У Беларусі паспяхова завяршаецца масавая ўборка зерневых культур

Будзем з хлебам!

Напрыканцы лета і гараджане цікавяцца: як там справы на збожжавай ніве? Ці ўмалоцістая збажына? Весткі, атрыманыя перад падпісаннем газеты ў друк з Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, даюць падставы з аптымізмам глядзець у будучыню. Па стане на 24 жніўня намалочана больш як восем з паловай мільёнаў тон збожжа. Выдалася спрыяльнае сухое надвор’е, і таму ўборка прайшла ў сціслыя тэрміны, збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраны ўжо з 99 працэнтаў плошчаў.

Цяпер можна казаць і пра вагу сёлетняга караваю па абласцях. Наперадзе — хлебаробы Міншчыны: яны засыпалі ў засекі каля 2 160 тысяч тон збожжа. Амаль 1 700 тысяч тон узяла Гродзеншчына, каля 1 410 тысяч — Брэстчына. У Віцебшчыны амаль 1 300 тысяч,  Магілёўшчыны — каля 1 050 тысяч. Аграрыі Гомельшчыны сабралі каля 970 тысяч тон збожжа. Радуе, што сярэдняя ўраджайнасць па краіне крыху падрасла ў параўнанні з годам мінулым: сёлета — 39,5 цэнтнера з гектара, летась была — 39,2. Між тым у асобных гаспадарках (як, напрыклад, у сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Жарабковічы” Ляхавіцкага раёна Брэстчыны, дзе больш за 30 гадоў старшынёй Віталь Бусько) сярэдняя ўраджайнасць зерневых перавысіла 80 цэнтнераў з гектара. 

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter