Cэрца Белай Русі

Вы ніколі не задумваліся, на што на карце Беларусі падобная Мінская вобласць? Я вам падкажу: абрысы цэнтральнага рэгіёна нашай краіны вельмі падобныя на сэрца. Вялікае шчодрае сэрца, якое бесперапынна б’ецца ўдзень і ўначы, даючы жыватворныя сілы ўсёй беларускай зямлі.

Магчыма, камусьці такое параўнанне падасца занадта патэтычным. Упэўнена: у кожнага жыхара любога куточка Беларусі знойдуцца не менш прыгожыя словы і параўнанні, калі вы будзеце пісаць ці гаварыць пра свой родны кут, найлепшы ў свеце край, без якога нельга ўявіць ні вялікай Радзімы, ні ўсёй вялікай планеты людзей увогуле. І гэта ўсё будзе праўда, бо кожны рэгіён нашай любай краіны па-свойму адметны і заслугоўвае самых цёплых і прыгожых слоў...
І ўсё ж дазвольце крыху пра маю родную Міншчыну. Яна, як і іншыя вобласці краіны, розная, прыгожая ў любую пару года, здольная здзіўляць і ашаламляць кожную хвіліну. Лагойскія ўзгоркі пад стракатым дываном дзьмухаўцоў і Нарач, засмужаная восеньскім туманам, звонкія бары Стаўбцоўшчыны, над якімі ўлетку лунае водар крамяных грыбоў і спелых ягад, і заснежаныя раўніны Любаншчыны, якія ў промнях заходзячага сонца здаюцца іскрыста-ружовымі, як самая светлая мара дзяцінства. Мая радзіма — калыска беларускай дзяржаўнасці: дынастыя полацкіх князёў родам з Заслаўя, ля майго роднага Койданава раз і назаўсёды продкі спынілі татарскую навалу, гэта дзякуючы бітве пад Койданавам-Крутагор’ем беларусы ніколі не былі пад прыгнётам ханаў, ні-колі не плацілі ім даніну. Мая радзіма дала народу Паэтаў, якія фактычна заснавалі беларускую літаратуру: у адзін год менавіта на Міншчыне нарадзіліся Колас і Купала. Скажыце, як, ведаючы, назіраючы, адчуваючы сэрцам усё гэта, не ганарыцца родным краем, не лічыць, што лепшага не знойдзеш дый не трэба шукаць?
Тут надзіва гарманічна спалучыліся гісторыя і сучаснасць, адна ад адной неаддзельныя. Міншчына для нас сёння — гэта даўняя архітэктурная песня Нясвіжа і калійныя шахты Салігорска, вытанчаныя слуцкія паясы і магутныя БелАЗы. Нельга ўявіць адно без другога, як нельга ўявіць сталічную вобласць без багатага хлебнага поля. Але галоўнае багацце нашага краю —  людзі, якія жывуць і працуюць на гэтай зямлі, захоўваюць яе гісторыю і ствараюць яе будучыню (гэтыя словы, дарэчы, таксама мае нагоду сказаць жыхар любога рэгіёна нашай краіны)...
Нястомна пульсуе жыццём сэрца Белай Русі. Хай яно так будзе і сёння, і заўтра, і на векі вечныя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter