала ўзапрэць, як у гумовых ботах.

У 1940—1950-я гады, няпросты пасляваенны час, лапці ізноў пачалі выкарыстоўваць больш актыўна, бо насельніцтва збяднела. Аднак на вяселле нярэдка пазычалі боты ў суседзяў. Другая справа, калі вёска была спалена ў вайну і не было ў каго і пазычыць. Лакальна ў некаторых вёсках з-за недахопу абутку нават рабілі бахілы з аўтамабільных пакрышак! На Палессі старажытныя традыцыі захоўваліся даўжэй, у пачатку 1960-х гадоў людзі сталага веку працягвалі выкарыстоўваць лапці ў паўсядзённым жыцці. Але Беларусь ужо даўно не была “лапатнай” бяднячкай, як імкнуліся яе прадставіць некаторыя.

Сувенір і абярэг

Ці плятуць лапці ў Беларусі сёння? Справа гэтая вельмі складаная. Калі этнографы ў экспедыцыях прасілі старых людзей паказаць, як вырабляюць лапці, тыя ўжо не маглі давесці справу да канца. Таму традыцыйныя лыкавыя лапці — элемент нацыянальнага касцюма, які знік. Аднак лапці зараз атрымалі другое нараджэнне як сувенір. Некалькі майстроў авалодалі ўменнем плесці лапці з саломкі. Як расказала майстар саломапляцення, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Алена Шабуня, асабіста яна сапсавала не менш за 100 пар лапцікаў, калі вучылася вырабляць іх з саломкі. Толькі на першы погляд гэта проста, а на самай справе акуратныя лапці — сапраўдны твор мастацтва. Мы пацікавіліся іх коштам у мастацтвазнаўцы, дырэктара галерэі “Славутыя майстры” Алены Спірыдонавай. Аказалася, зараз у продажы можна знайсці толькі лапці з Украіны, якія каштуюць каля 98 тысяч рублёў. Звычайна ж маленькія беларускія сувенірныя лапці можна набыць за 23—25 тысяч рублёў.

Ці можа лапаць стаць своеасаблівым беларускім брэндам і сувенірам? На думку Валянціны Бялявінай, такая задума мае права на існаванне, аднак не асобна “лапці”, а ўсе элементы беларускага нацыянальнага адзення. Кожная частка традыцыйнага касцюма, напрыклад, кашуля і пояс, лічылася своеасаблівым абярэгам. З лапцямі ў беларусаў было звязана мноства забабонаў. Як расказвае фалькларыст доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна, лапаць у традыцыйным жыцці надзяляўся глыбокім і разнастайным міфалагічным сэнсам. Найперш лапаць увасабляў дарогу, перамяшчэнне. Прычым не зусім звычайнае, а паміж гэтым і іншым светам.  Лапцем у народнай медыцыне лячылі дзіця ад пярэпалаху: для гэтага падкурвалі абутак — клалі на патэльню, каб дыміўся.

Самае цікавае тое, што лапаць таксама актыўна задзейнічаны ў кантэкстах са шлюбнай скіраванасцю. Вядомая варажба, калі лапаць кідалі праз страху або плот: у які бок упадзе наском абутак, туды дзяўчына і пойдзе замуж. Калі адзін з лапцей развяжацца, значыць, нехта цябе ўспамінае. На вяселлі маладая аддавала свае лапці дзяўчатам, каб яны хутчэй пайшлі замуж. Існаваў і мясцовы палескі звычай: хлопец з прыгожымі лапцямі ішоў у сваты, адкрываў дзверы і шпурляў іх у дом, кажучы: “Шурум-бурум, лапці ў хату!”. Калі дзяўчына прымала прапанову, то выказвала згоду ўзяць лапці, калі не — выкідала з хаты.

Майстар Алена Шабуня расказала, што гэтая традыцыя мае своеасаблівае пераасэнсаванне і ў сучасным жыцці. Сувенірныя лапці — вельмі папулярны падарунак хлопца каханай дзяўчыне. Гэта сімвал непарушнай сувязі пары: куды адзін лапаць, туды і другі. Таксама лапці могуць быць прыгожым падарункам на вяселле разам з традыцыйнымі надзяленнямі ў грашовым эквіваленце. “Мой сын падарыў невялікія сувенірныя лапці сябру на вяселле, — прыгадвае выпадак майстар. — Падарунак павесілі ў новым доме маладых і, як кажа сябар сына, ён увесь час нагадвае ім шчаслівыя моманты вяселля і неабходнасць трымацца адзін аднаго, як лапці, і жыць у пары ўсё жыццё”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter