В лесах началась заготовка сока

Бяроза год поiць

Ляснічы Анатоль СТРУК падчас збору бярозавага соку ў Дамачаўскім лясніцтве.
Фото БЕЛТА
У паўднёвых рэгіёнах краіны пачалі нарыхтоўваць бярозавы сок — на паўтара-два тыдні раней, чым звычайна. У Брэсцкай вобласці сёлета плануюць сабраць каля 5 тысяч тон бярозавіку. Ці спраўдзяцца гэтыя планы — залежыць выключна ад надвор’я.

У Маларыцкім лясгасе нарыхтоўваць сок пачалі ў мінулы чацвер. Тут маюць намер сабраць не менш за 500 тон бярозавіку, хаця ў мінулым годзе нарыхтавалі 370 тон. Галоўны інжынер лясгаса Віктар Чагайда тлумачыць — летась вясна наступіла ў лічаныя дні, а таму сезон быў кароткі: 

— Калі не ўсталюецца вельмі цёплае надвор’е, то нарыхтоўкі будуць доўжыцца прыкладна два тыдні. І наадварот, хуткі надыход вясны не дазволіць сабраць запланаваную колькасць соку. Бярозавік «нацягне» вады і страціць усе свае лепшыя якасці. Аптымальная тэмпература — бліжэй да нуля градусаў.

У складзе Маларыцкага лясгаса восем лясніцтваў. У кожным з іх пад нарыхтоўкі соку выдзелена, як мінімум, адна дзялянка. Для падсочкі выкарыстоўваюць толькі старыя дрэвы, якія праз некалькі гадоў будуць спілены.

Адна з дзялянак знаходзіцца недалёка ад Маларыты, у глухім лесе, далей ад старонніх вачэй. Працай тут кіруе мужчына гадоў 45. Прадставіўся коратка: Саша. У яго падначаленні трое сезонных рабочых. Для іх бярозавік — магчымасць падзарабіць. За кожную нарыхтаваную тону соку лясгас плаціць 70 рублёў.

Мы ідзём уздоўж высокіх бяроз. Да ствалоў прывязаны пакеты, у якія сцякае сок. Аляксандр расказвае пра сваю працу:

— На гэтым участку каля 500 бяроз. Добрае дрэва ў суткі можа даць 20 літраў соку. Наша задача — пусціць сок, сачыць за напаўняльнасцю пакетаў, пераліваць бярозавік у бочкі. Ну і прадаваць яго ўсім жадаючым, зразумела.

Літр соку ў Маларыцкім лясгасе каштуе 12 капеек. Жадаючых пакуль няшмат, але з кожным днём становіцца ўсё больш. Асабліва шмат аматараў бярозавіку прыязджае ў лясніцтвы, якія знаходзяцца бліжэй да Брэста. Тут нават даводзіцца весці папярэдні запіс.

З адной бярозы за суткі можна атрымаць да 20 літраў соку
Фото БЕЛТА

— Пагадзіцеся, сок каштуе зусім нядорага. Але ёсць людзі, якія плаціць не хочуць, — працягвае Аляксандр. — Яны могуць прыехаць сярод ночы, сарваць пакет, пераліць бярозавік у сваю тару і спакойна з'ехаць. А сок будзе сцякаць на зямлю. Я б не раіў так рабіць! Па-першае, побач з дзялянкамі часта дзяжураць супрацоўнікі прыродаахоўнай службы і ДАІ, а па-другое, штраф за парушэнне правілаў нарыхтоўкі сёння высокі — да 20 базавых велічынь. Так што пару дзясяткаў літраў соку могуць стаць «залатымі».

Галоўны інжынер Маларыцкага лясгаса Віктар Чагайда паведаміў, што кожны дзень у раёне нарыхтоўваюць каля 30 тон соку. Большую частку «ўраджаю» прадаюць не прыватным асобам, а перапрацоўчым прадпрыемствам: Маларыцкаму кансерваагароднінасушыльнаму камбінату і ААТ «Савушкін прадукт». Бярозавы сок — прадукт, які без апрацоўкі хутка псуецца. Але ў асептычных цыстэрнах напой можа захоўвацца каля года.

p.losich@gmail.com

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter