Чаму б нам не спець!

Прывітанне, шаноўныя!Спяшаемся запрасіць вас на прыпеўкі. Кідайце свае справы. Хопіць клапаціцца, час і адпачыць! А які ж адпачынак без песні? Упэўнена, вы і самі гэта ведаеце. Тады дасылайце нам у рэдакцыю свае прыпеўкі і стварайце сабе і чытачам “НГ” добры суботні настрой. Радуе, што новая аб’яўленая тэма “У вёсцы хораша жывецца” не пакінула вас раўнадушнымі. Першыя лісты “на тэму” мы ўжо атрымалі. Не абмінаеце вы ўвагай і вечную тэму — узаемаадносіны мужчыны і жанчыны. З нецярпеннем чакаем яшчэ. Конкурс на самую лепшую прыпеўку і самага актыўнага аўтара працягваецца!А сёння прапануем вам творчасць прыпевачніц Дзяржынскага раёна.

Ала НЯДВЕДСКАЯ, в. Курганне

У санаторыі была,
Ой, як я намаялась!
Восем коечак зламала
І дамоў адправілась.

Ты, салома яравая,
Немалочаны авёс!
А майго мілёнка коршун
Замест курыцы ўнёс.

У мяне на сарафане
Розныя ўзорыкі,
І мяне за гэта любяць
Нашы алкаголікі!

Як набраўся мой п’янтос,
Мне хацеў расквасіць нос.
А я не разгубілася!
Патэльняю адбілася!

Наталля РЭДЗЬКО, в. Скірмантава

Дзе мы з міленькім стаялі,
Быў вясёлы ўгалок.
А цяпер на гэта месца
Бусел жабу прывалок.

Кавалер мой, кавалер!
Каб ты праваліўся.
Тры нядзелі прахадзіў,
Так і не жаніўся.

Пастарайцеся, дзяўчаты,
Усе канавы засыпаць.
Бо такія цяпер хлопцы,
Што з канавы не відаць.

Тамара САКАЛОЎСКАЯ, в. Скірмантава

Думала, любоў на сене
Я знайду з любімым Жэнем.
Нават не пацалаваў,
Толькі сена ўсё жаваў.

Не дай Божа з такім лёсам
Любіць хлопца з доўгім
носам.
Ён хацеў пацалаваць —
Не мог носа скіраваць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter