Быць першым складана, але ганарова

Вячаслаў Доўнар выгадаваў «БІТ-Юніён» літаральна з «нуля»

Старшыня праўлення холдынгу ТАА «БІТ-Юніён» Вячаслаў Доўнар (на здымку) у рэспубліцы можа па праву прэтэндаваць на званне аднаго з самых вопытных прадпрымальнікаў. Сваё буйное і шматпрофільнае прадпрыемства, якое сёння вядома далёка за межамі Беларусі, ён выгадаваў літаральна з «нуля»: першы прадпрымальніцкі досвед Доўнар набыў яшчэ ў 80-х — на заранку кааператыўнага руху. За амаль 30 гадоў сваёй бізнес-кар’еры набыў немалы вопыт. У тым ліку і ў працы ў іншых дзяржавах: з’яўляўся заснавальнікам кампаній у Расіі і Германіі, упэўнена супрацоўнічаў з калегамі з прыбалтыйскіх дзяржаў, наладзіў цесныя сувязі са шведскімі машынабудаўнікамі... Аднак Вячаслаў Іванавіч глыбока ўпэўнены: самыя цікавыя праекты заўсёды лепш рабіць у роднай краіне. І не апошнюю ролю адыгрывае маральнае задавальненне.

На думку Вячаслава Доўнара, бізнес — гэта не толькі занятак для атрымання прыбытку або задавальнення ўласных амбіцый, але і магчымасць уплываць на грамадства, стымуляваць яго эфектыўнае, прагрэсіўнае развіццё. Магчыма, менавіта па гэтай прычыне холдынг, якім ён кіруе, рэалізуе шмат праектаў з сацыяльным падтэкстам. Тры гады таму на базе холдынгу сумесна з ДНУ «Аб’яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі» створаны Навукова-тэхнічны цэнтр магістральнага машынабудавання і лагістыкі. Ён займаецца навуковымі, тэхнічнымі і эканамічнымі даследаваннямі, якія маюць значэнне для развіцця ўсёй транспартнай сістэмы, інфраструктуры і машынабудавання ў Беларусі. ТАА «БІТ-Юніён» стала першым прыватным прадпрыемствам, на базе якога стварылі філіял кафедры БНТУ для падрыхтоўкі прафесійных спецыялістаў у сферы лагістыкі. Ужо здадзена ў эксплуатацыю першая чарга транспартна-лагістычнага цэнтра. Вячаслаў Доўнар зноў жа стаў першым у рэспубліцы інвестарам, які адважыўся рэалізоўваць такі праект. Як адзначае прадпрымальнік, часта даводзіцца прымаць досыць неардынарныя рашэнні, якія не адпавядаюць апісаным у падручніках канонам. Але знаходзіць новыя, больш эфектыўныя і сучасныя рашэнні, на яго думку, і ёсць сутнасць гэтага бізнесу.

Фота: Аляксандр ТАЛОЧКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter