Быць бесклапотным

Нам хацелася б жыць без клопатаў. Нікуды не бегчы, ні аб чым не думаць.
Нам хацелася б жыць без клопатаў. Нікуды не бегчы, ні аб чым не думаць. Успомнім гэтае прыемнае пачуццё, калі мы рыхтаваліся да нечага вельмі важнага — прыём на працу, паступленне ў ВНУ, шлюб і вяселле і г. д. Нам не хапала часу, мы турбаваліся, як усё пройдзе. І вось надыходзіць момант, калі нам цяжка паверыць, што ўсё скончылася вельмі добра і цяпер можна адпачываць.

Аднак мы пераконваемся, што жыццё складаецца з многіх этапаў — як толькі заканчваецца адна падрыхтоўка, пачынаецца іншая. Скласці рукі і нічога не рабіць — гэта не выйсце. Таму могуць падацца дзіўнымі і легкадумнымі словы апостала Паўла з Паслання да Карынцянаў: “Я хачу, каб вы былі бесклапотныя”. Пасля зацытаванага выразу апостал Павел разважае пра жанатых і нежанатых, замужніх і незамужніх. У яго няма адназначнага вырашэння гэтай праблемы, але яму важна, каб знаходжанне ў шлюбе або бязжэнства былі не выпадковым рашэннем, а свядомым выбарам. Ніхто не можа быць прымушаны да такога выбару. Аднак, уступаючы ў шлюб, будучыя сужэнцы непазбежна стануць перад выбарам — выконваць Божую волю ці аддаць перавагу ўласнаму камфорту.

Прыкладам поўнага і бескампраміснага служэння Богу, вернасці сваім перакананням з’яўляюцца чатыры дзевы — вельмі славутыя ў лацінскай традыцыі, іх Рымска-каталіцкі Касцёл успамінае ў літургіі па чарзе. Гэта святая Цэцылія (успамін 22 лістапада), святая Люцыя (13 снежня), святая Агнешка (21 студзеня) і святая Агата (5 лютага). Дзень святой Агаты — дзяржаўнае свята ў маленькай краіне Сан-Марына, святой Люцыі — у Сент-Люсіі. Названыя святыя вырашылі жыць, захоўваючы дзявоцтва, і памерлі мучаніцкай смерцю за Хрыста. На ўспамін святой Агаты ў нашай краіне і не толькі асвячаецца хлеб, радзей — вада і студні. Гэты хлеб на нашых землях прынята браць з сабой у падарожжа або захоўваць у дамах, звяртаючыся з малітвай да Бога аб адхіленні небяспекі.

“Бесклапотны” чалавек апостала Паўла стаіць перад дылемай, якую апостал вырашыў у сваім пасланні: “Кажу вам, што заканчваецца час, каб і тыя, хто мае жонак, былі як тыя, хто не мае, і тыя, хто плача, былі як тыя, хто не плача, і тыя, хто радуецца, былі як тыя, хто не радуецца, і тыя, хто купляе, былі як тыя, хто не набывае, і тыя, хто карыстаецца светам, былі як тыя, хто не карыстаецца, бо мінае вобраз гэтага свету”. Гэтыя словы заахвочваюць нас задумацца аб тым, што для нас важнае.
Нашы думкі займае тое, што цяпер здаецца нам самым галоўным: сям’я, а можа, тое, што дае нам гэты свет, можа, і наш настрой — наш боль ці радасць. Апостал Павел прапануе змяніць пункт гледжання. Так, я плачу, але не гэта галоўнае ў маім жыцці. Галоўнае — Бог. Так, я радуюся свайму поспеху, але галоўнае — Валадар Нябёсаў. Вось у такой сітуацыі мы свабодныя ад таго, што маем у гэтым свеце, свабодныя для вечнасці. Мы не адкідаем тое, што ў нас ёсць, але мы больш не звязаны гэтым.

Можа быць, таму мы не ўмеем жыць без турботаў, бо мы несвабодныя? Унутраная свабода з’яўляецца адным з асноўных элементаў сталай асобы. Езус у Евангеллі прымушае маўчаць нячыстага духа, загадваючы яму: “Змоўкні”. На слова Хрыста злы дух сам павінен сябе абмежаваць. Гэтым жа словам Хрыстос сцішвае буру на возеры. У нашым хатнім касцёле падчас малітвы і чытання Бібліі Бог няспынна ачышчае нашыя думкі, развязвае пераплеценае паміж сабой дабро і зло, вызваляе ад пераканання, што, прымаючы Бога, чалавек страціць штосьці істотнае, без чаго ён не зможа жыць. Калі ёсць на свеце цвёрдае сэрца, якое патанае ў смутку ці пустэчы і не здольнае самастойна вырвацца з гэтага становішча, то Езус узнімае яго да сябе, да крыніцы існавання. Мы створаныя для таго, каб даць Езусу нас уваскрасіць. Бог уціхамірвае дэманаў, каб чалавек мог праславіць Бога.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter