Чакаюць аўтамагазін у вёсцы

Праўленне Мiёрскага райспажыўтаварыства не пашкадавала чатыры гады таму назад...

Праўленне Мiёрскага райспажыўтаварыства не пашкадавала чатыры гады таму назад сродкаў для набыцця шасцi сучасных аўтамагазiнаў. I не пралiчылася, бо мабiльны гандаль дапамагае закрываць шэраг першачарговых праблем у абслугоўваннi насельнiцтва самых аддаленых населеных пунктаў i нават хутароў.

Адным з лепшых вадзiцеляў-прадаўцоў крамы на колах кiраўнiцтва мясцовай спажыўкааперацыi называе Iгара Машару. Вопыт яго работы сапраўды павучальны для iншых калег.

Рабочы дзень у яго пачынаецца з шасцi гадзiн ранiцы. Спачатку трэба зайсцi ў гараж i агледзець аўтамабiль перад рэйсам. Ужо з сямi гадзiн аўтамагазiн стаiць пад загрузкай на хлебазаводзе, затым – у кандытарскiм цэху i на размеркавальных складах. Наперадзе ж клопатаў, мiтуснi на цэлы дзень.

Абслугоўвае Iгар Машара жыхароў аддаленай Дзiсненскай зоны. А гэта 33 населеныя кропкi з насельнiцтвам звыш 650 чалавек. Калi б у адным месцы, то тавар распрадаць хапiла б i паўдня. Але маршрут расцягнуты. Больш за ўсё пражывае людзей у вёсцы Лыска – 54, а ў асноўным жа — ад 5 да 15 чалавек. Як нi старайся, а за адзiн рэйс усiх не ахопiш. Прыкладна ў сярэднiм атрымлiваецца за дзень наведаць 10—11 вёсак. Самая блiзкая ад райцэнтра — на адлегласцi 30 км, а да самай аддаленай — аж 112 км.

За няпоўных сем гадоў на сваiм маршруце Iгар Машара ўсiх сваiх пакупнiкоў ведае ў твар. I нават iх, калi так можна выказацца, спажывецкiя густы. Таму стараецца, каб запатрабаваны тавар заўсёды быў у краме на колах. Адносiны з людзьмi ў Iгара настолькi добрасумленныя, што часам дзяды i бабулькi, якiя марудна лiчаць грошы, даверлiва аддаюць кашалёк прадаўцу. Ён сам адлiчвае патрэбную суму, гучна называе кошт пакупкi i рэшту ад набытага тавару.

Дарэчы, сучасны аўтамагазiн – гэта вам не кашолка карабейнiка. У асартыменце аўталаўкi ад 100 да 150 найменняў тавараў. Апрача харчовых, Iгар Машара заўсёды прапаноўвае шэраг тавараў прамысловай групы. Хоць i не надта часта, але завозiць па папярэднiх заяўках халадзiльнiкi, тэлевiзары, веласiпеды, з будаўнiчых – рубероiд, цвiкi, цэмент, розны дробны сельгасiнвентар. Здараецца, што рэкламуе нейкiя навiнкi. Калi трэба завезцi пакупку на дом i нават занесцi, то не лiчыць гэта не сваёй справай. А як iначай? Хто ж яшчэ дапаможа, асаблiва старэнькiм i нямоглым у якой-небудзь глухаманi?

Вадзiцель-прадавец жартуе, што ў яго нават ёсць “прыпынкi па запатрабаванню”. Гэта азначае, што ў аддаленых вёсачках ён пад’язджае, як кажуць, пад самыя веснiчкi цi пад ганак. Бо ёсць пакупнiкi, якiя не маюць ужо сiл самi падыходзiць да прыпынку аўтамагазiна. Галоўнае – стварыць для чалавека радасць i зручнасць.

Iгар Машара заўсёды чаканы госць у “сваiх” вёсках. За мiнулы год аб’ём рознiчнага тавараабароту ў ягоным аўтамагазiне склаў 430 мiльёнаў рублёў, альбо 36 мiльёнаў у сярэднiм за месяц. Звычайна на працягу дня выручка складае паўтара-два мiльёны рублёў. А цяпер, у летнi час, тавараабарот павялiчваецца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter