Чаму форум не талака?

Увосень шмат падзей, грамадскае жыццё віруе: у тэатрах — новыя сезоны, у навучальных установах заняткі... Кожны дзень мы чуем пра новы фэст, з’езд або саміт. А па-іншаму і быць не можа. Трэба дзяліцца творчасцю і вопытам дзеля ўсеагульнага развіцця. Нам жа важна падзяліцца моўнымі ведамі. Нагадаць, у прыватнасці, чым адрозніваецца фэст ад саміту, а форум ад талакі. Увогуле ж, слоў, якія абазначаюць рознага роду падзеі, у беларускай мове шмат — як спрадвечнабеларускіх, так і запазычаных. Натуральна, што першыя абазначаюць паняцці, звязаныя з традыцыямі і даўнім укладам жыцця нашых продкаў.
Фэст – гэта прыгожаУвосень шмат падзей, грамадскае жыццё віруе: у тэатрах — новыя сезоны, у навучальных установах заняткі... Кожны дзень мы чуем пра новы фэст, з’езд або саміт. А па-іншаму і быць не можа. Трэба дзяліцца творчасцю і вопытам дзеля ўсеагульнага развіцця.
Нам жа важна падзяліцца моўнымі ведамі. Нагадаць, у прыватнасці, чым адрозніваецца фэст ад саміту, а форум ад талакі. Увогуле ж, слоў, якія абазначаюць рознага роду падзеі, у беларускай мове шмат — як спрадвечнабеларускіх, так і запазычаных. Натуральна, што першыя абазначаюць паняцці, звязаныя з традыцыямі і даўнім укладам жыцця нашых продкаў.
Беларусы любяць працаваць талакою, з песнямі, жартамі. Так атрымліваецца хутчэй і больш цікава, ды і сяброўства, сям’я ўмацоўваюцца. Узаемадапамога — адна з нашых вызначальных рыс. Дарэчы, не толькі сумесная праца, але і група такіх дружных работнікаў па-беларуску — талака. А яшчэ ў Кузьмы Чорнага чытаем жартаўлівае: “Над зялёнаю лукою/ Ходзяць мухі талакою…”
Талакою і працуюць, і гуляюць. Як, дарэчы, і грамадою. У Івана Навуменкі знаходзім: “З клуба студэнты выходзілі разам. Яны ішлі ўпоперак усёй вуліцы талакой і пелі знаёмую студэнцкую песню”. А ў Змітрака Бядулі — так: “Настаўніца гуляе ў лесе з вясёлай грамадой школьнікаў”.
Дарэчы, у беларускай мове ёсць яшчэ адно слова, якім абазначаюць як сходку для работы, так і для сумеснага адпачынку. Гэта назоўнік зборышча. Аднак ён не заўсёды мае пазітыўны сэнс.
Успомнілі зборышча — прыгадаем і збор. Збор — гэта ‘сход членаў пэўнай арганізацыі, калектыву’, а ў множным ліку — зборы —‘кароткачасовае знаходжанне ваеннаабавязаных на вайсковай службе для абучэння і кароткачасовае знаходжанне дзе-небудзь з мэтай трэніроўкі’.
Цікава і карысна сабрацца і папрацаваць або адпачыць у добрай кампаніі — і талакою, і грамадою, і на зборах.
Згаданыя вышэй паняцці і словы — спрадвечнабеларускія. Аднак хочацца часам наведаць фестываль, форум. Словы фэст, фестываль, форум, імпрэза, саміт праніклі ў беларускую мову з іншых. І яны асацыіруюцца з нечым больш афіцыйным, чым збор ці талака.
Слова фэст прыйшло з лацінскай мовы праз польскую і абазначае найперш царкоўнае прастольнае свята, часцей каталіцкае, а таксама наогул свята з кірмашамі і гуляннем. Восень, дарэчы, асабліва багатая на фэсты-кірмашы.
Адметнасць фестывалю ў тым, што гэта грамадская ўрачыстасць, масавае свята з паказам найлепшых твораў музычнага, тэатральнага, цыркавога або іншага віду мастацтва.
Па-рознаму ставяцца да слова імпрэза носьбіты беларускай мовы: хтосьці ігнаруе яго і не лічыць сваім, а многія, наадварот, не бачаць яму альтэрнатывы. Назоўнік імпрэза — запазычанне з польскай мовы. Аднак яно ўжо настолькі часта ўжываецца, што займела поўнае права знаходзіцца ў адным сінанімічным радзе з назоўнікам мерапрыемства як поўны яго адпаведнік.
Калі гаворка ідзе пра шырокі, прадстаўнічы з’езд, то акрэсліць яго можна словам форум. Прычым форумы могуць прысвячацца як дзейнасці моладзі, так і эканамічным, палітычным пытанням. А вось што да саміту, то гэта ўжо сустрэча або нарада адмыслова кіраўнікоў дзяржаў, дыпламатыя на вышэйшым узроўні.

Падрыхтавала Вераніка Бандаровіч
На здымку:
Фэст – гэта прыгожа
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter