«Во двор заглядывают лисы и ястреб-перепелятник»: как биолог с «красным» дипломом предпочла столичной карьере жизнь в деревне

Бывай, мегаполіс

Як дзейнічае выпускнік ВНУ, якому прапануюць застацца працаваць у сталіцы? Вядома, прымае прапанову: такі шанц выпадае раз у жыцці! А вось біёлаг-эколаг Юлія Верас аддала перавагу перад гэтай прывабнай альтэрнатывай перспектыве з’ехаць у нарачанскую глыбінку. Восем гадоў яна жыве ў маланаселенай вёсцы ў Мядзельскім раёне і аб сваім «непапулярным» выбары не шкадуе. А тое, што ён сапраўды непапулярны — урбанізацыя набірае абароты, — пацвярджае статыстыка. Паводле апошніх звестак Белстата, амаль 80 працэнтаў беларусаў пражывае ў гарадах, а амаль кожны пяты жыве і працуе ў сталіцы. Карэспандэнт «Р» даведалася, чаму людзі свядома адмаўляюцца ад шумнага мегаполіса і што з гэтага выходзіць.

Вяселле Юлія і Сяргей спраўлялі ў Зялёнках.

Па навуку — на возера

Юлія Верас з тых, хто выбраў прафесію па закліку душы. Выпускніца біялагічнага факультэта БДУ з чырвоным дыпломам, яна скончыла магістратуру і аспірантуру пры ўніверсітэце, і калі паўстала пытанне размеркавання, як перспектыўнаму маладому даследчыку ёй прапанавалі два варыянты працаўладкавання: застацца на кафедры ў Мінску або з’ехаць у яго рэгіянальнае падраз­дзяленне — у Мядзельскі раён, на Нарачанскую біястанцыю імя Г.Г. Вінберга. Папярэдзілі: і ў тым і ў іншым выпадку пытанне з жыллём давядзецца вырашаць самастойна, у арганізацыі ўласнага жылфонду няма.

— Я без раздумвання абрала другі варыянт, — кажа Юлія Верас. — Сама я родам з Лунінца, і па натуры мне больш блізкі вясковы ўклад жыцця, чым гарадскі, таму пераезд у сельскую мясцовасць не стаў вельмі ўжо радыкальным змяненнем. Наадварот, такі шлях здаваўся мне больш гарманічным, бо я ўсё роўна заставалася ва ўніверсітэце, працягвала займацца навукай, збіраць матэрыялы для абароны кандыдацкай дысертацыі, а рабіць гэта ў вельмі маляўнічым месцы куды больш прыемна. 

На Мядзельшчыну Юлія пераехала разам са сваім будучым мужам. Ён, дарэчы, таксама без шкадавання пакінуў працу сістэмнага адміністратара на БелАЗе і ўладкаваўся спецыялістам у Нацыянальны парк «Нарачанскі». Спачатку пара тры гады здымала жыллё ў курортным пасёлку Нарач, а шэсць гадоў таму набыла невялікі дом у маланаселенай вёсцы Зялёнкі, што за чатыры кіламетры ад пасёлка. Дом без бытавых выгод і, чаго хаваць, шмат пабачыў, але муж і жонка з энтузіязмам узяліся даводзіць яго да ладу. Самастойна правялі водаправод, зрабілі каналізацыю, паравое ацяпленне, скончылі рамонт. Работы па добраўпарадкаванні і ўнутраным аздабленні працягваюцца і сёння.

Жыллё сям’і — домік на ўскраіне вёскі.

Дом Юліі і Сяргея знаходзіцца на ўзвышшы і на аддаленні ад усіх астатніх, таму сям’я, лічы, жыве на хутары. У Зялёнках з 32 дамоў толькі 7 жылых, астатнія — дачы. Школы, медустановы і крам няма. Цікава, што сярод нешматлікіх аднавяскоўцаў у Сяргея з Юліяй ёсць аднадумцы: не так даўно сюды пераехалі дзве маладыя сям’і з Мінска, адна з іх — з дзецьмі. Яны таксама свядома выбралі вёску, адмовіўшыся ад гарадской мітусні. 

Дарогі, інтэрнэт і пераход на электрычнасць

Рэйсавы аўтобус у Зялёнкі ходзіць толькі раз на дзень — туды і назад, раніцай і ўвечары. На працу муж і жонка дабіраюцца на ўласным аўтамабілі. Але што такое адлегласць, яны адчулі толькі са з’яўленнем на свет малышкі Светачкі. Прабег аўтамабіля вырас шматкроць: то трэба ехаць у ЦРБ, каб зрабіць прышчэпкі, а гэта за трыццаць кіламетраў, то ў абласную бальніцу ў Бараўлянах пад Мінскам на кансультацыю, што яшчэ ў тры разы далей. Выдаткі на бензін сталі адным з асноўных артыкулаў расходаў. Спачатку ў дэкрэтным адпачынку ся­дзела мама, а тата працаваў. Цяпер муж і жонка памяняліся ролямі. 

Есць у сям’і, як належыць вяскоўцам, невялікі агародзік.

— Дарогі — наша галоўная жыццёвая цяжкасць, — канстатуе Юлія. 

Вядзе да Зялёнак звычайная прасёлкавая дарога, зві­ліс­тая, якую залі­вае дажджамі, і тады праехаць па ёй становіцца вельмі цяжка. Не раз не маглі выбрацца раніцай і з уласнага двара, на рэйсавы аўтобус спазняліся, і даводзілася тупаць пешшу. Юліі — чатыры кіламетры, Сяргею — усе шэсць. 

— Зарадку мы не робім, і вы разумееце чаму: у нас жа паўнавартасная натуральная фізічная нагрузка, — смяецца Юлія. — Хоць розныя аздараўленчыя працэдуры ў нас у пашане. Напрыклад, пакуль не надыходзіць купальны сезон, усёй сям’ёй ходзім у басейн. У акрузе шмат санаторыяў, якія на платнай аснове прапануюць плаванне, і мы карыстаемся гэтай цудоўнай магчымасцю. 

Першыя гады жыцця ў Зялёнках была праблема з доступам да Су­светнай павуціны. Правесці правадны інтэрнэт у вёску, дзе жыхароў можна па пальцах пералічыць, для раённых сувязістаў было эканамічна нявыгадна, а тарыфы на мабільны інтэрнэт здаваліся непад’ёмнымі. Апрача таго, і якасць мабільнай сувязі ў Зялёнках вымушала жадаць лепшага. Муж Юліі змайстраваў нейкую спецыяльную антэну, якая ўзмацняла сігнал прыёму, — і дзякуючы гэтаму ў віртуальную рэальнасць сяк-так атрымалася зазіраць. З патанненнем тарыфаў на мабільны інтэрнэт і паляпшэннем якасці сувязі сям’я цалкам перайшла на «тры­джык» і вельмі задаволеная. Цяпер усе аплаты Юлія і Сяргей робяць анлайн, бесперашкодна маюць стасункі ў сетцы са сваякамі з іншых гарадоў і сябрамі з-за мяжы. 

Зараз сям’я імкнецца ажыццявіць чарговую гаспадарскую мару — аўтаматызаваць сістэму ацяплення і ўсталяваць у доме электракацёл. І зноў статус маланаселенай вёскі ставіць перашкоды да рэалізацыі задумкі. Ужо некалькі гадоў Юлія і Сяргей разам з яшчэ двума сем’ямі ініцыіруюць будаўніцтва новай трансфарматарнай падстанцыі ў сваёй вёсцы. Тая, што ёсць зараз, старая і маламагутная, не вытрымае павелічэння нагрузкі. Але, на жаль, пакуль вясковыя энтузіясты чуюць толькі адмовы. За ўласны кошт ім такое збудаванне таксама не па кішэні. 

Аб гаспадарцы на літару «К» і кар’еры

Цяжка ўявіць дом у вёсцы без свайго агарода і жыўнасці. У Юліі і Сяргея градак няшмат, на дзве соткі, вырошчваюць для сябе крыху бульбы і зеляніны, памідораў, цыбулі, часнаку, шпінату і агуркоў. Закатак не робяць, гародніну і ягады на зіму замарожваюць, каб захоўваць пабольш вітамінаў. 

Сваю гаспадарку называюць «гаспадаркай на літару К», таму што гэта кот і куры. Да нядаўняга часу жыла ў двары яшчэ і трэцяя «К» — старэнькая кабыла па мянушцы Белка. Яна была навучана іпатэрапіі, працы з хворымі дзецьмі, але апошнім часам гаспадыні, сяброўцы Юліі, не было дзе яе трымаць, ды і аслабла жывёла, вось і забралі яе сюды на пастой. Перыядычна ўрываюцца ў іх двор і прадстаўнікі дзікай прыроды. На курэй перыядычна замахваюцца мясцовыя лісы або ястраб-перапёлачнік. Гаспадары спрабуюць абараніць сваіх птушак-карміцелек ад нападаў драпежнікаў — майструюць агароджы, — але, на жаль, даводзіцца мірыцца і са стратамі. 

— Прыгажосць краю, зносіны з прыродай — важкі бонус для шчаслівага жыцця, — кажа Юлія Верас. — Не дзіўна, што рады нашаму знаходжанню тут і сваякі, знаёмыя — яны рэгулярна прыязджаюць у госці з розных куткоў Беларусі і іншых краін. Адзінота для нас неактуальная з’ява.

Птушачкі птушачкамі, але як жа кар’ера? Яна, як аказалася, ад сельскай прапіскі таленавітага чалавека зусім не пацярпела. Жывучы ў нарачанскай глыбінцы, Юлія Верас паспяхова абараніла дысертацыю, атрымала навуковую ступень кандыдата біялагічных навук. Зараз зай­мае пасаду намесніка начальніка біястанцыі. А як там будзе далей — лічыць за лепшае не загадваць.

kozlovskaya@sb.by

Фота з асабістага архіва Юліі ВЕРАС.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter