Чакаем вестак ад родных.

Хто шукае: Сафія Аляксандраўна Суравец
Каго шукае: Лілію Філіпаўну і Марыю Філіпаўну Крупіцу
“Звяртаюся да вас з просьбай дапамагчы ў пошуках стрыечных сясцёр Ліліі і Марыі Крупіцы, — так пачынае сваё пісьмо наша чытачка. — Ліля нарадзілася прыкладна ў 1942-43 годзе. А вось год нараджэння Марыі я не ведаю. Сёстры жылі ў вёсцы ў Гродзенскім раёне. Я сама выхоўвалася ў дзіцячым доме. Мае бацькі загінулі ў гады Вялікай Айчыннай. Да 1972 года я сустракалася з Ліляй і Марыяй. Ліля некалькі разоў была ў мяне ў гасцях у Мінску, яна вучылася на завочным аддзяленні педінстытута. Потым я пераехала на іншую кватэру, а яны, відаць, таксама памянялі месца жыхарства. Так мы згубіліся ў гэтым жыцці. Спадзяюся, што сёстры, а можа, іх дзеці альбо ўнукі адгукнуцца”.

Хто шукае: Любоў Сцяпанаўна Чаброўская, Навагрудак
Каго шукае: Вольгу Канстанцінаўну Брычкоўскую
“Сястра Вольга, 1946 года нараждэння, калі была маленькая, засталася без бацькоў, — распавядае Любоў Сцяпанаўна. — Яе забраў да сябе і выхоўваў наш дзядзечка Фама. Сястра вырасла, атрымала адукацыю, працавала ў Брэсцкай вобласці. У 1965 годзе яна прыязджала да нас, і з таго часу мы больш не бачыліся. Пішу гэты ліст і плачу: а раптам што здарылася з Вольгай. Ці, можа, крыўда ў яе якая? Я хварэю і вельмі хачу  сустрэцца з сястрой. Волечка! Сястрыца! Калі ласка, патэлефануй мне і прыязджай!”
Хто шукае: Ніна Іванаўна Сакалова, Мінск
Каго шукае: Тамару Георгіеўну Селязнёву-Цвяткову
Пляменніца Тамара Георгіеўна, 1935 года нараджэння. Яна жыла ў горадзе Аркалык у Казахстане. Апошні ліст Ніна Іванаўна ад яе атрымала ў 1975 годзе. Больш звестак пра Тамару не было.

Паважаныя чытачы, калі вы хочаце знайсці родных альбо блізкіх, дасылайце свае лісты на паштовы ці электронны адрас рэдакцыі. Пазначайце, калі ласка, у лістах свой паштовы адрас і нумар тэлефона.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter