Карэспандэнт часопіса пабываў ва ўнікальным беларускім гарадку Ружаны, які атрымаў сваю назву ад кветкі

Букет з чырвоных руж

У старажытнасці гэтае мястэчка называлася па-беларуску “Ражана”. У сучаснай літаратурнай мове гэта значыць “ружа”. А цяперашняя назва гарадскога пасёлка — Ружаны — “заслуга” многіх перапісчыкаў з польскай і рускай моў, якія сказілі першапачатковае напісанне. Імя гарадка сугучнае з яго гербам: Святы Казімір у акружэнні вянка з руж. Гэты святы ўжо некалькі стагоддзяў шануецца мясцовымі католікамі. 

Ружаны — гарадскі пасёлак у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Размешчаны ва ўзгорыстай мясцовасці на рацэ Ружанка, за 140 км ад Брэста, на скрыжаванні аўтадарог Р85 і Р44. Першае пісьмовае згадванне адносіцца да 1490 года. У 1552 годзе мястэчка належала Тышкевічам, затым Брухальскім, у 1598-м перайшло да канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, які зрабіў мястэчка асноўнай сваёй рэзідэнцыяй.
Ружаны — гарадскі пасёлак у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Размешчаны ва ўзгорыстай мясцовасці на рацэ Ружанка, за 140 км ад Брэста, на скрыжаванні аўтадарог Р85 і Р44. Першае пісьмовае згадванне адносіцца да 1490 года. У 1552 годзе мястэчка належала Тышкевічам, затым Брухальскім, у 1598-м перайшло да канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, які зрабіў мястэчка асноўнай сваёй рэзідэнцыяй.

Да касцёла Святога Казіміра з цэнтра горада трэба ісці далёка. Ён стаіць на могілках. У цэнтры горада разбіты сквер. Тут — помнікі загінуўшым у 1941-1945 гады савецкім воінам і спаленым нацыстамі жыхарам навакольных вёсак. Побач узвышаецца касцёл Святой Тройцы. Мяркуючы па шыльдзе ля ўвахода, яму роўна 400 гадоў. Крыху маладзейшая царква насупраць. Яе пабудавалі ў XVIII стагоддзі для ўніятаў: праваслаўных, якія падпарадкоўваліся Папе Рымскаму. У XIX стагоддзі храм перайшоў да рускай праваслаўнай царквы: тады яго барочнае аблічча зведала некаторыя змены — фасад упрыгожылі ў стылі класіцызму і псеўдарускай архітэктуры. Гэтыя галоўныя дамінанты “рынку” — так у гарадах Беларусі здаўна называецца цэнтральная гандлёвая плошча — устаялі нават падчас сусветных войнаў і барацьбы з рэлігіяй. 

Жыхары Ружан — а іх усяго крыху больш за 3 тысячы — ведаюць адзін аднаго ў твар. Таму за мной, калі я хадзіў уздоўж высокіх сцен былога манастыра базыльян, што прымыкае да царквы, уважліва сачылі. Незнаёмец, хто ён? Адна мясцовая жыхарка, якая праходзіла паблізу, строга так пацікавілася: 

— А што вы тут ужо цэлую гадзіну фатаграфуеце? 

Гэта гаворыць пра тое, што турысты ў мястэчку — рэдкасць. Хоць тут яны могуць з галавой акунуцца ў гісторыю. Такое рэдка дзе сустрэнеш. Я потым параўнаў сучасны выгляд цэнтра горада з паштоўкамі пачатку ХХ стагоддзя. Сілуэт усё той жа. Для Беларусі, у якой многія гарады моцна пацярпелі падчас Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, гэта ўнікальны выпадак — ніводнага страчанага помніка архітэктуры. За мястэчка не было вялікіх бітваў, вось яно і захавалася. Толькі крыху быў пашкоджаны пажарам адзін з карпусоў палаца Сапег, які, як мне расказалі мясцовыя краязнаўцы, улетку 1944 года падпалілі пры адыходзе нацысты. 

На месцы былога палаца магнатаў Сапег
На месцы былога палаца магнатаў Сапег

Ацалелыя камяні памятаюць пра людскую трагедыю. За гады акупацыі ў Ружанах была знішчана мясцовая яўрэйская суполка. Пра тое, што побач з хрысціянамі некалі жылі іўдзеі ды стваралі сваю самабытную культуру, нагадвае сінагога. Яна стаіць крыху ўбаку ад рынка. З праселым дахам, але практычна цэлымі сценамі. Сюды б рэстаўратараў... Магчыма, калі-небудзь да гэтага будынка дойдуць рукі, а яго фасад упрыгожыць мемарыяльная дошка ў гонар Іцхака Шаміра, знакамітага прэм’ер-міністра Ізраіля, які нарадзіўся ў Ружанах у 1915 годзе, і вельмі верагодна, што наведваў тутэйшую сінагогу. 

Мясцовы музей размясціўся ў адрэстаўраваных карпусах былога палаца магнатаў Сапег. Адны з найбагацейшых у Беларусі, Літве і Польшчы, яны заснавалі сваю рэзідэнцыю яшчэ ў XVI стагоддзі. Тут стаяў магутны замак, перабудаваны ў раскошны палац праз два стагоддзі. А ў пачатку XIX стагоддзя яго канфіскавалі — за ўдзел арыстакратаў у антырасійскім паўстанні. Скарбы, а іх было нямала, перавезлі ў Санкт-Пе­цярбург. Многія з рарытэтаў дагэтуль захоўваюцца ў Эрмітажы. Дырэктар музея Руслан Кніга збіраецца ехаць на берагі Нявы, шукаць каштоўнасці. Можа быць, яму ўсміхнецца ўдача і сёе-тое вернецца ў Ружаны? 

Пра многіх знакамітых расіян захоўваюць памяць ружанскія маставыя. Вось толькі не адзначана гэта пакуль ніякімі мемарыяльнымі знакамі. Праездам тут быў імператар Мікалай II. Пра гэта ён запісаў у сваім дзённіку 22 чэрвеня 1915 года: “Панядзелак. У 11.45 сеў у матор і з усімі асобамі світы адправіўся праз Слонім, Ружаны і Пружаны ў Белавеж. Праехаўшы ляснымі дарогамі каля 30 вёрст, выехаў на Пружанскую шашу і тым жа шляхам вярнуўся на Стаўку да 11 гадзін”. Стаўка знаходзілася ў Баранавічах. У той час Расія ваявала з Германіяй. Ішла Першая сусветная... 

У 1965 годзе ў Ружанах здымаў фільм “Я родам з дзяцінства” рэжысёр Віктар Тураў (сцэнарый драматурга Генадзя Шпалікава, вядомага па карціне “Я крочу па Маскве”). Ролі ў карціне выконвалі Ніна Ургант, Барыс Руднеў, Валерый Зубараў, Уладзімір Высоцкі. 

Пра ўсё гэта можа расказаць займальны турыстычны маршрут. А пакуль Руслан Кніга марыць, што праз Ружаны да палаца будзе курсіраваць брычка, з якой госці змогуць палюбавацца славутасцямі, адчуць сябе сапраўднымі “панамі”, як калісьці Сапегі. 

Чым сёння жывуць старадаўняе мястэчка і яго наваколлі? На краі Ружанскай пушчы, дзе сыходзяцца межы трох раёнаў — Пружанскага, Івацэвіцкага і Бярозаўскага, — размясціўся 210-ы авіяцыйны палігон. Асобы аб’ект, які жыве па сваіх ваенных законах. А ў самой пушчы, на беразе возера Паперня (яго назва нагадвае, што некалі тут стаяла фабрыка па вытворчасці паперы), раскінуліся карпусы папулярнага ў турыстаў з Расіі санаторыя “Ружанскі”. Гэтая здраўніца дае не толькі працу многім жыхарам Ружан, але і адпачынак — сюды з мястэчка прыязджаюць па вечарах паплаваць у басейне. Санаторый — гэта яшчэ і культурны цэнтр гарадка. Тут, як некалі ў палацава-паркавым комплексе Сапег больш за дзвесце гадоў назад, нават арганізуюць тэатральныя пастаноўкі. 

Дарэчы, на заметку тым, хто ўжо гатовы адправіцца ў гэтыя дзіўныя мясціны. Адсюль рукой падаць да Брэсцкай крэпасці і запаведнай Белавежскай пушчы. 

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter