Чакаем вестак ад родных.

Хто шукае: Галіна Міхайлаўна Пармон-Кліменка, Мінск.
Каго шукае: сястру Галіну.
“Дапамажыце, калі ласка, знайсці сястру, — звяртаецца Галіна Міхайлаўна. — Матулі ў нас з сястрой розныя, а бацька адзін. Яе, як і мяне, завуць Галіна. Яна з 1939—1940 года, а я нарадзілася ў 1943-м, праз месяц пасля смерці бацькі. Галя! Мы з табой вучыліся ў адной школе ў вёсцы Янушкавічы Лагойскага раёна. Аднойчы я прыходзіла да цябе дадому, але маці твая сказала, што ты ў Мінску. Адрас твой яна не ведала. Пазней  сустрэла тваю матулю ў аўтобусе, і яна паведаміла, што ў цябе двое дзетак. Зараз я жыву ў Мінску, у доме бацькі. У нас з табой адзін дзядуля, Рыгор Пармон, які прасіў сына вярнуцца да цябе, ці забраць з сабой у Мінск, таму дапамагаў нашаму бацьку будаваць дом. Дзядуля хацеў, каб мы не губляліся, а сябравалі. Ды што і казаць, ты, напэўна, больш ведаеш пра Пармонаў, чым я. Адгукніся, калі ласка, Галя. Нам неабходна сустрэцца”.

Хто шукае: Раман Уладзіміравіч Саевіч, Валожынскі раён.
Каго шукае: сям’ю Сямёна Антонавіча Бугая.
“Мой дзядзька, Сямён Антонавіч Бугай, жыў у Амерыцы. Да 1973 года мы перапісваліся, а потым страцілі сувязь, — піша Раман Уладзіміравіч. — Дзядзькі, вядома, няма сярод жывых, але ж, напэўна, засталася яго сям’я, родныя. Вельмі хачу іх знайсці”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter