Чаму на памінальны стол абавязкова падавалі кісель?

Кісель — традыцыйная страва ўсходніх славян, якую гатавалі як у паўсядзённым жыцці, так і ў святочныя дні, у тым ліку і тады, калі ўшаноўвалі сваіх продкаў.

Кісель — традыцыйная страва ўсходніх славян, якую гатавалі як у паўсядзённым жыцці, так і ў святочныя дні, у тым ліку і тады, калі ўшаноўвалі сваіх продкаў.

Яго гатавалі з запаранай мукі, пазней крухмалу, з дабаўленнем соку або сушаных ягад. Некаторыя гаспадыні варылі кісель такім густым, што яго можна было рэзаць нажом.
Разам з іншымі абрадавымі стравамі кісель падавалі і на жалобны стол як адну з самых сімвалічных. У адных выпадках памінальная трапеза ім пачыналася, а ў другіх, наадварот, заканчвалася. Варылі яго і ў дні ўшанавання продкаў на працягу года, у так званыя “радзіцельскія” суботы: перад Масленіцай, Тройцай, на Дзмітрыеўскую суботу і г.д., а таксама на Радаўніцу.
Прыгатаванне кісялю было прымеркавана і да шэрагу святочных дзён. Напрыклад, яго варылі напярэдадні Раства Хрыстова, каб “задобрыць” мароз. Страву ставілі на акно, выносілі на веснічкі або вылівалі ў агародзе, пры гэтым прыгаворвалі: “Мароз, мароз! Хадзі куццю (кісель) есці! Каб ты не марозіў ячмяню, пшаніцы, гароху, чачавіцы, проса, грэчкі і ўсяго, што мне Бог судзіць пасеяць!”
Беларусы варылі кісель на Узнясенне, а таксама на святога Юр’я. У народзе верылі, што разам з парам да Нябёсаў узнясуцца самыя патаемныя думкі і пажаданні людзей. Цікава і тое, што ў дзень пачатку і заканчэння збору ячменю абавязкова варылі аўсяны кісель. Кісялём частавалі дамавіка. Напрыклад, на Уласа (24 лютага) апоўначы для яго ставілі кісель і казалі: “Ідзі, ідзі, кісялю адведай!”
Усе прыведзеныя прыклады наводзяць на думку аб тым, што ці сам кісель, ці пара ад яго была няўлоўным пасрэднікам паміж жывымі і душамі продкаў, а магчыма, нават і далёкімі прашчурамі, першапродкамі чалавечага роду. Зразумела, што пераважная прымеркаванасць кісялю да абрадаў ушанавання продкаў ставіла яго па-за кантэкстам перш за ўсё радзіннай абраднасці. Лічылася, што кісель прынясе жывому чалавеку — імянінніку — непрыемнасці, беды, нястачы. У некаторых рэгіёнах да гэтага ставіліся даволі жорстка: лічылі, што гэта можа прывесці нават да смерці нованароджанага.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter