Чалавек з беларускага экватара

РАБОТЫ гэтага чалавека высока шанавалі Якуб Колас, Іван Шамякін, Янка Брыль, Пётр Машэраў, з якімі быў знаёмы фотакарэспандэнт. А Самуіл Маршак па тэмах яго здымкаў пісаў вершы. Мала вядома, але менавіта Аляксандр Сяргеевіч ДЗІТЛАЎ прыдумаў вобраз героя дзіцячага часопіса «Вясёлка», а жонка змайстравала вопратку.

Выстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння фатографа і журналіста Аляксандра Дзітлава, адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі

РАБОТЫ гэтага чалавека высока шанавалі Якуб Колас, Іван Шамякін, Янка Брыль, Пётр Машэраў, з якімі быў знаёмы фотакарэспандэнт. А Самуіл Маршак па тэмах яго здымкаў пісаў вершы. Мала вядома, але менавіта Аляксандр Сяргеевіч ДЗІТЛАЎ прыдумаў вобраз героя дзіцячага часопіса «Вясёлка», а жонка змайстравала вопратку.

— Вася Вясёлкін апынуўся ў нашым доме ў выглядзе лялькі-футбаліста. І прычоска ў яго была зусім іншая, не такая, як цяперашняя. З лялькі знялі меркі і пашылі ёй касцюм у народным стылі, у тэатральных майстэрнях зрабілі парык. Любімец беларускіх дзяцей вандраваў разам са сваім творцам Аляксандрам Сяргеевічам — у камандзіроўкі і на творчыя сустрэчы, — зазначае дачка Аляксандра Сяргеевіча Вольга Дзітлава.

Загадчык аддзелам пісьмовых і выяўленчых крыніц Нацыянальнага гістарычнага музея Надзея Саўчанка, якая стала адным з ініцыятараў памятнай выставы, зазначыла: сёння Аляксандр Дзітлаў найбольш вядомы як фатограф ваеннай пары. Яго працы прывабліваюць сваёй вобразнасцю, меткасцю, чалавечай цеплынёй — «Тыгр і казляня», «Салдацкая каша», «Дамоў», «Кулямётчык Мікалай Качанаў» і шмат іншых фатаграфій неаднойчы друкаваліся на старонках розных выданняў. Героі і тэмы гэтых фотахронік сталі крыніцамі натхнення для напісання вершаў і здымкаў фільмаў.

Значная частка выстаўкі адведзена пад фатаграфіі менш вядомыя, выкананыя Аляксандрам Сяргеевічам у пасляваенны перыяд, на працягу 1945—1969 гадоў. Частка апублікавана ў аўтарскім фотаальбоме «Там, дзе сінее Нарач», на старонках часопіса «Маладосць», выстаўляліся здымкі на тагачасных калектыўных фотавыставах. І вось на гэтай выставе яны ўпершыню сабраныя ўсе разам.

— Мы адкрываем для сябе Аляксандра Дзітлава з новага боку. Ён выступае не толькі як майстар дакументальнай фатаграфіі, але і як тонкі лірык і гумарыст. У гэтым можна пераканацца, убачыўшы фотаздымкі «Некалькі словаў», «Партрэт скрыпачкі», «Зімовыя забавы», «Партрэт дзяўчыны ля вакна», «Каля кінатэатра «Победа», «Мінскія стылягі», — расказвае Надзея Саўчанка.

Асобна — пра каляровыя фотаздымкі Дзітлава. На пачатку 1950-х каляровае фота толькі пачало ўваходзіць у практыку беларускіх фатографаў. І Аляксандр Дзітлаў адзін з першых, хто асвоіў працу з колерам. На выставе экспануюцца арыгіналы ўнікальных каляровых фотаадбіткаў першамайскай дэманстрацыі ў Мінску 1952 года. І побач з імі, для параўннаня, — сучасныя лічбавыя здымкі, атрыманыя шляхам сканавання тагачасных каляровых негатываў.

Лёс падараваў Аляксандру Дзітлаву доўгае жыццё. Нарадзіўся ён перад Першай сусветнай вайной у сталіцы Расійскай імперыі Санкт-Пецярбургу, у дваранскай сям’і. Да вайны працаваў фотакарэспандэнтам газеты «Рыбінская праўда». У 1941 годзе ў якасці фатографа пры клубе палітаддзела адправіўся на фронт. У 1943-м годзе стаў ваенным карэспандэнтам ТАСС. Фатаграфіі друкаваў па начах у бліндажах і зямлянках. Негатывы Аляксандр Сяргеевіч перадаваў у Маскву кур’ерамі, машынамі або самалётамі, а асобныя фотаздымкі з выявамі салдат накіроўваў родным, каб ведалі, што яны жывыя.

Пасляваенны лёс прывёў Аляксандра на Беларусь, і гэты перыяд жыцця стаў для яго найбольш плённым. Аляксандр Сяргеевіч, як ніхто іншы, адчуваў прыгажосць тутэйшага краю і заўжды імкнуўся падкрэсліць гэта ў сваёй працы. Прыкладам таму стаў ягоны фотаальбом «Там, дзе сінее Нарач», а таксама ўнікальнае друкаванае выданне, якое распавядае пра гісторыю, традыцыі, звычаі беларускага народа з арыгінальнай назвай «Беларускі экватар».

Пайшоў ад нас Аляксандр Сяргеевіч на 98-м годзе жыцця. Па характары ён быў сціплым чалавекам, хоць і з цвёрдымі перакананнямі. Калі яго вылучылі на прысваенне звання “Заслужаны дзеяч культуры”, ён адмовіўся толькі таму, што патрэбна было самому пісаць на сябе характарыстыку з пералікам усіх заслуг, расказала Вольга Дзітлава...

Канстанцін КАВАЛЁЎ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter