Абраду выпечкі караваяў у слонімскіх вёсках Навікі, Прырэчча, Паўлава і Навасёлкі нададуць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Былi хлябы сцiплыя, сталi багатыя

Вядомыя ў раёне і далёка за яго межамі каравайніцы з вёскі Прырэчча і Навікі Слонімскага раёна даўно здзіўляюць сваімі кулінарнымі шэдэўрамі. На вяселле, Вялікдзень, Тройцу — каравай для сустрэчы гасцей… Вырабляюцца яны з выкананнем тамтэйшых звычаяў і павер’яў, нават з песнямі, жартамі і прымаўкамі па адмысловай рэцэптуры. А зусім хутка адметная традыцыя набудзе статус гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны. Адпаведнае рашэнне ўжо прыняла Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

Удзельніцы народнага аматарскага аб’яднання “Чараўніцы-каравайніцы”.

Караваi на Слонімшчыне пачалі выпякаць адразу пасля вайны, аднак калі традыцыя ўзнікла дакладна, невядома, паціскае плячыма адна з самых старэйшых яе носьбітаў 92-гадовая Сафія Слукіна з Навікоў:

— Мяне, як і многіх жанчын, навучыла маці. Раней былі хлябы больш сціплыя. Жылі бедна. А цяпер ёсць магчымасць выкарыстоўваць самыя лепшыя прадукты. Але ж і ў мінулым, і сёння славутыя кандытарскія вырабы выконваюцца па старадаўняй тэхналогіі. Узяць, напрыклад, самы вядомы вясельны каравай, які мог важыць да 16 кілаграмаў. Яго гатаванне — сапраўдны рытуал, у якім трэба задзейнічаць строга 7 чалавек. Кожная з запрошаных майстрых прымае ўдзел у дзеі, якая цягнецца некалькі дзён. Пачынаецца ўсё з таго, што старэйшая, калі расчыняе і месіць цеста, звяртаецца да прысутных з просьбай блаславіць кожную стадыю падрыхтоўкі ўрачыстага хлеба.

У першы дзень прапальваецца печ. На другі пачынаецца выпечка: замешваецца цеста, у тым ліку і для “шышак” (адмысловых упрыгажэнняў, колькасць якіх можа даходзіць да 600 штук). Абавязковыя складальнікі рэцэпта простыя: мука, малако, цукар, масла, маргарын, яйкі, дрожджы, алей, ванілін. Прапорцыі “на вока”: каравайніцы, маючы вялікі вопыт, самі адчуваюць, колькі чаго патрэбна. Вечарам на печ ставіцца мука, каб прагрэлася. Зранку яна прасейваецца ў міску, затым у цэнтр уліваецца малако і пачынаецца замес драўлянай лыжкай “па сонцы”. Паслядоўна ўбіваюць яйкі, разведзеныя дрожджы, цукар і астатнія кампаненты. Цеста месяць і валкуюць так, каб далонь не сціскалася ў кулак, каб маладыя жылі дружна, не біліся.

Падчас замешвання цеста вымаўляюцца замовы. Напрыклад: “Ці ёсць тут Бог, бацька і матка раджоныя, суседзі блізкія і далёкія, мужы статычныя, бабкі заплечныя, дзеткі запечныя. Благаславіць краснай пане каравай учыніць?” Усе адказваюць: “Бог благаславіць”. Затым старэйшая гаспадыня пытаецца ў прысутных тройчы: “Напрод Пана Бога, покуця святога, пана ойча, пані матка, панове прыляцелі, панове суседзі, прашу благаславіць, каравай расчыніць?” За кожным разам усе адказваюць: “Бог благаславіць”. Ці гаворыцца замова да росту цеста:

Падыходзь, падыходзь, наш каравай,

З дубовай дзежкі дно выбівай,

Калі будзеш выбіваці,

То будзем цябе гібаці.

Цеста для “шышак” замешваецца асобна, але актыўны ўдзел на гэтым этапе прымаюць дзеці. Адмысловыя хлебныя ўпрыгажэнні абмазваюцца птушыным пяром, абмакнутым ва ўзбітае яйка, і запякаюцца над полымем печы. Асабістае патрабаванне нават да дроў: яны павінны быць альховымі без кары, каб не было дыму. Караваі ставяць у печ на дзве гадзіны. Пасля таго як яны спякуцца, вымаюцца і ставяцца астываць, прыгаворваючы: “Дайце сыру, масла, каб яго цела згасла”.

Нарэшце, на трэці дзень адбываецца ўпрыгожванне каравая з такой замовай:

Каравай мой, караваю,
Я каля цябе іграю,
Я каля цябе іграю,
Я цябе прыбіраю.
Навокал сыр і масла,
Пасярод — доля і шчасце.

Такiх носьбітаў, як Сафія Слукіна, хто працягвае ўнікальную традыцыю, у слонімскіх вёсках — 13 чалавек. Яны злучыліся ў народнае аматарскае аб’яднанне “Чараўніцы-каравайніцы” філіяла “Навасёлкаўскі цэнтр культуры” Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў. Існуе суполка з 1983 года, створана па прапанове жыхаркі вёскі Прырэчча Ларысы Мудрацовай. Калі ў вёсцы закрыўся клуб, збірацца аб’яднанне пачало ў Навасёлках, удакладняе Ларыса Вікенцьеўна:

— Практыкаваць традыцыю мала. Яе трэба захаваць і перадаць. Гэта значыць, што павінна быць асобная майстэрня. Але такой няма, даводзілася арэндаваць памяшканне ў вяскоўцаў. Напрыклад, раней аб’яднанне час ад часу “кватаравала” ў хаце жыхара вёскі Паўлава Мікалая Лагуціка. Ён прапанаваў жанчынам дом з рускай печчу (гэта асноўная ўмова для вырабу шэдэўраў). Цяпер жа мы збіраемся ў доме Міхаіла Шундрыка.

Верагодна, ужо ў гэтым годзе “Чараўніцы-каравайніцы” займеюць жаданае памяшканне для заняткаў, паведаміла намеснік дырэктара Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў Галіна Сегень:

— Скарыстоўвалі ўсялякія магчымасці, каб вырашыць праблему творчага згуртавання. Аднойчы даведаліся пра праграму ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Вырашылі паўдзельнічаць, падрыхтавалі праект “Адраджэнне і захаванне абрада выпечкі каравая”. У выніку праект, які аб’ядноўвае вяскоўцаў адразу чатырох вёсак — Навікоў, Прырэчча, Паўлава і Навасёлак, дзе жыве і працягваецца славутая каравайная традыцыя, — набраў большую колькасць балаў па Слонімскім раёне. Мы перамаглі. Такім чынам, хутка адкрыем спецыяльнае асобнае памяшканне ў Навінкаўскім цэнтры культуры з рускай печчу, сталамі. Там і можна будзе праводзіць майстар-класы.

АДКРЫЦЦЁ майстэрні павінна адбыцца ўжо ў гэтым годзе. Вяскоўцы задумваюць прэзентаваць яе на фестывалі хлеба “Духмяны каравай”, што таксама прадугледжана праектам.

ЦІКАВА, ШТО...

Сярод печыва слонімскіх вёсак вызначаецца не толькі самы пышны — вясельны каравай. Асобны пласт — велікодныя пірагі. Яны бываюць рознай формы, і кожны мае свае ўпрыгажэнні. Напрыклад, “Крыжык” — высокі пірог круглай формы, на версе выява крыжа, выпякаецца для памерлых родзічаў; “Мазурка” — круглай формы, выпякаецца для прыёму гасцей, вельмі здобны; “Пляцёнка” — пірог, пераплецены жгутамі, прызначаецца для частавання валачобнікаў; бабкіны пірагі для частавання дзяцей; “Чырвоная горка” — пірог з замочанага аўса, у які клаліся чырвоныя яйкі, прызначаецца для жывёл як засцярог ад сурокаў і хвароб. Дарэчы, на Сёмуху, ці Тройцу, выпякаюцца летнія булкі. Адметная іх рыса — дабаўленне тварагу, карыцы і ўпрыгожванне зелянінай.

uskova@sb.by

Фота з архіва Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter