Чакаем вестак ад родных.

Хто шукае: Любоў Сцяпанаўна Чаброўская, НавагрудакКаго шукае: Вольгу Канстанцінаўну Брычкоўскую

Хто шукае: Любоў Сцяпанаўна Чаброўская, Навагрудак
Каго шукае: Вольгу Канстанцінаўну Брычкоўскую
“Шукаю сястру Вольгу Канстанцінаўну Брычкоўскую,1946 года нараджэння, — паведамляецца ў лісце. —  Вольга, калі была маленькая, засталася без бацькоў. Яе забраў да сябе і выхоўваў наш дзядзечка Фама. Сястра вырасла, атрымала адукацыю, працавала ў Брэсцкай вобласці. У 1965 годзе прыязджала да нас, і з таго часу мы больш не бачыліся. Пішу гэты ліст і плачу: а раптам што здарылася з Вольгай. Ці, можа, крыўда ў яе якая? Я хварэю і вельмі хачу сустрэцца з сястрой. Волечка! Сястрыца! Калі ласка, патэлефануй мне і прыязджай”.

Хто шукае: Лілія Іванаўна Статкевіч, Мінск
Каго шукае: Таццяну Анатольеўну Бялых (Швед)
“Дапамажыце, калі ласка, даведацца адрас пляменніцы Таццяны Бялых, дзявочае прозвішча Швед, якая жыве ў Маскве, — піша Лілія Іванаўна. — Таццяна вучылася ў Беларускім дзяржаўным  універсітэце культуры і мастацтваў. Летам студэнты праходзілі практыку на Палтаўшчыне. Там Таццяна пазнаёмілася з Віталем, які з Масквы прыязджаў да бацькоў у госці. Пляменніца закончыла вучобу, выйшла замуж за Віталя Бялых і паехала да яго ў Маскву. У Мінск прыязджала на пахаванне маці 17 гадоў таму. З таго часу ад Таццяны няма ніякай вестачкі. І магілы бацькоў яна не наведвае. Можа, што здарылася? Вельмі хачу ведаць, як жыве пляменніца, ці здаровыя яе дзеці, ці хутка прыедзе да нас”.

Хто шукае: Генадзь Аляксандравіч Аляксандраў
Каго шукае: Валянціну Ільінічну Круглякову, Сяргея Леанідавіча Круглякова
“Мая цётка Валянціна Круглякова,1947 года нараджэння, і брат Сяргей Круглякоў, які нарадзіўся ў 1961 годзе, згубіліся падчас вайны ў Чачні, — паведамляе Генадзь Аляксандраў. — Да жніўня 1996 года родныя жылі ў горадзе Грозным. Спадзяёмся, што Валянціна Ільінічна і Сяргей Леанідавіч жывыя, пераехалі ў іншае месца. Можа, яны нават у Беларусі? Шмат перасяленцаў знайшлі прытулак у нашай краіне, якая стала ім другой радзімай.  Магчыма, сярод іх Валянціна Ільінічна і Сяргей Леанідавіч Кругляковы. Спадзяюся, што яны адгукнуцца, напішуць, а лепш за ўсё — няхай прыязджаюць да мяне”.

Хто шукае: Рэгіна Іосіфаўна Шпакоўская, Мінск
Каго шукае: сясцёр  і пляменнікаў
Рэгіна Іосіфаўна шукае сваіх сясцёр і пляменнікаў. Галіна Іосіфаўна Быкоўская (прозвішча дзявочае) з сынам Алегам і дачкой Таццянай жыла ў Маскве. Другая сястра — Эма Іосіфаўна Быкоўская (на фота) з сынам Жэнем і дачкой Юляй жыла ў Акцюбінску. “Ужо шмат гадоў мы не бачыліся, — паведамляе наша чытачка. — Не ведаю нават, ці жывыя яны. Можа, яны памянялі месца жыхарства. Хачу сустрэцца з імі”.

Паважаныя чытачы, калі вы хочаце знайсці родных альбо блізкіх, дасылайце свае лісты на паштовы ці электронны адрас рэдакцыі. Пазначайце, калі ласка, у лістах свой паштовы адрас і нумар тэлефона.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter