Будзем хвалявацца за зерне і дзіця

Патрабуецца адзінства. Усіх і кожнага, каму неабыякава наша ратная і працоўная спадчына, наш дзень сённяшні, наша будучыня, будучыня нашых дзяцей і ўнукаў… І тое, што ў пачатку новага года Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 1 «Аб аб’яўленні 2021 года Годам народнага адзінства», прыдае аптымізму: будзем разам. Усе грамадзяне краіны. Незалежна ад узросту, прафесій, веравызнання, месца жыхарства — горада ці вёскі. Жыццё папярэдніх пакаленняў сведчыць: агульны жыццёвы поспех дасягаецца толькі тады, калі між людзьмі ёсць дабрыня, згода, адзінства.

АДРАЗУ пасля Новага года атрымаў надзвычай дарагі падарунак: копію альбома пра маіх землякоў, ветэранаў вайны і працы. Яе зрабілі і прыслалі мне Андрэй і Вера Русецкія. З імі я асабіста не знаёмы. Адно ведаю: ён галоўны механік на прадпрыемстве ў Бабруйску, яна ў Бабруйскім райвыканкаме працуе з моладдзю. Зяць і дачка майго земляка, настаўніка-пенсіянера з Кіраўска Уладзіміра Кірылавіча Сураўца. А яшчэ Андрэй і Вера — прадстаўнікі пакалення, ад дзеянняў якога ў многім залежыць дзень сённяшні, наша будучае, будучае нашай незалежнай краіны, імя якой — Беларусь.

У свой час Уладзімір Кірылавіч быў дырэктарам нашай з ім роднай школы ў пасёлку Скачок. Затым — суседняй Баравіцкай. Альбом, пра які рэч, для яго святое — бо пра людзей, сярод якіх мы нарадзіліся, раслі, сталелі, якія выпраўлялі нас у вялікі свет жыцця… Калі мы былі падлеткамі, яны прывучалі нас да справы: працуйце летам дарожнікамі, дапамагайце сем’ям. Затым таго, хто пасля школы заставаўся ў пасёлку, бралі да сябе ў калектыў. Іншых адпраўлялі на вучобу ў горад. І літаральна ўсіх хлопцаў праводзілі ў войска: «Служи, не пос­рами честь отцов!» Працавалі, працуюць, вучыліся, вучацца, служылі, служаць многія. Як і належыць дзецям, унукам, праўнукам тых нашых землякоў старэйшага пакалення, што ў альбоме. А іх — дзясяткі. Яны бездакорна рабілі сваю справу сыноў і дочак Айчыны спачатку ў вайну, потым на мірным фронце — сумленне ніхто не запляміў.

Гэты альбом шмат гадоў таму разам з намі, школьнікамі, пачаў ствараць колішні дырэктар Іван Васільевіч Пятрунін. Былы партызан. Яго імя ўпамінаецца ў дакументальнай кнізе Я. Акушэвіча «Огни в родных лесах» (1964) — пра дзеянні народных мсціўцаў на тэрыторыі Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў. Мы, вучні, хацелі, каб такое было і пра нашых бацькоў і дзядоў. Тады і вырашыў Іван Васільевіч разам з намі стварыць своеасаблівы летапіс іх подзвігу. Адзін пра ўсіх. А калі пайшоў на пенсію, перадаў эстафету новаму дырэктару Уладзіміру Кірылавічу, сыну франтавіка і франтавічкі Кірылы і Вольгі Суравец. Вось такая пераемнасць, такі працяг памяці…

Калі зноў звярнуцца да памяці ды ўспомніць, як тады жылі, скажу так: героі гэтага альбома, цяпер ён ужо ў двух тамах, нашы дзяды, бацькі, суседзі, аднапасялкоўцы ва ўсіх справах былі ра­зам. Іх аб’ядноўвала адзінства памкненняў і ў ваенны, і ў мірны час. Айчына для іх — як самае дарагое, і яе лёс не ўспрымаўся асобна ад свайго лёсу, сям’і, знаёмых і блізкіх, ад лёсу народа. І гэта не высокія словы, гэта паняцці, якія вызначалі іх сэнс жыцця. А ўвогуле, калі так, мы павінны вызначаць і сэнс нашага жыцця, іх нашчадкаў. Бо як пісаў паэт Казімір Камейша: «Мы — не пачатак. Мы — працяг» («СГ», № 21 ад 8 лютага 2020 г.). Працяг папярэдніх пакаленняў, працяг іх ратных і стваральных спраў. А працяг, падкрэслю, моцны толькі тады, калі ён непарыўны, калі сіла яго ў адзінстве.

Пераглядаю фота землякоў. Ваенныя — радавыя і афіцэры. І мірнага часу: шафёры, трактарысты, вальшчыкі, лесарубы… Чытаю сціслыя радкі біяграфій, успамінаю іхняе і наша, юных, побач з імі жыццё. Жылося тады ўсім нялёгка. І грошай не ставала. І лесарубаўскі час не нармаваны. І жыллё сабе трэба было будаваць… І школу, і медпункт, і клуб з бібліятэкай, і іншыя будынкі — для ўсіх. І ўсюды яны, дзяды і бацькі нашы, — у адзінстве. А яны — свае, тутэйшыя і прыезджыя. З розных месцаў некалі вялікай краіны. Называю, як і тады, па імёнах (у альбоме поўнасцю). Дзядзька Мацвей Котаў, сусед. Дзядзькі Канстанцін Дабравольскі, Аляксей Русецкі, Яфрэм Белягоў, Іван Краўчанка, Іван Хамякоў, Павел Тарашкевіч і яго жонка цёця Аня, Аляксей Куляшоў, Гаўрыла Кушавараў, браты Андрэй і Аляксей Вяроўкіны, Віктар Коваль, Аркадзь Савін, Іван Стралкоў і многія іншыя — тыя, што разам! Яны паўстаюць перад маёй чалавечай і пісьменніцкай памяццю нязгаснымі і непаўторнымі вобразамі. Сціплыя і простыя зямныя людзі. Кожны са сваім абліччам, характарам, маўленнем, у якім сумяшчалася беларуская, руская, украінская ды іншыя мовы. Паўстаюць непаўторнымі асобамі. Пра адных пісаў шмат гадоў таму ў раёнцы, дзе пасля школы пэўны час працаваў. Другія сталі прататыпамі герояў маіх кніг. А тых, каго не згадаў (газетная плошча абмежавана), назаву ў кнізе, якую рыхтую. 

Кажу так: калі мы іх працяг і ўсё, што яны перадалі ў спадчыну, дорага нам, дык мы павінны, як і яны, заўсёды быць разам. Мы не маем права нікому аддаць тое, што набылі найперш дзякуючы ім, ды і што створана намі.

РАНЕЙ літаратура шмат пра гэта пісала. І мы, чытаючы такія творы па школьных праграмах, а пасля проста як чытачы, здаецца, духоўна жылі больш бліжэй чалавек да чалавека, чым цяпер. Жылі «бліжэй», тым жыццём, якім жылі нашы папярэднікі. І, здаецца, бліжэй да сэрца ўспрымалі іхняе як сваё, наша. Ды і многае лепшае з кніг успрымалася як асабіста табе неабходнае ці нават жыццёва праграмнае. Напрыклад, хаця б вось такое, як у Пімена Панчанкі: «Твой дзень прапаў і страчаны навекі, // Калі ты не зрабіў таго, што мог, // Калі не паспрыяў ты чалавеку, // Няшчырым быў, зманіў, не дапамог». І, мабыць, як помняць многія з гэтага верша народнага паэта, былога воіна, што твой дзень (і мой таксама) будзе «закрэслены», калі ты раўнадушны да ўсяго таго, што адбываецца навокал, калі не заўважаеш чужую бяду, калі… Гэтае «калі», на што мы не так і часта зважаем, напрыклад у сённяшніх жыццёвых рэаліях, можна доўжыць.Толькі ж ёсць шмат таго, з чым мы не можам і не маем права мірыцца і перад памяццю продкаў, і перад іх сумленнем, ды і перад сабой. 

А ўвогуле, неправамерна, што некаторыя нашы суайчыннікі, і не толькі яны, імкнуцца разбурыць наш выпакутаваны пакаленнямі вобраз жыцця. Было, ёсць, будзе, што нехта імкнецца — як за мяжой, таксама і ў нас — дыктаваць народу сваю волю. Ведаем, не прынялі б гэта, не прымаюць былыя змагары за Айчыну, нашы прадзеды, дзяды, бацькі. Неабыякавыя яны былі (і сёння таксама) да лёсу радзімы — у тым ліку і героі дарагога мне і маім землякам альбома. Як і да лёсу людзей, сярод якіх і з якімі жылі. І тут зноў верш Пімена Панчанкі, працяг: «Мы не плюём на дружбу і на працу: // Нам без трывог не зберагчы жыцця. // Сябры, давайце будзем хвалявацца: // За ўсіх і ўсё: за зерне і дзіця».

Уладзімір САЛАМАХА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter