Рэдкае каларатурнае сапрана, яркі артыстызм, філігранная тэхніка і дыяпазон Тамары Ніжнікавай уражвалі і захаплялі

Бывайце, Прыма оперы

Сёння краіна развітваецца з Тамарай Ніжнікавай, выдатнай опернай спявачкай і педагогам, народнай артысткай Беларусі і адной з апошніх нашых творчых дзеячаў са званнем народнага артыста СССР. Тамара Міка­лаеўна памерла 15 лютага. Ёй ішоў 93-і год.

З сярэдзіны мінулага стагоддзя імя Тамары НІЖНІКАВАЙ было візітнай карткай нашай оперы.

Сцэне нашага Вялікага тэатра Тамара Ніжнікава аддана служыла больш за трыццаць гадоў. Яе рэдкае каларатурнае сапрана, яркі артыстызм, філігранная тэхніка і дыяпазон уражвалі і захаплялі. А рэпертуар налічваў з два дзясяткі шэдэўраў сусветнай класікі і цэлую галерэю адмысловых вобразаў у нацыянальнай оперы. Спецыяльна для яе стваралі нашы знакамітыя кампазітары Рыгор Пукст, Юрый Семяняка, Яўген Цікоцкі. Спявачка шмат і з поспехам гастралявала па свеце. З сярэдзіны мінулага стагоддзя імя Тамары Ніжнікавай было візітнай карткай нашай оперы.

Яна нарадзілася 9 сакавіка 1925 года ў Самары. Цудоўны голас і абсалютны слых атрымала ў спадчыну ад бацькоў, тыя спявалі ў розных саборах горада і з шасці гадоў нярэдка бралі з сабой і маленькую Тамару.

Вучылася ў музычнай школе, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. У 1941 годзе павінна была выступаць на Усесаюзным аглядзе народных талентаў у Маскве, але пачалася вайна. А з ёй мара вучыцца, каб стаць артысткай, стала недасягальнай.

У 1943-м з залатым медалём закончыла сярэднюю школу і паступіла ў родным горадзе ў ваенна-медыцынскую акадэмію, у яе быў рэарганізаваны медінстытут. Дзяжурыла ў шпіталях, даглядала раненых і многа і з задавальненнем для іх спявала – лячыла, як сама казала, музыкай. А калі даведалася, што пры маскоўскім Вялікім тэатры оперы і балета — ён знаходзіўся ў Куйбышаве ў эвакуацыі — набіраюць моладзь у эстрадную студыю, вырашыла паспрабаваць свае сілы.

На прыгожы голас 17-гадовай дзяўчыны звярнула ўвагу Марыя Максакава, найвядомейшая савецкая оперная спявачка. А неўзабаве пасля таго, як тэатр вярнуўся ў Маскву, Тамара атрымала вызаў у кансерваторыю. Вучылася выдатна, была сталінскай стыпендыяткай, закончыла кансерваторыю з адзнакай.

У Мінск з Масквы Ніж­ні­ка­ву перацягнула Ларыса Алек­сан­дроўская, тагачасная прыма Беларускага тэатра оперы і балета, пачула маладую спявачку ў адным са спектакляў. На мінскай сцэне пачынаючая артыстка дэбютавала ў 1949-м у оперы «Севільскі цырульнік», выкананую тады партыю Разіны Тамара Мікалаеўна заўсёды называла самай любімай, з ёй яна стала вядомай. Пра тое, што пераехала ў Мінск, ніколі потым не пашкадавала. Гаварыла, што аб'ездзіла мноства краін, але заўсёды з радасцю вярталася ў Беларусь, якая стала для яе роднай.

І тут яе таксама палюбілі — публіка, калегі, сябры, вучні. Менавіта ў нашым Вялікім тэатры талент Тамары Ніжнікавай дасягнуў сапраўднага росквіту. І яна шчодра ім дзялілася, аддавала прафесіі ўсю сябе. Гадавала траіх дзяцей, але заўсёды была як салдат — гатовая выйсці і спяваць: ва ўрадавых канцэртах, у вялікіх і малых гарадах, у калгасах і ваенных часцях.

У 1976-м прыма развіталася з опернай сцэнай, занялася педагагічнай дзейнасцю.Выхавала не адно пакаленне выдатных артыстаў, творчым вопытам дзялілася са студэнтамі і ў апошнія гады.

Запомнілася неяк сказаная ёю фраза: «Гэта глупства, што мастацтва патрабуе ахвяр, мастацтва патрабуе вернасці».

Жыццё і творчасць Тамары Ніжнікавай таму выдатнае пацвярджэнне.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter