Георгій Марчук — пра літаратуру, кіно, малую радзіму і Нобелеўскую прэмію

«Была на тое патрэба душы»

Сем беларускіх пісь­меннікаў сталі сёлета лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У ліку іх – Георгій Марчук. Журы і эксперты высока ацанілі яго кнігу «Святло вышыні» і прысу­дзілі перамогу ў намінацыі «Лепшы твор драматургіі». Зборнік складаецца з чатырох гістарычных п’ес. Тры прысвечаны жыццю і дзейнасці славутага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны і ствараюць выразны партрэт пачынальніка беларускага Адраджэння ад часоў юнацтва да сталых гадоў, а драма «Альгерд» апавядае пра жыццё маладога князя ў Віцебску.

Пісьменнік Георгій МАРЧУК.
Фота Віталя ГІЛЯ

«Люблю працаваць са словам»

— Георгій Васільевіч, акрамя амаль паўсотні п’ес вы – аўтар 8 раманаў, 100 навел, 60 казак, 500 афарызмаў. Які жанр самі лічыце асноўным у сваёй творчасці?

— Не ўяўляю, як вызначыць адзін. Падабаюцца ўсе. Прызнаюся шчыра: люблю працаваць са словам. Што б ні пісаў – была на тое патрэба душы. У пачатку творчасці любіў аднаактовыя п’есы, затым паглыбіўся ў драматургію. Далей раманы прыйшлі, казкі, афарызмы. Я не паэт, але лірык па натуры:  гады два таму паспрабаваў складаць тэксты песень. Зрабілася крыўдна, што няма песень пра нашы мястэчкі, невялікія гарады. Напісаў для Давыд-Гарадка, Століна, Жыткавічаў, Пінска, Турава, Александрыі. А на нядаўнім свяце беларускага пісьменства прагучала наша з Эдуардам Ханком песня, прысвечаная малой радзіме. Вельмі пранікнёна выканала яе Ірына Дарафеева. Так што ўсе жанры, па-руску кажучы, «хороши». Мне падабаецца працаваць у розных. Яны быццам твае дзеці рознага ўзросту: старэйшыя, маленькія. І на час працы тое ці іншае «дзіцятка» робіцца самым дарагім. Просіцца песня – пішаш яе, натхнёны чым-небудзь — зробіш навелу, а ёсць сюжэт – будзе п’еса. Вось апошнім часам зрабіў камедыю на сучасную тэму. Паспрабаваў спалучыць палітычнае, дзяр­жаўнае, побытавае ў адзін кацёл. Галоўны герой — дэпутат парламента.

Кніга «Святло вышыні» перамагла ў намінацыі «Лепшы твор драматургіі».
— Рэдкі персанаж для нашай літаратуры, дый тэма, як кажуць, слізкая...

— На тое ж і ёсць сатыра і гумар. Без іх літаратура не можа развівацца. Дарэчы, і Прэзідэнт у час сустрэчы з пісьменнікамі сказаў, што не хапае нам якраз сатыры і гумару. А наогул беларуская камедыя мае добрыя карані – Крапіва, Макаёнак, Матукоўскі, Дзялендзік, Петрашкевіч.

– Гадоў 15 ужо, як вы не браліся за раман. Чаму гэта «дзіцятка» закінулі?

— Напэўна, неставала часу. Раман патрабуе ўседлівасці. Хоць  пішу хутка, але збіраю матэрыялы, рыхтуюся доўга. А да жанру маю намер вярнуцца. 25 гадоў як Беларусь самастойная краіна. Ёсць пэўныя зрухі ў нацыянальным адраджэнні, эканоміцы, свядомасці людзей. Нешта ўжо ўстаялася, што можна перанесці ў раман. Як спачатку героі былі ў роспачы пасля разбурэння Савецкага Саюза, і як зараз яны паступова адчуваюць сябе ў нейкай еднасці, прыналежнасці да сваёй роднай зямлі. Ужо круціцца ў галаве сюжэт, яшчэ пакуль не бачу фіналу, але завязка і асноўныя тры персанажы ўжо ёсць.

— Вы два разы вылучаліся на Нобелеўскую прэмію. Спачатку ў 2009-м – з раманамі і навеламі. А ў 2012-м – з казкамі. Яшчэ спробы будуць?  

— У перспектыве, калі з’явіцца нешта вартае, можна і пазмагацца. Хапіла б толькі сіл і здароўя. Бо, думаю, зараз трэба счакаць гадоў 10—15, пасля Святланы Алексіевіч другі раз прадстаўніку Беларусі хутка прэмію зноў наўрад ці дадуць.

Малая радзіма не адпускае

— Па адукацыі вы – кіне­ма­та­графіст. Скончылі наш тэатральна-мастацкі  інстытут і Вышэйшыя курсы рэжысёраў і сцэнарыстаў у Маскве, як рэжысёр працавалі на «Беларусьфільме». А чаму пераважылі літаратура і пісьменніцкая дзейнасць?

— Стымулам, відаць, паслужыла перамога на конкурсе аднаактовых п’ес у 1971 годзе. Мне было крыху за 20, і за сваю камедыю я атрымаў грашовую  прэмію. Літаратура падалася больш цікавай, чым рэжысура. На тыя грошы я набыў першы ў жыцці касцюм. А калі сур’ёзна, то шлях ад хобі да прафесійнага занятка літаратурай, калі яна становіцца патрэбай жыцця і без яе ўжо не можаш існаваць, паступовы, даволі доўгі і складаны. Сталеючы, глыбей вывучаеш працэсы жыцця, каб перанесці іх у творы, з’яўляецца адказнасць перад словам, імкненне цягнуцца вышэй, шукаць тэмы і сюжэты, якія ніхто раней не браў, сваіх герояў. Таму ў свой час я адышоў ад кіно, сканцэнтраваў увагу на літаратуры і сур’ёзна пачаў рыхтавацца да напісання свайго першага, цяпер ужо досыць вядомага рамана «Крык на хутары». Дэбютаваў з ім у 27 гадоў.

— Але ж канчаткова інтарэс да кіно не згубіўся. Вы – аўтар некалькіх кінасцэнарыяў, экранізацыя рэжысёрам Дзмітрыем Зайцавым вашага рамана «Кветкі правінцыі» была ўшанавана Дзяржаўнай прэміяй у 1990-я. Ім жа па вашых творах пастаўлены фільм «Пісьмо Феліні», а Юрыем Ялховым – «Яблык Месяца».

— У кінематограф цягне. З кінастудыі я некалі пачынаў і багата чаму там навучыўся. Зараз, дарэчы, рыхтую да друку кніжачку ўспамінаў пра знакамітых нашых кінематаграфістаў. А што да самога кіно, то пакуль не магу рэаліза­ваць сцэнарый фільма «Пеўчыя 41-га». Староняцца экранізацыі майго рамана «Крык на хутары». Ляжыць сцэнарый лірычнай камедыі, напісаны з Іванам Юркіным, «Вясковае танга». Усё ўпіраецца ў адсутнасць спонсараў і грошай.

— Кажуць, што некалі вы адкрылі як камедыйнага акцёра Яўгена Крыжаноўскага...

— Так. У 1978 годзе здымаў на «Беларусьфільме» 25-хвілінную кінастужку «Трохкутнік, альбо Шукайце карову» па навелах Янкі Брыля, такую музычна-лірычную камедыйную гісторыю. Спачатку на галоўную ролю хацелі запрасіць Савелія Крамарава, я нават у Маскву да яго ездзіў, але не атрымалася. Тады вырашылі з аператарам паспрабаваць маладога акцёра Крыжаноўскага з Купалаўскага тэатра. Так з нашай лёгкай рукі ён і пайшоў далей, стаў беларускім комікам.

— Вы родам з Палесся, з Давыд-Гарадка. Мяркуючы па большасці вашых твораў, менавіта культура, гісторыя, побыт роднага краю паўплывалі на станаўленне вас як творцы?

— Абсалютная праўда. Без Давыд-Гарадка, Століншчыны, дзе прайшло  маё дапытлівае юнацтва, я б ніколі не адбыўся як пісь­меннік. І ў творах я сапраўды часта да іх звяртаюся. Вось зараз напісаў серыю эсэ – «Кварталы Давыд-Гарадка». Малая радзіма ніколі не адпускае, і ў гэтым — радасць. Бо, як і ў дзяцінстве і юнацтве, яна наталяе тваю прагу жыцця, дае жыццёвыя сокі. Нават калі ты зрэдку прыязджаеш туды, яна пастаянна прысутнічае і ў свядомасці, і ў душы.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter