Актывістаў з суполкі “Уздым” запрасілі на сустрэчу з настаўнікамі адной са школ Даўгаўпілса

Было пра што расказаць...

Актывістаў з суполкі “Уздым” запрасілі на сустрэчу з настаўнікамі адной са школ Даўгаўпілса


Мы рабілі прэзентацыю беларускага таварыства “Уздым” у 3-й школе Даўгаўпілса. Там ёсць традыцыя: знаёміцца з этнасуполкамі, дайшла чарга і да беларусаў. А мы, як вядома, шмат увагі надаем пашырэнню беларускай культуры там, дзе жывём. Нам хочацца, каб людзі іншых нацыянальнасцяў маглі дакрануцца да багатай культуры, гісторыі, традыцый беларускага народа.



Пры беларускім таварыстве “Уздым” плённа працуе творчы гурт “Пралескі”

У актавай зале школы сабраліся настаўнікі. Як іх вітаць? Вырашылі пачаць з верша паэта Станіслава Валодзькі “Землякам”: у ім чуваць мелодыка нашай мовы. Намесніца старшыні суполкі Людміла Сінякова расказала, дзеля чаго створана таварыства. А я прадоўжыла аповед. Згадала, як ішло станаўленне суполкі, пра нашы творчыя гурты, якія радуюць талентамі гаражан Даўгаўпілса, жыхароў  Латгаліі і замежжа. Больш падрабязна расказала пра “Беларускі кірмаш” — вялікую штогадовую імпрэзу,  якая стала візітнай карткай Цэнтра беларускай культуры і таварыства “Уздым”. Расказваючы пра суполку, гаварылі мы і пра даваенную гісторыю жыцця беларусаў Латгаліі.

Потым спадарыня Зінаіда Сіліня,  старэйшы сябар таварыства, цікава і эмацыйна знаёміла настаўнікаў з абрадавамі беларускімі песнямі: яна чула і спявала іх у дзяцінстве — спявае і цяпер. Вытокі тых песень — ад яе родных, бабулі і матулі. Зінаіда Іванаўна спявала ўрыўкі з розных твораў, а песню “Шэры конь”, гэта візітная картка спявачкі, выканала цалкам.

Далей Людміла Сінякова прадоўжыла аповед пра дзейнасць суполкі, пра знакамітых і таленавітых людзей, якія сваёй творчасцю ўпрыгожваюць жыццё ЦБК і “Уздыма” — гэта Анастасія Сазанкова, Валянціна Абушкевіч, Мікола Навуменка, Станіслаў Валодзька, Яўген Голубеў, Галіна Жалабоўская, Надзея Паўловіч, Павел Плотнікаў. Людміла расказала і пра ўдзел сяброў таварыства ў навуковых, краязнаўчых канферэнцыях як Латвіі, так і за яе межамі. Дзякуючы намаганням Людмілы створана маладзёжная група — гэта новы і цікавы рух у жыцці суполкі. Мы знаёмілі настаўнікаў з сайтам “Уздыма” і прапанавалі яго наведваць. Там знаходзяць адлюстраванне нашы справы, праекты. Дарэчы, прэзентуючы сайт, мы і фотаздымкі паказвалі з жыцця суполкі.

Настаўнікі даведаліся, што пры таварыстве “Уздым” працуе беларуская школа. Там вучні знаёмяцца з гісторыяй і традыцыямі беларусаў, на аснове гэтага і вывучаюць беларускую мову. Для іх праводзяцца і заняткі па прыкладным мастацтве. А настаўніца Таццяна Блізнакова праводзіць і музычныя заняткі, рыхтуе тэатральныя пастаноўкі. У суполкі ёсць сяброўскія сувязі з настаўнікамі школ з Беларусі (Магілёў, Гродна), з Беларускай асноўнай школай імя Янкі Купалы, якая працуе ў Рызе. У Цэнтры беларускай культуры ў нас адкрыта народная бібліятэка, у яе фондах — кнігі, сабраныя сябрамі таварыства “Уздым”. У рэалізацыі такога каштоўнага праекта нам паспрыялі супрацоўнікі Латгальскай цэнтральнай бібліятэкі. Гаварылі мы і аб праблемах інтэграцыі беларусаў у латвійскае грамадства.

Мы паказалі відэаматэрыялы пра Беларусь, падаравалі школе буклеты, часопісы, праспекты і кампакт-дыскі пра нашу Бацькаўшчыну. Дырэктар школы Віталь Азарэвіч падзякаваў нам за цікавую сустрэчу.

Вольга Паўловіч, намесніца старшыні таварыства “Уздым”, г. Даўгаўпілс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter