Бясконцы кантроль. Хойніцкія бізнес-лэдзі Ала Шынкарэнка і Надзея Снапкова стаміліся ад праверак. Уся іх надзея на Дырэктыву № 4.

Іх ТДА “Хойнікі-Люкс” лічыцца адной з найбольш паспяховых прыватных ініцыятыў у раёне. Пачаўшы з працы на рынку, прадпрымальніцы неўзабаве запрасілі жыхароў Хойнікаў у краму “Усё для вас”. Спачатку гандлявалі прадуктамі, потым асвоілі прамтавары. За ежай, пральным парашком, касметыкай, посудам хойніцкія жыхары цяпер у асноўным ідуць сюды. Ведаюць, што ў Шынкарэнкі са Снапковай заўсёды купяць якасную прадукцыю.

— Справа ў гандлі пайшла, — распавядае Ала Пятроўна. — Вырашылі асвоіць сферу паслуг. Узялі ў арэнду памяшканне, адкрылі цырульню. Але арэнда ёсць арэнда. Пастаянна ўзнікаюць пытанні. Прыйшлі да высновы, што трэба ўзводзіць свой будынак.
Гандлёвы цэнтр, над будаўніцтвам якога ініцыятыўныя бізнес-лэдзі разам з мужамі працавалі амаль паўгода, павінен расчыніць дзверы ўжо ў пачатку сакавіка. Будынак плошчай 900 квадратных метраў адразу і не ахопіш позіркам. Тут Шынкарэнка і Снапкова плануюць адкрыць рэстаран, магазін з частковым самаабслугоўваннем і цырульню. У горадзе з’явіцца каля двух дзесяткаў новых працоўных месцаў, што не можа не радаваць жыхароў Хойнікаў. Гандлёвы цэнтр яшчэ не адкрылі, а на будучыя вакансіі ўжо выстраілася чарга.
— Мы строга падыходзім да падбору кадраў, — тлумачыць Надзея Снапкова. — Работнікі павінны быць адказнымі і культурнымі, здольнымі адказаць спажыўцу на ўсе пытанні наконт эксплуатацыі тавару ці спалучэння віна з нейкай стравай...
Безумоўна, гандлёвыя аб’екты Шынкарэнкі і Снапковай не адзіныя ў горадзе. Многія хойніцкія прадпрымальнікі займаюцца менавіта гандлем, але бізнес-лэдзі канкурэнцыі не баяцца.
— Нас канкурэнцыя не палохае. Мы працуем на сваёй хвалі, — расказвае Ала Шынкарэнка і дадае: — А наогул, здаровая канкурэнцыя павінна быць у любой справе. Мы маглі б не будаваць новы гандлёвы аб’ект. Але яго пабудаваў бы хтосьці іншы. Жыццё не стаіць на месцы.
Ды і не пра канкурэнцыю цяпер баліць галава ў Шынкарэнкі і Снапковай, а пра тое, як хутчэй скончыць будаўніцтва. Былі моманты, калі прадпрымальніцам хацелася ўсё кінуць і закапацца з галавой у пясок.
— Са жніўня нас мучыць праверкамі дзяржкантроль, — распавядае Ала Шынкарэнка. — Мы ўзялі ў банку пазыку пад ўстаноўку аб’екта рознічнага гандлю. Устанавілі, а кантралёры даказваюць нам, што мы немэтанакіравана выкарыстоўваем грошы. Хоць усе дакументы на ўстаноўку ў парадку. А потым яшчэ аказалася, што на нас крымінальную справу завялі. Прычым даведаліся мы пра гэта, калі нас запрасілі ў Рэчыцкую фінансавую міліцыю падпісаць адмову. Адмову ў сувязі з амністыяй, таму што я з’яўляюся ліквідатарам. Мы так стаміліся... Атрымліваецца, Прэзідэнт стараецца, падтрымлівае нас, а кантралюючыя органы на месцах не даюць спакою. Хоць хойніцкая ўлада дапамагае нам ва ўсім. І ў нашым раёне можна лёгка адкрываць хоць пяць уласных бізнесаў.
Як жа ўзрадаваліся жанчыны, даведаўшыся, што кіраўнік дзяржавы падпісаў Дырэктыву № 4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”.
— Мы вельмі задаволены дакументам, — прызнаецца Надзея Снапкова. — Бо, паводле Дырэктывы № 4, зменшыцца колькасць планавых праверак: з адной на два гады да адной на пяць гадоў.
Прадпрымальніцы вераць, што кантроль нарэшце стане ўмераным і яны спакойна змогуць адкрыць свой гандлёвы цэнтр. Бо і абсталяванне для памяшканняў ўжо закуплена, і назвы для будучых аб’ектаў прыдуманы. Да доўгачаканага моманту засталося зусім крыху.

Старшыня Хойніцкага райвыканкама Аляксандр БІЧАН:
— На сёння ў раёне зарэгістравана 51 прадпрыемства прыватнага бізнесу. У асноўным гэта прадпрыемствы, якія займаюцца рознічным гандлем, і фермерскія гаспадаркі. Ёсць фірма, якая аказвае рэкламныя паслугі, прадпрыемства па вытворчасці вокнаў і дзвярэй ПВХ, прыватная цырульня. Мы са свайго боку робім усё магчымае, каб развіваўся прыватны сектар эканомікі. Згодна з указам Прэзідэнта прадалі за адну базавую велічыню дзяржаб’екты, што не выкарытоўваліся,  для арганізацыі там прыватнага бізнесу.
Складана прыцягваць у наш раён прыватных бізнесменаў — людзей яшчэ спыняе постчарнобыльскі фактар. Але мы паказваем, што тут можна жыць і працаваць. Дзякуючы Дню беларускага пісьменства, які прайшоў у Хойніках, горад змяніўся, стаў больш прыгожым і ўтульным. Думаю, людзі зноў пацягнуцца сюды, будуць заставацца тут і будавацца. Упершыню за многія гады пасля чарнобыльскай катастрофы мы ўзвялі два дамы ЖБК. Ужо сфарміраваны трэці кааператыў. Людзі пачалі браць зямельныя надзелы пад будаўніцтва прыватных дамоў. Летась на гэтыя мэты ў Хойніках было выдзелена 18 зямельных участкаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter