Быкаў на вайне

Ваенныя творы Васіля Быкава вывучаюцца ў школе, экранізуюцца, ставяцца ў тэатры. Такая папулярнасць тлумачыцца лёгка — у іх праўда. Асабіста ўбачанае, адчутае і перажытае. Не ўсё Быкаў змог змясціць у аповесцях і апавяданнях. Многае засталося ў яго ўспамінах. Напярэдадні 90-гадовага юбілею пісьменніка і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў карэспандэнт “НГ” пагартала кнігу “Доўгая дарога дадому” — успаміны пісьменніка аб ваенных гадах. Дарэчы, яна стала апошнім прыжыццёвым выданнем Васіля Уладзіміравіча.

Ваенныя творы Васіля Быкава вывучаюцца ў школе, экранізуюцца, ставяцца ў тэатры. Такая папулярнасць тлумачыцца лёгка — у іх праўда. Асабіста ўбачанае, адчутае і перажытае. Не ўсё Быкаў змог змясціць у аповесцях і апавяданнях. Многае засталося ў яго ўспамінах. Напярэдадні 90-гадовага юбілею пісьменніка і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў карэспандэнт “НГ” пагартала кнігу “Доўгая дарога дадому” — успаміны пісьменніка аб ваенных гадах. Дарэчы, яна стала апошнім прыжыццёвым выданнем Васіля Уладзіміравіча.

Няшчасны аркушык

Вайна застала Быкава ў 17-гадовым узросце. Васіль толькі-толькі скончыў школу прафесійнай падрыхтоўкі рабочых кадраў ФЗН у Віцебску, дзе вучылі на будаўнікоў, і разам з іншымі выпускнікамі быў накіраваны ва Украіну. Хлопец і падумаць не мог, што там ён сустрэне столькі драматычнага і трагічнага. Як толькі выбухнула вайна, выпускнікоў ФЗН адразу мабілізавалі на абарончыя работы.

“Прызнацца, тое маладых спярша і не надта палохала, — узгадвае ў кнізе “Доўгая дарога дадому” Васіль Быкаў, — была ж толькі нядаўна фінская вайна, перад тым — вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь, усё сканчалася трыумфам перамог. Пераможам і тут. Але пакрысе рабілася сумна і страшнавата. Хацелася дадому, бліжэй да родных мясцінаў. Ды не было як”.

Да таго ж падчас адступлення ў Белгарадзе Быкаў, які спрабаваў купіць фруктовай гарбаты, загруз у натоўпе каля прылаўка і адстаў ад сваёй калоны, быў арыштаваны і ледзь не расстраляны як нямецкі шпіён. Падчас вобыску ў яго знайшлі карту — выдраны з падручніка аркуш, на якім юнак абазначаў перамяшчэнне фронту. Той аркушык ледзь не згубіў Быкава. Яго кінулі ў камеру, з якой выводзілі па чалавеку-два і тут жа расстрэльвалі. Чарговы раз прыйшлі за Быкавым.

“Не памятаю, як выйшлі са склепа, цераз брукаваны двор завярнулі за вугал мураванага будынка на вытаптаныя грады агарода. І там пад старым плотам я згледзеў у крапіве даўгія ногі ў высока накручаных абмотках, — успамінаў пісьменнік. — І я не стрымаўся — слёзы самі ручаём паліліся з вачэй. Чырвонаармеец прыпыніўся, бы здзіўлены маім бязмоўным плачам, і раптам кажа:”Пацан, бяжы! Хутка!”

Быкаву проста пашчасціла. Яшчэ і таму, што яго ўдзел у баях быў адтэрмінаваны на год. Восенню 1941 года аказалася, што хлопцы 1924-га года нараджэння пакуль не прызываюцца. І Васіля разам з сябрам адправілі ў тыл.

“Тут вам не парад”

Быкаў жыў на станцыі Салтыкоўка і ў горадзе Аткарску Саратаўскай вобласці, дзе паралельна вучыўся ў чыгуначнай школе, пакуль у жніўні 1942 года не быў прызваны ў Чырвоную Армію. Перад тым як трапіць на фронт скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча.”Восенню 43-га прысвоілі званне малодшага лейтэнанта, — пісаў Быкаў. — Пагоны выдалі залатыя, на якія кожны з выпускнікоў прышпіліў па адной маленькай зорачцы. Праўда, тыя прыгожыя пагоны ніяк нам не спатрэбіліся. У дывізіі начальнік штаба сказаў проста: “Зняць! Тут вам не парад”. Знялі, але палявых не атрымалі і пайшлі ў бой беспагоннымі”.

З васьмідзесяці выпускнікоў вучылішча ў вайну ацалелі толькі чацвёра. І адзін з нямногіх — Васіль Быкаў. Ён ваяваў на 2 і 3-м Украінскіх франтах, удзельнічаў у баях за Крывы Рог, Александрыю, Знаменку. Ці баяўся ён?

“Вядома, баяўся, а можа, часам і збаяўся, — не хаваў Быкаў. — Але страхаў на вайне шмат, і яны ўсе розныя. Страх перад немцамі — што маглі ўзяць у палон, застрэліць; страх з-за агню, асабліва артылерыйскага або бамбёжак. Калі выбух побач, так, здаецца, цела само, без удзелу розуму, гатова разарвацца на кавалкі ад дзікіх пакут. Але быў жа і страх, які ішоў з-за спіны, — ад начальства, усіх тых карных органаў, якіх у вайну было не менш, чым у мірны час. Нават больш”.

Хібаў у арміі было шмат. І пра іх Быкаў не баяўся ні ўспамінаць, ні пісаць у аповесцях і апавяданнях. Да прыкладу, ён піша, што ў пяхоце не было ніякага ўліку салдат: “Добра, калі пісар паспее перапісаць прозвішча навабранцаў, а то ідуць безыменнымі. І гінуць. Таму столькі ў нас цяпер “неизвестных солдат”, “пропавших без вести”. Такі быў улік. Во кулямёты ўлічвалі, гарматы, танкі. Нават снарады начальства лічыла, бо за іх адказнасць мела. А за людзей адказваў адзін Гасподзь Бог...” Піша і пра тое, што салдатаў прымушалі абыходзіцца без сну. І яны, сонныя, ішлі ноччу па заснежаным стэпе і спалі на хаду, спатыкаліся, падалі, часам заварочвалі не туды. Быкаў успамінае, як і сам заснуў па дарозе і ледзь не трапіў да немцаў.

Як на “курорце”

Вядома, на вайне цяжка абысціся без раненняў. Дасталося і Быкаву. Падчас Кіраваградскай аперацыі ён быў паранены ў нагу і жывот. Успамінае, што снарад разарваўся недзе наперадзе. Быкава моцна выцяла ў жывот. Цела ўсё стала мокрым — не зразумець, ці ад поту, ці ад крыві. Падляцеў санінструктар, перавязаў і пакінуў ляжаць на дарозе — байцам забаранялася пакідаць поле бою дзеля суправаджэння параненых. Ляжаў, пакуль не з’явілася фурманка з параненымі.

Далей было тое, што пісьменнік апісаў у творы “Мёртвым не баліць” — гэта ці не адзіная аўтабіяграфічная аповесць пісьменніка. Твор так названы невыпадкова — паранены Быкаў памылкова быў запісаны як забіты. Яго бацькі нават атрымалі паведамленне, што іх сын загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі каля Кіраваграда.

Шпіталь у Александрыі, куды патрапіў Быкаў, у параўнанні з перадавой паказаўся яму сапраўдным “курортам”, хоць і кармёжка была ўся тая ж, вайсковая, хіба што гарачая. Гэта хлеб, каша з ячных круп, радзей прасяная, вермішэлевы суп ці зноў жа ячневы і традыцыйная гарбата. Афіцэрам пазней сталі выдаваць яшчэ і лёгкі духмяны тытунь. Так Быкаў і прывучыўся курыць.”Мне ішоў дваццаты год, а яшчэ не пачынаў курыць — ганьба для савецкага афіцэра, як насміхаліся старыя курцы”, — узгадваў пісьменнік. Адаспаўшыся пасля перадавой, хворыя знаёміліся, гулялі ў карты і нават спявалі пад балалайку.

“Служы, афіцэр”

Быкаў паправіўся і ваяваў далей, удзельнічаў у Яска-Кішынёўскай аперацыі, вызваленні Румыніі. 3 дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю — старшым лейтэнантам, камандзірам узвода палкавой, потым армейскай артылерыі. Як толькі даведаўся пра капітуляцыю Германіі, адразу пачаў пісаць рапарты аб дэмабілізацыі. Праўда, ніводнаму з іх не давалі ходу. “Служы, прафесія афіцэра ў нас прэстыжная, быў адказ. Я не хацеў служыць, нават у блаславёнай Балгарыі, я хацеў дадому, у бедную маю Беларусь, хацеў вучыцца”, — пісаў Быкаў.

Загад аб звальненні прыйшоў толькі праз год — на Першамай. Быкаў вярнуўся на радзіму. Але думкі пра вайну не давалі яму супакою — надта шмат было заўважана і перажыта. І ён пачаў пісаць. Прычым не заўсёды прыймальна для афіцыйнай крытыкі. Быкава абвінавачвалі ў тым, што ён не з тых пазіцый піша пра вайну, скажае праўду, ачарняе гераічных савецкіх воінаў. Але вядома, што на вайне было ўсялякае, і штосьці хаваць, прыкрываць пісьменнік не мог — не дазвалялі сумленне і памяць пра тых, хто загінуў на полі бою.

“Мёртвым не баліць” — гэта ці не адзіная аўтабіяграфічная аповесць пісьменніка. Твор так названы невыпадкова — паранены Быкаў памылкова быў запісаны як забіты. Яго бацькі нават атрымалі паведамленне, што іх сын загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі каля Кіраваграда.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter