Чалавек шукае чалавека

Іх продкі жылі на беларускай зямлі
Іх продкі жылі на беларускай зямлі

У Аргенціне — суродзічаў з прозвішчам Сушчэвіч з Клеччыны

Фотаздымак, дасланы з АргенціныНа адрас рэдакцыі прыйшло электроннае пасланне з Аргенціны, ад Карласа Окхюзі (Occhiuzzi). Ён просіць дапамагчы яму ў пошуках суродзічаў (стрыечных братоў і сясцёр), якія могуць жыць у цяперашнім Клецкім раёне (да вайны гэта быў Нясвіжскі павет).

З прыкладзеных дакументаў відаць, што прадзед (ці прапрадзед) спадара Карласа, Уладзіслаў Сушчэвіч, сын Казіміра і Касыльды, ураджэнец засценка В(ялікія) Горкі Заастравецкай воласці Нясвіжскага павета, у 1917 годзе служыў ў Петраградзе матросам 1-га Балтыйскага флоцкага экіпажа. 25 чэрвеня ў Петраградскім мітрапаліцкім рымска-каталіцкім касцёле ў імя Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі ён узяў шлюб з Леакадзіяй Стафецкай, якая паходзіла з вёскі Юсты Варкалянскай воласці Рэжыцкага павета Віцебскай губерні (цяпер тэрыторыя Латвіі). Пра гэта сведчаць далучаныя да электроннага паслання “Метрычнае пасведчанне”, падпісанае канонікам Дукальскім, а таксама шлюбны здымак. Малады на ім — у матроскай форме, маладая — у белай сукенцы.

У 1928 годзе шлюбнае пасведчанне было пацверджана ў Клецку. У дакуменце на польскай мове згадваецца Міхал Сушчэвіч — відаць, сын Уладзіслава і бацька спадара Карласа. Апошні просіць дапамагчы яму ва ўстанаўленні кантактаў з “уладамі Заастравечча” (сёння гэта цэнтр сельсавета), у пошуках сваякоў “па лініі” яго маці.

Паралельна з публікацыяй у газеце пасланне спадара Карласа было накіравана намі ў Клецкі гістарычна-краязнаўчы музей для пошукаў на месцы.

Па просьбе спадара Карла паведамляем яго электронны адрас: carzzy2003@hotmail.com


У ЗША — сляды мінскай бабулі галівудскай зоркі

У Харысана Форда — беларускія караніГрупа карэспандэнтаў маскоўскіх і англійскіх газет звярнулася ў рэдакцыю “Голасу Радзімы” з просьбай пасадзейнічаць ім у пошуку звестак пра бабулю амерыканскага кінаартыста Харысана Форда. Яго папулярнасць асабліва ўзрасла пасля выхаду на экраны шматсерыйнага фільма “Індыяна Джонс”. Маўляў, у шматлікіх інтэрв’ю выканаўца галоўнай ролі нязменна падкрэслівае, што яго любімая бабуля, Анна Лівшуц, паходзіла з Мінска, прыбыла ў Нью-Йорк у 1907 годзе.
Прыгадаем, што Харысан Форд — сын бацькі-ірландца і маці “руска-яўрэйскага паходжання” Доры Нідэльман Форд, якая нарадзілася ў 1917 годзе ў Нью Джэрсі, а памерла ў 2004 годзе. Бацькам гэтай артысткі быў Гары Нідэльман, а маці — якраз названая эмігрантка з Мінска. Такія звесткі прыводзяцца ў энцыклапедыях. Але ў іх нічога не гаворыцца пра сямейнае асяроддзе, з якога выйшла Анна Ліфшуц (відаць, усё ж Ліўшыц). І тут найпершая надзея на супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, якім мы і пераадрасоўваем зацікаўленую просьбу нашых зарубежных калег-журналістаў.

Галіна Івуць, Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter