Быццам з-пад пяра класіка

Магчымасць напісаць ліст рукой Янкі Купалы з’явілася ў кожнага — дзякуючы камп’ютарнаму шрыфту “Пясняр”
Магчымасць напісаць ліст рукой Янкі Купалы з’явілася ў кожнага — дзякуючы камп’ютарнаму шрыфту “Пясняр”, які адпавядае почырку народнага паэта.

Ідэя належыць дызайнеру Паўлу Мінкевічу, які, па яго прызнанні, заўсёды хацеў зрабіць для беларускай культуры ў цэлым і беларускага дызайну ў прыватнасці нешта асаблівае. Над шрыфтам “Пясняр” працавала цэлая каманда, у тым ліку эксперты па творчасці Купалы. Каб стварыць алфавіты для беларускай, рускай і лацінскай раскладак ім прыйшлося перагартаць дзясяткі старонак рукапісаў паэта. Кожную літару неабходна было знайсці хаця б у некалькіх чарнавіках, паглядзець яе розныя напісанні, выбраць нешта сярэдняе і зрабіць так, каб яна добра чыталася і падыходзіла да астатніх літар. З некаторымі літарамі давялося папоркацца, напрыклад з рускай “щ”, якую вельмі цяжка было адшукаць у рукапісах паэта. Спатрэбілася некалькі месяцаў, каб дакладна паўтарыць почырк Купалы.



Шрыфт “Пясняр” не проста арыгінальны спосаб напісаць ліст каханаму або аформіць паштоўку імянінніку. Гэта яшчэ і добрая магчымасць для сучасніка зразумець творчасць і асобу Купалы. Як засведчыла эксперт-графолаг Наталля Быкаўская, якая прааналізавала шрыфт Купалы, паэт быў асобай бунтарнай, актыўным змагаром за праўду і сапраўдным геніем, у яго заўсёды было шмат ідэй. Паспрабуйце напісаць некалькі радкоў шрыфтам “Пясняр” — магчыма, і ў вас прачнецца геній. Дзеля гэтага неабходна зайсці на сайт www.piasniar.by, спампаваць лічбавую копію шрыфта Янкі Купалы (абсалютна бясплатна) і пісаць — вершы, дакументы, лісты, паведамленні і гэтак далей.

mila@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter