Чалавек з вялікім ілбом.

Ёсць недалёка каля Скідзеля вёска Рыўкі, дзе вельмі шмат пражывае людзей з прозвішчам Лобань. Нядаўна прачытаў артыкул у газеце пра раку з такой жа назвай Лобань у Кіраўскай вобласці Расіі. Цікава, што ад чаго пайшло — рака ад прозвішчаў ці прозвішчы ад ракі?

Ёсць недалёка каля Скідзеля вёска Рыўкі, дзе вельмі шмат пражывае людзей з прозвішчам Лобань. Нядаўна прачытаў артыкул у газеце пра раку з такой жа назвай Лобань у Кіраўскай вобласці Расіі.
Цікава, што ад чаго пайшло — рака ад прозвішчаў ці прозвішчы ад ракі?
Іван Лобань, Скідзель

Паважаны спадар Іван, сапраўды ў народзе існуе меркаванне, што прозвішча Лобань маюць выхадцы з сяла Лобань, якое знаходзіцца на беразе аднайменнай ракі ў Кіраўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Аднак з навуковага пункту погляду такое меркаванне з’яўляецца памылковым, паколькі ніякай прамой сувязі паміж беларускімі прозвішчамі і расійскім гідронімам не існуе. Кожная з гэтых назваў узнікла самастойным шляхам і мае рознае паходжанне. Прозвішча Лобань утворана на аснове імя-мянушкі чалавека, якая ў сваю чаргу з’явілася яшчэ ў дахрысціянскую пару: некаторыя ўсходнія славяне словам лобань называлі чалавека з вялікім ілбом. У такім жа значэнні слова “лобань” засведчана ў гаворках украінскай мовы і ў наш час. Ды і прозвішча Лобань вельмі часта сустракаецца ва Украіне. У Беларусі ж гэта прозвішча сустракаецца на абмежаванай тэрыторыі: у Іўеўскім і Скідзельскім раёнах Гродзенскай вобласці, Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці, Барысаўскім, Вілейскім, Лагойскім і Мядзельскім раёнах  Мінскай вобласці. Для беларускай антрапаніміі больш характэрнымі з’яўляюцца прозвішчы Лобан, Лобач, якія фіксуюцца амаль паўсюдна.

Намнога больш складаным і загадкавым з’яўляецца паходжанне ракі Лобань. Улічваючы геаграфічныя, гістарычныя і моўныя акалічнасці, можна вылучыць тры версіі яе паходжання. Паводле першай, можна дапусціць, што гэта назва ўзнікла метафарычна: на славянскіх землях словам лоб называлі круты бераг, выступ горнай грады, узгорак, невялікае ўзвышша. Аднак нізінны рэльеф мясцовасці, па якой працякае рака Лобань, і забалочанасць поймы ракі не дазваляюць лічыць гэту версію матываванай і абгрунтаванай. Больш праўдападобнай бачыцца другая, паводле якой паходжанне назвы ракі звязваецца з дзеясловам лыбіцца, які ў асобных рускіх дыялектах мае значэнне “выгінацца”. Рэчышча ракі Лобань у геаграфічных крыніцах апісваецца як звілістае, на асобных участках цячэнне ракі адхіляецца ад свайго асноўнага напрамку і глыбока ўразаецца ў сушу.    Паводле трэцяй версіі, назва ракі мае старажытнафінскае паходжанне, што цалкам можна дапусціць, паколькі фіна-угры пакінулі значны след у гісторыі сучаснай Кіраўскай вобласці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter