Чакаем вестак ад родных

Хто шукае: Клаўдзія Уладзіміраўна Аляшкевіч, в. Асаўцы, Столінскі раён.
Каго шукае: Валянціну Мікалаеўну і Вольгу Мікалаеўну Cупрун.
“Дапамажыце, калі ласка, знайсці пляменніц, Валянціну Мікалаеўну Супрун, прыкладна 1958—1960 года нараджэння, і Вольгу Мікалаеўну Cупрун, якая нарадзілася прыкладна у 1962—1964 годзе, — звяртаецца Клаўдзія Уладзіміраўна Аляшкевіч. — Пляменніцы жылі ў пасёлку Казанка Мікалаеўскай вобласці ва Украіне. Валянціна Cупрун працавала на раённым вузле сувязі, потым у бальніцы. У 1986 годзе памерла маці, і Валя засталася з бацькам, Мікалаем Супруном. Потым выйшла замуж. Мужа завуць Міша Мінюк. Другая пляменніца, Вольга, вывучылася на агранома, выйшла замуж. Прозвішча яе мужа, на жаль, не ведаем. Іх цётка з Гродзенскай вобласці, Станіслава Уладзіміраўна Тарашчык, засталася адна, вельмі хоча знайсці пляменніц. Другая цётка — я, Клаўдзія Уладзіміраўна Аляшкевіч, жыву на Брэстчыне, таксама хачу іх убачыць. Дапамажыце, калі ласка”.

Хто шукае: Валянціна Рыгораўна Стаднік, Віцебскі раён.
Каго шукае: Рыгора Якаўлевіча Кулагу.
“Звяртаюся  з надзеяй, што дапаможаце даведацца пра майго бацьку, Рыгора Якаўлевіча Кулагу, ураджэнца Давыд-Гарадка Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, які прыкладна да 1998 года жыў у Таліне ў Эстоніі, — піша Валянціна Рыгораўна. — А маё жыццё  склалася так. Выхоўвала мяне бабуля. Бацьку свайго не бачыла, але чула пра яго шмат. Ён з’ехаў з дому ў 1951 годзе. Лёс звёў нас, калі я скончыла школу, у 1969-м годзе. Пасля  сустрэчы падтрымлівалі сувязь: ездзілі адзін да аднаго ў госці, тэлефанавалі, пасылалі лісты і тэлеграмы. У 1996 годзе ў маёй сям’і здарылася няшчасце: загінуў мой 20-гадовы сын, які пасля службы ў войску збіраўся наведаць дзядулю. Бацька пазваніў, што прыедзе на пахаванне. Але не прыехаў ні тады, ні потым. Першага студзеня 1997 года мы атрымалі тэлеграму. Гэта была апошняя вестачка ад яго. У хуткім часе мы з мужам і сям’я  дачкі пераехалі на новае месца жыхарства. Бацьку паслалі тэлеграму, але адказу не атрымалі. Паспрабавалі тэлефанаваць, але нам сказалі, што такі тут не жыве. Удакладніць, куды падзелася сям’я Рыгора Якаўлевіча Кулагі, не захацелі ці не змаглі”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter