Быць у эпiцэнтры жыцця

75 гадоў назад выйшаў першы нумар добрушскай раённай газеты

75 гадоў назад упершыню прыйшла да чытача добрушская раённая газета

 Лiтаральна з першых выпускаў тагачасны «Сталiнец» i ва ўсе наступныя гады добрушская раёнка (пазней яна насiла назвы «Зара камунiзму», «Ленiнец», «Добрушскi край») iмкнулася быць у эпiцэнтры мясцовага жыцця, перадаючы чытачам дух эпохi, усебакова адлюстроўваючы падзеi i справы працаўнiкоў добрушскай зямлi. Пульс мясцовага жыцця адчуваюць раённыя газетчыкi i сёння. Напярэдаднi юбiлейнай даты карэспандэнт «Р» сустрэўся з галоўным рэдактарам «Добрушскага краю» Вольгай Селязнёвай.

— Вольга Анатольеўна! Пачаць размову аб юбiлеi раёнкi хацелася б у кантэксце яшчэ адной знакавай даты не толькi для чытачоў «Добрушскага краю», а i ўсiх жыхароў нашай краiны – з надыходзячай 65-й гадавiнай Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне...

— Скажу без перабольшвання: тэма барацьбы i перамогi над нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi была i застаецца адной з галоўных на старонках нашай газеты. I хаця непасрэдна ў гады акупацыi выданне часова не выходзiла, ваявалi журналiсты з ворагам не толькi друкаваным словам. Ваяваў адзiн з першых даваенных рэдактараў Якаў Аўчароў, сын селянiна з вёскi Крупец. 30 годоў стаяў на чале рэдакцыйнага калектыву яшчэ адзiн удзельнiк вайны Iван Кулiнiч. Помсцiў фашысцкiм вылюдкам за смерць сваiх родных у партызанскiм атрадзе i Мiкалай Логвiн, пасля вайны ён працаваў у раёнцы загадчыкам аддзела пiсьмаў. Мужна змагалiся з ворагам на франтах Вялiкай Айчыннай i былыя супрацоўнiкi рэдакцыi Уладзiмiр Татараў, Дзмiтрый Неўскi, Аляксей Пархоменка. Прыгадаць iмёны гэтых сапраўдных прафесiяналаў газетнай справы ў юбiлей раёнкi i перад слаўнай датай Перамогi лiчу неабходным.

— Добрушчына – раён прыгранiчны. На мяжы яго стаiць манумент Дружбы, якi з цягам часу стаў сiмвалам непарыўных сувязей i еднасцi беларусаў з суседнiмi славянскiмi народамi – расiянамi i ўкраiнцамi. Якi ўклад ва ўмацаванне гэтых добрых стасункаў уносiць калектыў «Добрушскага краю»?

— Мы не толькi перадаём узнёслую атмасферу масавых свят i маладзёжных злётаў, якiя штогод праходзяць ля манумента, але i шырока асвятляем мiжнародныя эканамiчныя i добрасуседскiя кантакты ўлад, гаспадарчых суб’ектаў, калектываў i жыхароў памежжа. Журналiсты «Добрушскага краю» самi паказваюць прыклад цеснага дзелавога супрацоўнiцтва i цёплых чалавечых зносiн з расiйскiмi i ўкраiнскiмi калегамi. Выйгрыш ад такiх падыходаў агульны: з газетчыкамi гараднянскай райгазеты «Навiны Гарадняншчыны» (Украiна), злынкаўскай «Знамя», навазыбкаўскай «Маяк» (Расiя) мы абменьваемся матэрыяламi, знаёмiм з iмi нашых чытачоў.

Разам з тым, i гэта зазначаем не без гонару, «Добрушскi край» на Гомельшчыне з’яўляецца адзiным, а ў рэспублiцы – адным з нямногiх раённых беларускамоўных выданняў. Для падтрымання такога статуса газеты нямала зрабiлi мае папярэднiкi – кiраўнiкi рэдакцыйнага калектыву i яго супрацоўнiкi. Калi падысцi ўзважана, то, па вялiкiм рахунку, сёння мы выконваем важную грамадскую мiсiю – на памежнай тэрыторыi i сярод жыхароў раёна актыўна прапагандуем сваё нацыянальнае багацце – культуру i мову.

— Раней было модна мераць аўтарытэтнасць выдання колькасцю падпiсчыкаў i пазаштатных аўтараў...

— Тое, што колькасць сённяшнiх чытачоў «Добрушскага краю» наблiзiлася да пяцi з паловай тысяч, безумоўна, сведчыць аб даверы да газеты. Калi ж казаць пра аўтарскi актыў, то пiсьмы, тэлефанаваннi, матэрыялы чытачоў па-ранейшаму застаюцца для рэдакцыi жыватворнай крынiцай, якая наталяе выданне чыстай вадой надзённых тэм i хвалюючых праблем. Таму ў верных сяброў раёнкi — намеснiка дырэктара Насовiцкай СШ Вiктара Сепiкава, былога партызана-разведчыка Iвана Курдэсава, жыхара вёскi Агародня Сямёна Руднiкава i iншых актыўных пазаштатных аўтараў «Добрушскага краю» сёння таксама свята. З iм iх i iншых пастаянных аўтараў шчыра вiншую.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter