Эпідабстаноўка стабілізуецца, што дазваляе паэтапна перапрафіляваць кавідныя аддзяленні ў гарадскіх, абласных і раённых бальніцах. З 15 лютага ў многіх медустановах краіны ўрачы ўжо пачалі прыём пацыентаў па профілі. Некаторыя аддзяленні — хірургічнае, тэрапеўтычнае, гінекалагічнае і іншыя — у стадыі падрыхтоўкі да планавага прыёму: дзесьці праходзіць дэзынфекцыя, дзесьці — касметычны рамонт.

Жыццё дужэйшае за вірус
Яшчэ нядаўна ў акушэрска-гінекалагічным аддзяленні Лагойскай ЦРБ былі спецыяльныя шлюзы, якія падзяляюць зоны на чыстую і чырвоную. Медыкі працавалі напружана, заходзілі да пацыентаў у поўнай экіпіроўцы — сродках індывідуальнай абароны і масках. На шчасце, другая хваля каварнай інфекцыі адступіла.

Нона Парфяновіч, загадчыца акушэрска-гінекалагічнага аддзялення раённай бальніцы, у гутарцы патлумачыла:
— Падчас пандэміі на базе хірургічнага аддзялення было разгорнута акушэрска-гінекалагічнае, якое аказвае медыцынскую дапамогу жанчынам раёна ў поўным аб'ёме. Парадзіхам дапамагалі ўрачы-акушэры Барысава і абласнога радзільнага дома.
Сёння 12 жанчын знаходзяцца на лячэнні ў адкрытым гінекалагічным аддзяленні, разлічаным на 15 месцаў. А вось у акушэрскім пакуль ідзе падрыхтоўка. З 15 лютага мы зачынены на планавую дэзынфекцыю і пачнём прыём цяжарных і парадзіх 15 сакавіка.
Бачу ў калідоры бальніцы цяжарную жанчыну, якая прыйшла даведацца, ці зможа ў бліжэйшы месяц нараджаць у родным Лагойску. Яна разгаварылася і пры нас загадала жаданне:
— Прыйшла, таму што чула пра хуткае адкрыццё радзільнай залы. Глядзіце, на сцяне акушэрска-гінекалагічнага аддзялення напісана фраза: «Я нарадзіўся ў Лагойску». Усе ўжо стаміліся ад гэтага каронавіруса і знерваваліся, што ён пасяліўся там, дзе павінны нараджацца дзеткі. Чакаю з нецярпеннем адкрыцця акушэрскага аддзялення — хачу нарадзіць малога менавіта там.
Старшы акушэр Алена Пляскач падкрэсліла, што ў аддзяленні працуюць пераважна жанчыны: уважлівыя, чулыя ўрачы і медсёстры. Да кожнай пацыенткі індывідуальны падыход. Фатаграфавацца ў палатах дзяўчаты з гінекалагічнага аддзялення наадрэз адмовіліся, жартаўліва спаслаўшыся на тое, што не паспелі зрабіць манікюр і заскочыць перад шпіталізацыяй у цырульню.

Ідзём на паверх, дзе кіпіць падрыхтоўчая праца. Падчас размовы даведалася ў медработнікаў, якое абсталяванне хацелі б яны бачыць у месцы, дзе з'яўляюцца на свет маленькія жыхары Лагойшчыны.
Мне расказалі, што важнай і патрэбнай для любой гінекалогіі з'яўляецца сучасная ўстаноўка, якая дазваляе ажыццяўляць лапараскапічныя аперацыі. А яшчэ нованароджаным як паветра патрэбны апарат ШВЛ і два кувезы.
Хваля сышла, але шмат чаму навучыла
Медыкі Лагойскай ЦРБ прызнаюць, што хоць другая хваля была няпростай, але пра кавід ужо ведалі больш і былі маральна гатовы да супрацьстаяння з ім. Ганна Рудзь, намеснік галоўнага ўрача Лагойскай ЦРБ, расказала:

— З усяго ложкавага фонду (320 ложкаў) было выдзелена 55 ложкаў пад пацыентаў з каронавірусам, а з інфекцыяй змагаліся 28 медработнікаў. Па назіраннях, пік пандэміі прыйшоўся на лістапад — снежань мінулага года. Тады хворых на COVID-19 прымалі тут, а пры неабходнасці адпраўлялі ў Мінскі абласны процітуберкулёзны дыспансер.
Па словах Юрыя Будзько, галоўнага ўрача Лагойскай ЦРБ, аснашчанасць лекамі і сродкамі індывідуальнай абароны ў бальніцы высокая. Дружны калектыў установы, а гэта больш за 630 медработнікаў, абслугоўвае звыш 35 800 жыхароў Лагойскага раёна. У бальніцы аказваюць усе віды медыцынскай дапамогі, прадугледжанай раённым узроўнем, па двух дзясятках урачэбных спецыяльнасцей. Акрамя Лагойскай ЦРБ, працуюць шэсць амбулаторый, Плешчаніцкая 2-я раённая бальніца, адна ўчастковая бальніца, бальніца сястрынскага догляду і 16 ФАПаў.







— У Мінскай вобласці адначасова з Лагойскай ЦРБ стала прымаць пацыентаў па профілі Смалявіцкая ЦРБ, у прыватнасці аддзяленне неўралогіі, а таксама Бярэзінская ЦРБ. Развіталіся з чырвонымі зонамі Уздзенская ЦРБ і абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі «Загор'е». Вышэйпералічаныя ўстановы цалкам перайшлі на звычайны рэжым працы. У іх няма ні аднаго пацыента з COVID-19.
Разам з тым, нягледзячы на паляпшэнне эпідсітуацыі, расслабляцца не варта. Сусветная арганізацыя аховы здароўя раіць не спяшацца з пераходам на профільныя прыёмы пацыентаў. Не выключана і трэцяя хваля пандэміі. Нагадаю, што важнейшым кампанентам у барацьбе з эпідпрацэсам з'яўляецца імунізацыя насельніцтва.
shimuk@sb.by