Бяздомны бацька

З участковай бальнiцы, абапiраючыся на кiёк, цяжка тупае бабуля. Дарога да аўтобуснага прыпынку, як для каторага з маладых, то мо i недалёкая, а для яе тыя два кiламетры — шлях амаль неадольны. Прысела на абочыне ў траве адпачыць, дыханне перавесцi. Але свет не без добрых людзей — легкавiк побач спынiўся:

— Куды, бабуля, iдзяце? Сядайце, падвязём.
— От дзякуй вам, дзеткi! Мне хоць бы да прыпынку. А там пачакаю, гадзiнкi праз дзве аўтобус будзе iсцi да нашай вёскi, дабяруся.
— Ды што ўжо там, давязём i да вёскi. Вы ж, пэўна, з бальнiцы вяртаецеся? Падлячылiся?
— Так, з бальнiцы, — ямчэй уладкоўваючыся на пярэднiм сядзеннi, якое саступiлi ёй iншыя пасажыры, i ўладкоўваючы сваю сумку, ахвотна ўступае ў размову старая. — Але не лячылася, не — я, дзякуй Богу, у свае восемдзесят яшчэ нядрэнна сябе пачуваю. Суседа праведвала, аднавяскоўца. Яму нагу аднялi, падлячылi, а забiраць з бальнiцы нiхто не стаў. Вось i адправiлi на сацыяльны ложак.
— А што, сусед адзiнокi, няма каму глядзець?
— Чаму ж адзiнокi? Ёсць у яго i жонка, i дзецi — сын i дачка. I хата. Нават дзве: адна ў нашай вёсцы, а другую ў горадзе пабудаваў. Сын з сям’ёй цяпер у ёй жыве i мацi да сябе забраў.
— А што ж бацьку хворага, нямоглага, забiраць нiхто не схацеў?
— Выходзiць, не схацелi. Пакуль бацька дужы быў, кладаўшчыком калгасным працаваў, ды грошыкi вадзiлiся, дабро ўсялякае, то ўсiм быў патрэбен — i жонцы, i дзецям, i сябрам. А цяпер як без нагi застаўся, то нiкому.
— То, можа, такi добры быў, што на старасцi дзецi адмовiлiся? Гарэлку мо пiў?
— Хто ж яе не п’е, тую гарэлку? I ён пiў, i жонка пiла. Але ж так таксама нельга — каб родны бацька, як сабака бяздомны, бадзяўся па прытулках. Я вам так скажу: дай Бог дзецi, i ў дзецях шчасце. У мяне вось няма — i слава Богу. Няма на каго крыўдзiцца, няма ад каго помачы чакаць — як ёсць, так i добра.
— Ну добра, пакуль вы на сваiх нагах. А як занядужаеце, саслабееце?
— Да сястры паеду. А не, то дзяржава дагледзiць да смерцi. Але мне хоць крыўдна не будзе, як таму майму суседу цi iншым старым, што на сацыяльных ложках свой век дажываюць, дзяцей выгадаваўшы, унукаў выпеставаўшы.
...Бабуля вылезла каля сваёй хацiны — як для старой адзiнокай жанчыны, то яшчэ даволi дыхтоўнай, настойлiва спрабавала заплацiць: “Я грошы маю, вы не думайце — пенсiю атрымлiваю”. Сто разоў падзякавала, пажадала добрага здароўя. Памахала рукой на развiтанне.
Дай Бог i ёй здароўя i старасцi беспакутнай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter