На 84-м годзе пайшоў з жыцця Генадзь Гарбук

Бывайце, мэтр

Народны артыст Беларусі, лаўрэат дзяржаўных прэмій і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», уладальнік медаля Францыска Скарыны, ордэна Дружбы народаў, прыза «Хрустальная Паўлінка»... Генадзь Гарбук быў даўно і добра вядомы гледачам па дзясятках роляў, сыграных ім на сцэне і на экране.


...У тэатральны інстытут вясковы хлопец з Глыбачкі, што на Ушаччыне, завадатар мясцовай самадзейнасці паступіў адразу пасля заканчэння школы. Прычым на курс самога Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова – выдатнага акцёра тэатра і кіно, народнага артыста БССР, таленавітага, дасведчанага і мудрага педагога, чыю навуку Генадзь Гарбук запомніў на ўсё жыццё. «Дзетачкі, — гаварыў сваім выхаванцам майстар, — чым горшыя будуць умовы, тым больш сабрана і лепш трэба іграць, няхай і два чалавекі ў зале, для іх, як для дзвюх тысяч, іграць павінны». 

Ён так і іграў, выконваючы гэты наказ, кіруючыся ў жыцці і творчасці бiблейскiм запаветам: «Чалавеку ўласціва імкненне да святла, дабра і прыгажосці». І калі было гэта ў ролi прапанаванага сцэнарыя цi п’есы, з задавальненнем браўся за працу, адразу адчуваў матэрыял сваім і рабіў усё магчымае, каб атрымалася лепш. Калі інакш – адмаўляўся. Наогул, лічыў, кiравацца тым жа бiблейскiм прынцыпам варта ў любым мастацтве, бо толькі тады мастацкi твор будзе патрэбны людзям, а не ператворыцца ў бессэнсоўную «развлекаловку».

Пачынаў акцёр у 1958-м у Віцебску, у Коласаўскім тэатры, куды трапіў па размеркаванні. Але родным для яго стаў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы. На яго славутыя падмосткі Генадзь Гарбук выходзіў з 1962-га, больш за 55 гадоў. Гэтай сцэне служыў да апошніх сваіх дзён. У бягучым рэпертуары ў яго было каля дзясятка выдатных роляў — Мікіта ў «Вечары» Аляксея Дударава, Пратасавіцкі ў «Пінскай шляхце» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Еўдакім Захаравіч Жыгалаў у «Вяселлі» паводле А. Чэхава, Кучэра ў спектаклі «Не мой» паводле Алеся Адамовіча…
У ролі Васіля ДЗЯТЛІКА ў спектаклі «Людзі на балоце» (1960 г.).

На купалаўскай сцэне нарадзіліся яго лепшыя работы, тыя, якія асабліва яму ўдаваліся, — вобразы людзей з народа, простых беларусаў. 

Генадзю Міхайлавічу часта задавалі пытанне: як атрымліваецца ў яго так самабытна і натуральна ўвасабляць нацыянальны характар? І ён кожны раз прызнаваўся, што не ведае адказу, маўляў, як такое растлумачыш. А аднаго разу прыгадаў на гэты конт гісторыю яшчэ з часу сваёй вучобы ў тэатральным  інстытуце. У пастаноўцы  «Дама з камеліямі» студэнт Гарбук іграў галоўнага героя – Армана Дзюваля. Прычым на французскай мове і нават з парыжскім вымаўленнем. За спектакль атрымаў тады пяцёрку з некалькімі плюсамі, але, успамінаючы пазней, казаў: «Калі шчыра, які з мяне мог быць французскі арыстакрат. Кроў жа не памяняеш. Як бы ты нi валодаў мастацтвам пераўвасаблення, ёсць рэчы непераадольныя». 

За сваё доўгае тэатральнае жыццё Генадзь Міхайлавіч сыграў шмат роляў, але любімай называў ролю Васіля Дзятліка ў спектаклі «Людзі на балоце» паводле рамана Івана Мележа. Яе ён іграў і ў віцебскім тэатры, і ў аднайменным тэлеспектаклі. За яе ў 1966-м быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. 

І на працягу амаль 20 гадоў у вобразе Васіля Дзятліка выходзіў на сцэну Купалаўскага тэатра. А пазней у фільме Віктара Турава «Людзі на балоце» сыграў ролю Чарнушкі — бацькі Ганны, за гэтую працу ў 1984-м стаў лаўрэатам Дзяржпрэміі СССР.  

Фільмаграфія Генадзя Гарбука пачынаецца з 1970-га. Здымаўся не толькі на «Беларусьфільме», але і на «Масфільме», «Ленфільме», Свярдлоўскай кінастудыі, пабываў на здымках у Парыжы. 

Усесаюзную вядомасць прынесла акцёру роля Андрэя, старэйшага сына Фядоса Ходаса ў знакамітай народнай камедыі Ігара Дабралюбава «Белыя Росы». А хто не памятае яго глуханямога Лапатуху ў «Чорным замку Альшанскім»! Кажуць, менавіта вочы Гарбука ў гэтай карціне, поўныя непераноснага гора, пакут і болю, уразілі расійскага рэжысёра Тамару Лісіцыян, і яна запрасіла яго здымацца ў той самы Парыж у фільме «Загадкавы спадчыннік» аб рускай эміграцыі разам з Інакенціем Смактуноўскім, Юрыем Саломіным, Леанідам Бранявым.

З Нінай РУСЛАНАВАЙ у фільме «Знак бяды»

Асобная старонка ў творчай біяграфіі акцёра — вобраз Петрака ў фільме Міхаіла Пташука «Знак бяды» паводле аповесці Васіля Быкава. У 1986-м на міжнародным кінафестывалі ў Югаславіі гэты фільм атрымаў Гран-пры і абышоў амерыканскі баявік «Узвод» з яго «Оскарамі». А Генадзь Гарбук быў названы лепшым выканаўцам мужчынскай ролі. 

У кіно ён быў запатрабаваны і ў апошнія гады. І з нязменным поспехам іграў на сцэне. Неяк расказваў, што перад тым як узяцца за новую працу, абавязкова нагадваў сабе даўным-даўно самім жа створаны рэцэпт добрай ігры: нічога не ведаю, нічога не ўмею і гатовы з кожнай роляй вучыцца нанова. 

Развітанне з народным артыстам Беларусі Генадзем Гарбукам пачнецца 9 лютага а 10-й гадзіне на сцэне Купалаўскага тэатра. Пачатак грамадзянскай паніхіды з 12.00.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter