Жыхары гарадскога пасёлка Бягомль лiчаць, што ён стаiць на «сямi вятрах». Гэта не жарт. Ва ўсялякiм разе, па дарозе з Мiнска на Вiцебск, Полацк, Санкт-Пецярбург цi Рыгу ну нi ў якiм разе не абмiнеш гэты запаведны лясны край. А тут яшчэ Бягомлю надзвычай пашанцавала: населены пункт уключаны ў дзяржаўную праграму развiцця малых гарадоў. Тым самым адкрываюцца дадатковыя магчымасцi не толькi ў сацыяльнай iнфраструктуры, а i ўвогуле ў сучасным быце жыхароў. Як-нiяк, а сёння ў Бягомлi пражываюць каля трох тысяч чалавек.
Без усякага сумнення, можна сцвярджаць, што адным з самых надзейных i ганаровых сяброў для гарадскога пасёлка Бягомль з’яўляецца Докшыцкае райспажыўтаварыства. Тут ужо дзейнiчаюць сем гандлёвых прадпрыемстваў спажыўкааперацыi. А самыя сучасныя i перспектыўныя праекты яшчэ чакаюць сваёй «раскруткi». У гэтым змог пераканацца ў час размовы з першым намеснiкам старшынi Докшыцкага райпо Iрынай Вайцяховiч. У шэрагу пераднавагоднiх клопатаў цяжка назваць канчатковыя лiчбы цi эканамiчныя напрацоўкi. Але, магчыма, гэта не самае важнае. Докшыцкiя кааператары ў гарпасёлку Бягомль паспяхова рэалiзуюць праект «Прыдарожны сервiс» з iнвестыцыямi 200 мiльёнаў беларускiх рублёў. Iншымi словамi, тут гандлёвыя прадпрыемствы змянiлiся да непазнавальнасцi. Як па форме, так i па змесце. Вясной пасля рэканструкцыi адкрыўся гандлёвы цэнтр «Мерыдыян». Адмысловы кухар Таццяна Жукава пачастуе наведвальнiкаў цудоўнымi стравамi беларускай кухнi, калi можна так сказаць, з «бягомльскай прыправай». Прычым хутка, без затрымак, чаму дапамагае параканвекцыйная печка. Такая «чарадзейка» выконвае да 70 гастранамiчных аперацый!
А з фiрменных страў у «Мерыдыяне» прапануюць тэфтэлi па-вясковаму, смажанку беларускую, чабурэкi з рысам, грыбны суп цi крупнiк, стравы на пары i грыль… Iрына Вайцяховiч з задавальненнем адзначае, што ў гандлёвым цэнтры пачалi нарэшце дзейнiчаць абедзенная i банкетная залы. Першая абслугоўвае ў асноўным падарожнiкаў, а ў банкетнай з ахвотай спраўляюць розныя ўрачыстасцi як жыхары, так i госцi пасёлка. Ну а поўны аншлаг чакаецца на навагоднiя i калядныя святы. Зразумела, што праект «Прыдарожны сервiс» мае перспектыву працягнуцца i ў новым годзе. У прыватнасцi, яшчэ адзiн стары i не надта прывабны будынак будзе рэканструяваны пад кафэ «Бягомль».