Была такая армія

У цэнтры рамана «Мытары і фарысеі» — лёс афіцэра-верталётчыка

Напрыканцы года заўсёды хочацца азірнуцца назад, успомніць, што найбольш важнае, значнае адбылося ў ім. Вядома, такіх падзей было нямала. Як і ў жыцці краіны, так і ў асабістым. А паколькі гэты год быў Годам кнігі, то, бясспрэчна, аматарам літаратуры ёсць нагода абавязкова спыніцца, засяродзіць увагу на прачытаным. Што з літаратурных твораў (не абавязкова кніг, было нямала добрых публікацый і ў літаратурна-мастацкіх часопісах) запомнілася мне асабіста, усхвалявала? Скажу шчыра: крануў, зачапіў, як кажуць, за жывое раман Мікалая Елянеўскага «Мытары і фарысеі», надрукаваны ў «Нёмане» (№ 7—8).

Падзеі ў ім разгортваюцца ў тыя дні, калі пачаў развальвацца Савецкі Саюз. Якраз напярэдадні ў авіятараў адбыўся афіцэрскі сход у падтрымку палітыкі, якая праводзіцца Прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым. Выступоўцы на ім адзінагалосна зазначылі, «што зваротнага шляху ў нас няма, што толькі перабудова дазволіць падняцца да тых вышынь сацыяльнага дабрабыту, на якія накіроўвае наш народ родная Камуністычная партыя». І ў самы разгар гэтага мерапрыемства здарылася непрадбачанае: патухла святло ў салдацкім клубе, а начальнік яго, капітан Ярохін, якога выклікалі выправiць сітуацыю, «засвяціўся» перад высокім начальствам не ў лепшым стане — быў на падпітку. Вядома ж, партсход! І выйсце адзінае для бедалагі — выключэнне з партыі. Што і было зроблена. Значыць, бывай кар’ера, а можа, і войска. Капітан Ярохін не змог перажыць гэтага, канчае жыццё самагубствам. Але паспяшаўся, як аказалася. Неўзабаве партыі не стала, і ўсе тыя, хто падымаў руку за яго выключэнне, самі аўтаматычна пазбавіліся партбілетаў. Лёс, аднак! Ды што партыйных білетаў — пазбавіліся, можна сказаць, будучыні.

Аўтар рамана тонка заўважыў: «Велізарная краіна развальвалася на вачах, а разам з ёй і армія папаўзла па швах, нібыта афіцэрскi шынель, якi сталі цягнуць у розныя бакі. Хто за што ўхапіўся: хто за падол, хто за каўнер, думаючы, што з асобных шматкоў сшыецца нешта прыстойнае. І цяпер сусед адгароджваўся ад суседа, нібы той быў самым заклятым і пры гэтым даўнім ворагам».

У цэнтры твора — лёс афіцэра-верталётчыка беларуса Луняніна і яго таварышаў, якія неслі нялёгкую вайсковую службу ў Сярэдняй Азіі. Пісьменнік Мікалай Елянеўскі, трэба заўважыць, і сам у той час праходзіў службу ў Ташкенце, таму добра ведае матэрыял, які прапануе чытачу. Ваенны журналіст, ён аб’ездзіў увесь Узбекістан, з надзвычайнай цеплынёй апісвае прыгажосць гэтага краю і ў той жа час завастрае ўвагу на рэзкіх пераменах у адносінах некаторых (заўважце: некаторых!) мясцовых жыхароў да рускіх, што выяўлялася ў прамым падбухторванні да ад’езду тых «да сябе дахаты». Потым, праўда, яны адумаюцца. А пакуль штаб Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі неяк вельмi хутка становіцца Міністэрствам абароны Узбекістана са сваім міністрам, намеснікамі і ўсім тым, што неабходна для такой катэгорыі кіраўніцтва. Учарашнія маёры, падпалкоўнікі, якія мелі ўзбекскі радавод, у спешным парадку ўзводзіліся ў палкоўнікі, генералы. І без таго строгая прапускная сістэма ў штаб імгненна паднялася да непамерных вышынь сакрэтнасці, нібыта ўзбекскае войска вырашала задачы сусветнага значэння. Цяпер і неадкладна!

Былыя савецкія генералы і афіцэры адзін за адным адбывалі ў Маскву, дзе Міністэрства Узброеных Сiл СССР панізіла ўжо сябе да радавога міністэрства Расійскай Федэрацыі і ператварылася ў рассылачна-перасылачны пункт для прыбываючых у Расію з розных канцоў генералаў і афіцэраў. Вайсковыя часці, размешчаныя на тэрыторыі Узбекістана, пачалі пераходзіць пад новыя сцягі.

Так, была такая армія — армія Савецкага Саюза. Грозная і непераможная. З сумам успамінае пра яе адзін з яе прадстаўнікоў — падпалкоўнік у адстаўцы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі Мікалай Елянеўскі, які жыве ў Пінску.

Гэты раман ён і прысвяціў афіцэрам Узброеных Сіл Савецкага Саюза.

Трэба заўважыць, Мікалай Елянеўскі раней быў вядомы як аўтар раманаў «Час пастыра» і «Наперстны крыж». Трэці яго раман — «Мытары і фарысеі» засведчыў у чарговы раз, што ў беларускай літаратуры працуе ўдумлівы, своеасаблівы і таленавіты пісьменнік.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter