Будзем разам!

Гэтымі днямі ў кожным доме мноствам святочных агеньчыкаў і калядных упрыгожванняў заззялі навагоднія ялінкі
Гэтымі днямі ў кожным доме мноствам святочных агеньчыкаў і калядных упрыгожванняў заззялі навагоднія ялінкі. Нават першы “сур’ёзны” снег, які абвясціў аб сапраўднай зіме, стварыў навокал цудоўны настрой. 

Чыесьці чароўныя дзеянні рухаюць час. Перагортваем апошні дзень старога календара: гадзіннік старанна адлічвае апошнія хвіліны 2015-га. Становяцца гісторыяй чарговыя 365 дзён нашага жыцця. Яны былі розныя, але ў асноўным добрыя. 

Надыходзяць самыя доўгачаканыя калядныя і навагоднія дні. Да іх мы рыхтуемся загадзя: з асаблівым настроем упрыгожваем дом, набываем для блізкіх і сяброў падарункі, рыхтуем шчодры святочны стол. І як усе людзі на зямлі чакаем цуда ў навагоднюю ноч.

Аднак давайце ўзгадаем, якім застанецца ў памяці 2015-ы? Гэта быў адметны год: наша краіна разам з рэспублікамі былога СССР урачыста адзначыла 70-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Адбылася значная палітычная падзея — прэзідэнцкія выбары. Беларускі народ большасцю галасоў вызначыў сваю будучыню, аказаўшы падтрымку дзеючай уладзе і Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнка. 

Сёлета Мінск зноў пацвердзіў статус мірнай пляцоўкі па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу, застаючыся паслядоўным донарам рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі. Аб чым сведчыць гістарычная сустрэча ў Палацы Незалежнасці лідараў Германіі, Францыі, Расіі і Украіны ў фармаце “нармандскай чацвёркі” і няспынная праца шматбаковай Кантактнай групы па ўрэгуляванні крызіснай сітуацыі ў Данбасе.

Год моладзі, які паспяхова завяршаецца ў Беларусі, перадае эстафету Году культуры, якім павінен стаць 2016-ы. Менавіта з такой ініцыятывай выступілі дзеячы нацыянальнай культуры. 

Спадзяюся, што надыходзячы год будзе вельмі цікавы, насычаны мноствам прыкметных падзей і больш шчаслівы для ўсіх нас. Прынясе кожнаму добрае здароўе, поспех і дабрабыт. 

Упэўнены, што і “Народная газета” не расчаруе сваіх чытачоў. Застанемся на старонках разам!

З Новым годам і Раством, шаноўныя сябры! 

Да сустрэчы ў 2016-м!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter