Бяздоннае месца.

Нас з мужам цікавіць гісторыя назвы вёскі Павіцце Кобрынскага раёна, нашай малой радзімы. Мой дзядуля расказваў, нібы праз гэта паселішча праходзіла жанчына, якая нарадзіла дзіцятка. Малога трэба было спавіць. Кажуць, таму і вёску так назвалі. Але, магчыма, гэта проста легенда.
Пелагея САЎЧУК, Мінск

— Паважаная спадарыня Пелагея, кожная вёска беларускай зямлі па-свойму адметная: мае сваю гісторыю, свой лёс. Вельмі прыемна, што гісторыя паходжання назвы вашай роднай вёскі Павіцце перадаецца з пакалення ў пакаленне. Вам гэту гісторыю расказаў дзядуля, магчыма, што дзядулю расказаў яго дзядуля, а вы раскажаце сваім нашчадкам. І так легенда пра паходжанне назвы будзе перадавацца праз стагоддзі, а разам з ёй і ўяўленні людзей пра сваё мінулае, іх светабачанне і светаразуменне. Пра назвы многіх населеных пунктаў Беларусі створаны прыгожыя легенды і паданні. Але разам з тым існуе і навуковае тлумачэнне тапонімаў. І калі паглядзець з навуковага пункта гледжання, то стане зразумела, што паселішча існавала і да таго часу, калі праз яго праходзіла жанчына і нарадзіла дзіцятка, а значыць, і мела пэўную назву. Акрамя таго, у кожнай вёсцы нараджаліся дзеці, кожная маці спавівала сваіх немаўлят. І гэта не з’яўляецца вызначальнай прыкметай, матывацыяй для паходжання назвы.
Звычайна назвы даваліся па адметных рысах мясцовасці. Старажытны чалавек, які жыў сярод некранутага прыроднага багацця, імкнуўся даць індывідуальную характарыстыку кожнаму з акаляючых яго прыродных аб’ектаў. Прыкметы мясцовасці, што клаліся ў аснову назвы месца пасялення, у першую чаргу служылі прыродным арыенцірам, па якім знаходзілі дарогу, суседнія ўладанні, месцы рэлігійнага культу і інш. Да таго ж адзнакі на мясцовасці з’яўляліся неабходным атрыбутам у час палявання і рыбалоўства, у бортніцтве — галоўных галінах прамысловай дзейнасці мінулых часоў. Вось і назва вёскі Павіцце ўзнікла на аснове старажытнага прыродна-геаграфічнага тэрміна віць, які ў наш час не захаваўся. Ландшафтны тэрмін віць у мінулым меў значэнне вільготнае месца, дрыгва, балота з вокнамі, гэта значыць, з вельмі глыбокімі, бяздоннымі месцамі, якія заўсёды былі надзвычай небяспечныя для чалавека і жывёл. Таму і месца, якое ўзнікла на такім балоце, назвалі Павіцце. Найбольш верагодна, што некалі, у мінулым, па вашай мясцовасці працякала рэчка Віць, якая таксама атрымала назву ад балоцістай мясцовасці. Па берагах рэчкі рассяліліся людзі, і паселішча назвалі Павіцце.
Што тычыцца гісторыі вашай вёскі, то яна надзвычай цікавая. Упершыню вёска засведчана ў пісьмовых крыніцах  1563 года як вёска Ратненскага павета Каралеўства Польскага. На той час вёска мела назву Павіты. З 1795 года паселішча адносілася да Валынскай губерні Расійскай імперыі. У 1921 годзе вёска апынулася ў складзе Польшчы, адносілася да Лелікаўскай гміны Камень-Кашырскага павета Палескага ваяводства. З 1939 года — у БССР.
У мове мясцовых жыхароў акрамя асноўнага наймення Павіцце ўжываюцца яшчэ дзве варыянтныя назвы: Павіць і Повіць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter