Букет для Iрыны Дарафеевай

Iрына Дарафеева сыграла галоўную ролю ў спектаклi «Асцярожна, жанчыны Парыжа!»

З  чаго пачынаюцца дружба, супрацоўнiцтва? З прыемных зносiн, запамiнальных сустрэч, з таго, што хочацца бачыцца зноў i зноў. Вось так атрымалася i ў заслужанай артысткi рэспублiкi Iрыны Дарафеевай, якой падабаецца горад Бабруйск. Яна вельмi частая тут госця: яе можна бачыць на сцэне, у працоўных i вучнёўскiх калектывах, за ажыццяўленнем разнастайных мiласэрных акцый. Заўжды з насычанай праграмай.

Вось i на Мiжнародны дзень жанчын выступала з сольным канцэртам. У яго праграме — сучасныя песнi нашых i расiйскiх кампазiтараў, у прыватнасцi, Кiма Брэйтбурга, з якiм пад­трымлiвае цесныя творчыя су­вязi. Паўнюткая зала. Гледачы настолькi шчыра прымалi артыстку, былi зачараваны яе голасам, што не шкадавалi апладысментаў, вы­клiкалi на бiс. Пад занавес Iрыне ўручылi вялiкi букет кветак i  сказалi: «Бабруйск заўжды ад­крыты для вас, прыязджайце калi хочаце i будзьце колькi хочаце!»

Артыстка прымала ўдзел у канцэртах, прысвечаных Дню работ­нiкаў культуры, Дню горада, iншым больш i менш важным датам. Калi ёсць магчымасць, тады i прыязджае. Хаця загружанасць у яе надта вялiкая, гастрольныя паездкi i па рэспуб­лiцы, i па-за межамi. Тым не менш выкройвае час. Мiнулым летам выступала з траўмi­раванай рукой на адкрытай пляцоўцы ў горадзе… «Што зробiш, — казала, — я абяцала быць i ад сваiх намераў не магу ад­ступiцца. Сустрэча з любiмай публiкай дапаможа папра­вiцца!»

Вядома, папулярная артыстка дапамагае сваiм сабратам па спеўным мастацтве. У прыват­насцi, Вiталю Яфiменку (творчы псеўданiм — Гардзей). Ён выступаў на самадзейнай сцэне ў складзе бабруйскага ўзорнага тэатра песень «Шына-най». Затым прыняў удзел у адным з мiжнародных конкурсаў маладых выканаўцаў у Расii. Iрына Дарафеева была ў складзе журы конкурсу. Вiталь атрымаў Гран-пры. Iрына запрыкмецi­ла яго i забяспечыла далейшы творчы рост у мiнскiм прадзюсерскiм цэнтры «Спамаш». За непрацяглы час яе пратэжэ вырас у даволi сталага выканаўцу. Атрымаў магчымасць выступаць на мiжнарод­ным фестывалi «Славянскi базар у Вiцебску», дзе стаў лаўрэатам конкурсу маладых выканаўцаў. Канешне, гэту радасць Вiталя раздзялiла i Iрына Дарафеева. З таго моманту яны наладжваюць сумесныя праекты выступленняў на сцэне. I пер­шымi iх убачылi ў Бабруйску.

Гэта што датычыць выступленняў Iрыны на эстраднай сцэне, а яшчэ яна зведала i драматычную, сыграўшы галоўную ролю ў спектаклi Андрэя Курэйчыка «Асцярожна, жанчыны Парыжа!». Як атрымалася? Даволi нечакана. Якраз распачыналася падрыхтоўка да спектакля. Рэжысёр Сяргей Карбоўскi пад­бiраў кандыдатуру на галоўную ролю — Лулу. Быццам бы i той падыходзiў, i iншы, але… Чагосьцi неставала. I вось аднойчы, калi Iрына наведалася ў тэатр, прапанаваў ёй: «Паспрабуйце, а чаму б i не!» Разоў колькi Iрына прыязджала на рэпетыцыi, умела трымалася на сцэне, знайшла кантакт з артыстамi. Сыграла ў адным, потым у другiм спектаклi, яшчэ ў некалькiх, i пайшло! Гледачу цiкава было ўбачыць на сцэне ў ролi драматычнага акцёра эстрадную спявачку. Да таго ж у спектаклi гучалi музычныя фрагменты з яе песеннага рэпертуару. Удалае спалучэнне эстрады i драматургii атрымалася. «Я i сама не чакала, — потым будзе казаць Iрына, — што так усё добра выйдзе. Дзякуй усiм, хто дапамог мне ў такiм жанры раскрыцца!»

Трэба сказаць, што асаблiвае сяброўства звязвае Iрыну з дырэктарам драмтэатра Веранiкай Вiнель, начальнiкам аддзела культуры гарвыканкама Вадзi­мам Шчэрбiчам i iншымi прад­стаў­нiкамi сферы культуры горада (нездарма ж спявачцы высы­лалi букет кветак, напрыклад, у фестывальны Вiцебск, дзе яна выступала). А гэта дазваляе лепш выпрацоўваць эстрадную i тэатральную палiты­ку, быць на вастрыi падзей у гэтай сферы. Усе, хто сустракаецца з вядомай спявачкай, з прыемнасцю адзначаюць, што ў ёй нiколькi «зорнай хваробы», яна кантактная, прыемна мець з ёй справу!

I яшчэ адной навiной хацелася б падзялiцца: у першай палове красавiка ў Палацы мастацтваў адбудзецца сольны канцэрт Вiталя Гардзея, якi будзе называцца «Вiталь Гардзей i яго сябры». Выступiць у iм i Iрына Дарафеева, якая без усялякiх ваганняў дала згоду на прыезд у горад на Бярэзiне.

— Бабруйску заўжды рада, — кажа артыстка, — я ў яго закаханая. Тут якаясьцi асаблiвая атмасфера, тое, што прыцягвае, натхняе. Чарговая паездка, лiчу, будзе не менш цiкавай, чым усе папярэднiя. Чакаю сустрэчы са сваiм гледачом!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter