«Будзеце пісаць, абавязкова пазначце: «Усяму гэтаму творца Гасподзь Бог!»

ЁСЦЬ на свеце нямала цудаў, якія ўсё-такі нейкім чынам можна патлумачыць. Гэты — неверагодна цяжка і амаль немагчыма. На ўскрайку Карабоў, дзе пачыналася поле, вырасла царква нябачнай прыгажосці. Усё ў ёй, як унутры, так і звонку, нагадвала закончаны архітэктурны ансамбль: і іканастасы, і ўзорыстыя вокны, і вытанчанай формы купалы, і пазалочаныя крыжы. Каб зрабіць усё гэта, спатрэбіліся б адмысловыя цесляры, сталяры, бляхары, кавалі. Аднак нікога не было. Пабудаваў царкву адзін чалавек — Фёдар МІХАЛЕВІЧ, пенсіянер, які ніколі ў жыцці не меў дачынення да названых вышэй прафесій. Працаваў ён у мясцовым калгасе інжынерам па працаёмкіх працэсах і загадчыкам фермай.

У полі ля аграгарадка Карабы Глыбоцкага раёна з’явілася царква, якую будаваў адзін чалавек…

ЁСЦЬ на свеце нямала цудаў, якія ўсё-такі нейкім чынам можна патлумачыць. Гэты — неверагодна цяжка і амаль немагчыма. На ўскрайку Карабоў, дзе пачыналася поле, вырасла царква нябачнай прыгажосці. Усё ў ёй, як унутры, так і звонку, нагадвала закончаны архітэктурны ансамбль: і іканастасы, і ўзорыстыя вокны, і вытанчанай формы купалы, і пазалочаныя крыжы. Каб зрабіць усё гэта, спатрэбіліся б адмысловыя цесляры, сталяры, бляхары, кавалі. Аднак нікога не было. Пабудаваў царкву адзін чалавек — Фёдар МІХАЛЕВІЧ, пенсіянер, які ніколі ў жыцці не меў дачынення да названых вышэй прафесій. Працаваў ён у мясцовым калгасе інжынерам па працаёмкіх працэсах і загадчыкам фермай.

Няходжаная дарога

Да Фёдара Міхалевіча прыехаў марозным студзеньскім днём. У двары, перад самым ганкам сялянскай хаты, абшытай шалёўкай, стаялі невялікія санкі, пад завязку нагружаныя дровамі. Неўзабаве паказаўся і сам гаспадар, падцягнуты, рухавы. Ніяк не скажаш, што яму стукнула семдзесят пяць. Рэдкія маршчынкі ля вачэй выспраменьвалі спакой і дабрыню.

Лагодна запрасіў прайсці ў пакой, прапанаваў пачаставацца чаем, завараным на травах. Нязмушана, як бы старому знаёмаму, пачаў свой аповед:

— Родам я з Карабоў першых. У нас іх — двое. Мае — старая вёсачка. Закончыў я тэхнікум і доўга працаваў у калгасе інжынерам па працаёмкіх працэсах. Была ў мяне брыгада з дванаццаці чалавек. Не строіў з сябе вялікага начальніка, а паказваў сам падначаленым, як выканаць ямчэй тую ці іншую работу. Усё ішло да таго, што і на заслужаны адпачынак выйду з гэтай пасады. Але пабудавалі ў калгасе новую малочна-таварную ферму і прапанавалі мне ісці туды загадчыкам. Як я ні ўпіраўся, як ні адбіваўся — нічога не атрымалася. Згадзіўся ж больш з-за павагі да старшыні, вечная яму памяць, Уладзіміра Цярэнцьевіча Якаўлева, які адносіўся да мяне, як бацька да сына. На гэтай ферме даіла кароў і мая жонка Марыя. Хваліць сябе не буду. Адно скажу: калектыў я не разваліў. Паказчыкі былі нядрэнныя. І калі праз сем год праводзілі на пенсію, даяркі мне падаравалі вялікі прыгожы дыван. У 2000-м годзе не стала маёй Марыі. Застаўся ў хаце адзін. Не аднойчы прапаноўвалі жаніцца. Аднак нажываць другую сям’ю ў такіх гадах мне падалося ганьбай. «Гэткі тут жаніх?!» Вырашыў: пакуль дзеці прыязджаюць, для іх дух маці павінен цепліцца ў гэтай хаце. І вось такім чынам звярнуўся да будаўніцтва царквы.

— А як у вас усё атрымалася? — задаю пытанне, якое ўвесь час мулілася на языку. — Вы ж, прабачце, — не будаўнік?

— Відаць, сам Гасподзь Бог цягнуў мяне ў гэту дарогу! — у роздуме вымавіў Фёдар Марцінавіч. — Ён мяне рыхтаваў да гэтага. Пасля выхаду на пенсію я дапамагаў будавацца сыну і дачцэ. А потым цэлых сем год быў заняты на работах у Беразвецкім жаночым манастыры, што ў Глыбокім. Храм узвялі там. Было нас галоўных будаўнікоў — чатыры чалавекі, не ўлічваючы падсобнікаў. Я са сваім напарнікам выконваў усе работы па дрэве і метале. Ну а тут, у Карабах, дзе аграгарадок, спачатку крыж паставілі. Потым захацелася большага. Ну, давай,  думаю, здадзім каплічку! З гэтага і пайшло… Набыў пару станкоў віцебскіх для разгону бруса і другаснай апрацоўкі дошкі. Пасля прыкупіў яшчэ адзін невялічкі станочак за 250 долараў. А так у асноўным усё ўручную: што выразаць, фрэзы і іншае. Складаней з металам. Давялося пабудаваць нават уласную кузню. Часу не ставала. Рабіў па начах. Да дванаццаці гадзін, а то і пазней. І што дзіўна — не адчуваў цяжару, стомленасці. Было нават прыемна!

Расказваў Фёдар Марцінавіч аб сваёй незвычайнай будоўлі як пра звычайную справу, дзе нічога няма звышнатуральнага. Потым, пасля паўзы, як бы схамянуўшыся, паспешліва дабавіў:

— Так, будаўнічыя работы былі за мной. Але, паверце, я нічога б не зрабіў без сваіх «дзяўчат». («Дзяўчатамі» ён называе жанчын з вёскі, пераважна пенсіянерак.) Яўгенія Пракапёнак, тады была начальнікам паштовага аддзялення, дамовілася наконт лесу. Людміла Шаура даставала транспарт. Аднойчы прывезла дошкі на трактары ў самую завіруху. Антаніна Касарэўская і Зінаіда Аляхновіч збіралі грошы па вёсках, на цвінтары ў горадзе. Усю дакументацыю вяла былы галоўны бухгалтар калгаса Марыя Васілеўская. Ну а галоўную ролю ў ператварэнні капліцы ў царкву адыграў Уладыка Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Пры наведванні Беразвецкага манастыра яму сказалі, што ў Карабах пабудавана капліца. Ён захацеў паглядзець на яе і ледзь не прамінуў. «Еду, гляджу, — дзяліўся ўражаннем потым, — няма ніякай капліцы. А вось царква стаіць на краі вёскі!» Так і сказаў Уладыка мне тады: «Гэта не капліца, а храм! Трэба толькі дабудаваць алтарную частку!» Даў грошай на гэта. Пасля сам жа і асвяціў царкву.

«Хутчэй бы вясна!»

Фёдар Міхалевіч — з заможнай сялянскай сям’і. У бацькі было чатыры сыны і 20 гектараў зямлі. Гэта яшчэ да калгасаў. Дзеці з маленства прывучаліся да хлебаробскай працы: збіралі камяні на полі, праполвалі пасевы. Бацька, каб заахвоціць, нават плаціў ім калі-нікалі грошы за работу: старэйшаму 10 рублёў, а яму, Фёдару, самаму малодшаму, — 3.

Ладная гаспадарка нават напачатку пенсіі была і ў Фёдара Міхалевіча: два кані, дзве каровы, свінні, куры. Потым у сувязі з вядомымі абставінамі буйную жывёлу давялося збыць.

— Люблю капацца ў зямлі, — нечакана прызнаецца ён. — Хутчэй бы вясна. Устану ў пяць гадзін раніцы, памалюся — і за лапату.

Як запраўскі аграном, ён апавядае аб сваіх дасягненнях:

— Клубніцы ў мяне добрыя розныя растуць. Зімовая ёсць. Цвіце аж да марозу, ажно ягады замерзнуць на ёй. Выводжу сарты сам. Дрэннае — выкідваю, лепшае — пакідаю. Памідорамі займаюся. Была цяпліца з падагрэвам 20 метраў на 7. А яшчэ — расаду вырошчваў. Адзін год прадаў сем тысяч флянцаў. «Жыгулі» купіў. Агуркі саджу. Упадабаў сорт «майскі ранні». Надта пладаносны і таварны. Падсаджваю да яго «нерасімы-40». Пладоў ён не дае, але вельмі варты для апылення.

Арыгінальным спосабам забяспечвае свой агарод Фёдар Міхалевіч угнаеннямі. З самай вясны і да восені ён складвае ў бурцік пустазелле, розныя адходы. «Вытрымку» дае паўтара года, пакуль усё не перагніе.

— Больш каштоўных угнаенняў не знойдзеце, — даводзіць ён. — Пустазелле ж выцягвае з зямлі самае каштоўнае. Таму ў гэтым угнаенні ёсць і фосфар, і калій, і азот.

Часта наведваюць Міхалевіча дзеці, унукі. Сын Фёдар, былы ваенны лётчык, пасяліўся ў дзедавай хаце. Дачка Ганна — педагог. Таксама засталася ў раёне. Зяць Пётр нядаўна пасвечаны ў сан бацюшкі.

Фёдар Міхалевіч спахопліваецца, што трэба паставіць у храме чатыры рамы, якія ён браў дахаты, каб ушчыльніць шыбы. Заносім гэтыя рамы ў машыну.

Да аграгарадка Карабы якіх паўтара кіламетра. Уздоўж шляху, з двух бакоў, выстраіліся ў ланцужок прыгажуні-бярозы, якія ў маладосці садзіў і Міхалевіч. Далей белае-белае поле, а на яго ўскрайку — тая самая царква. Прыцярушаная снегам, з аздобленымі інеем крыжамі і купаламі, яна выплывае, нібыта з казкі.

Фёдар Міхалевіч зрывае з вокнаў плёнку і стаўляе на месца рамы. Галаруч, хоць ціснуў мароз. Потым змятае снег з ганка, адчыняе дзверы, і як быццам трапляем у іншы свет. На купале, на выразаных з дрэва рамах, іканастасе — на ўсім адчуваецца рука Майстра.

— Будзеце пісаць, — гаворыць Міхалевіч, — абавязкова пазначце: «Усяму гэтаму творца Гасподзь Бог! А я тут проста нішто!»

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter