Будзем дома, на вёсцы, бываць часцей!

У  далёкім маім юнацтве, у 1966 годзе, адразу, як толькі скончыў 10 класаў, мяне запрасілі на працу ў раённую газету «Кіравец». Друкаваўся ў ёй, а таксама ў рэспубліканскіх. Два незабыўныя гады знаёмства з Кіраўскім раёнам, з непаўторнай па сваёй прыгажосці роднай зямлёй, з яе тады шматлікімі люднымі вёскамі і вёсачкамі пераконвалі: усюды праца стваральная і патрэбная не толькі тут! І вядома ж, хвалюючыя сустрэчы з людзьмі: ад простых хлебаробаў і жывёлаводаў, лесарубаў і леснікоў, настаўнікаў і медыкаў — увогуле, з прадстаўнікамі ўсялякага патрэбнага грамадству занятку. Сярод іх — і з некаторымі знакамітымі асобамі, чые імёны былі вядомы далёка паза Кіраўшчынай. Напрыклад (неверагодна для юнака), з Героем Савецкага Саюза і Героем Сацыялістычнай Працы старшынёй знакамітага на ўвесь Савецкі Саюз калгаса «Рассвет» Кірылам Пракопавічам Арлоўскім. Успрымалася як неймавернае шчасце: ты па сутнасці яшчэ нічога не зрабіў у жыцці, а бачыш, слухаеш чалавека-легенду… Вось ён у рэдакцыі, на раённай нарадзе перадавікоў і аднойчы нават у полі ў час жніва. Слухаеш кароткія, быццам высечаныя фразы, а яны — пра прызначэнне чалавека на зямлі. І табе, юнаку, адкрываюцца такія абсягі жыцця, такая сутнасць людскога існавання, што помніцца і сёння. Але зямля — аснова быцця, без яе нельга, і яго годнасць шмат у чым вызначаецца тваімі адносінамі да яе…

Фото  БЕЛТА

Помніцца і такое… На адным пасяджэнні ў сталіцы, дзе вызначалі далейшы «курс», ён сказаў, што трэба, каб дзецям-гараджанам у вёсках заставаліся бацькоўскія хаты. І — зямля. У нас тады казалі: «Во як трэба! І людзям будзе добра, і дзяржаве». Але ўлады яго не падтрымалі, а нават, помню, па радыё паўшчувалі. Маўляў, да ўласнасці заклік... Зразумела, быў іншы час, ды і Беларусь наша не магла самастойна прымаць важныя жыццёвыя рашэнні. А людзі заўсёды марылі, каб нажытае, калі адыдуць, — хата, ды каб яшчэ зямля пры ёй, — дзецям-гараджанам. Каб не спрахла.

Наша зямля… Многія з нас, тых, хто нарадзіўся і вырас у вёсцы, змалку спазналі менавіта на зямлі сэнс працы. Гэты сэнс потым дапамагаў адраджаць горад, умацоўваць Айчыну, якая сёння пад імем Рэспубліка Беларусь годна ўзвышаецца ва ўсім свеце! І сваімі гарадамі і вёскамі, і нашым ладам жыцця… І калі ў нас, як і ва ўсіх, яшчэ ёсць свае праблемы, у тым ліку і на зямлі, якая мае патрэбу ў далейшым адраджэнні, дык самі будзем вырашаць іх. Усе разам. Народ наш такі, зямны і мудры, у генетычным кодзе якога, як сцвярджаюць паэты, адвечная святасць да сваёй зямлі.

Пра свой кавалачак зямлі, пра домік на ёй марылі цэлыя пакаленні гараджан. Сталыя людзі помняць: яшчэ 30—40 гадоў таму не проста было атрымаць нейкіх 4—6 сотак і пад «садовы ўчастак» ды пабудаваць на ім невялікі дом (памеры абмяжоўваліся!). Многія гараджане «вёскай жылі». Але свая зямля, свой домік, куды б мог прыехаць не толькі я сам, але і мае дзеці, унукі… Каб яны ўбачылі, дзе нарадзіліся іхнія продкі, каб ведалі, як яны жылі і працавалі.

Прыгадваецца верш паэта Алеся Пісьмянкова «Прызнанне», напісаны ім амаль 40 гадоў таму (нарадзіўся Аляксандр Уладзіміравіч Пісьмянкоў у 1957 годзе ў вёсцы Бялынавічы Касцюковіцкага раёна, памёр у 2004-м): «Не трызніць душа гаражамі. // Дзіўна, што ў горадзе вёскай жыву. // Страшна, што сын-гараджанін // Босы баіцца ступіць на траву».

Але, як кажуць, гаражы гаражамі. І яны ўжо даўно, як і аўто, і многае іншае, неабходнае для паўнацэннага жыцця гараджан і вяскоўцаў, даступны ці не кожнай сям’і. І не дзіўна, што паэт у горадзе вёскай жыў. Там яго выток. Вёскай у горадзе жывуць многія. І калі ў краіне аб’яўлялася акцыя «Год роднай зямлі», людзі ўспрынялі яе як падзею, наспелую ў грамадстве. І адазваліся справамі. Цудоўна, што яна працягваецца, не абмежавана адным годам — стала патрэбаю душы многіх гараджан. Душу вабіць зямля, праца на ёй, прыгажосць. Вабіць, каб не ачарсцвела яна, душа.

А знакаміты верш Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей«? (нарадзіўся Рыгор Іванавіч Барадулін у 1935 годзе на хутары Верасоўка Ушацкага раёна, памёр у 2014-м): «Трэба дома бываць часцей, // Трэба дома бываць не госцем, // Каб душою не ачарсцвець, // Каб не страціць святое штосьці».

Дзяржава імкнецца рабіць усё для таго, каб чалавек, дзе б ён ні быў, у горадзе ці вёсцы, адчуваў сябе гаспадаром на нашай, сваёй зямлі. Каб той, хто па нейкіх прычынах адарваны ад вытокаў, мог вярнуцца да іх.

Сталася так, што мой жыццёвы шлях пасля згаданай упачатку раёнкі пралёг па многіх дарогах не толькі беларускай зямлі. Але, дзе б я ні быў, вабіла свая, беларуская. У доме, дзе вырас, даўно жывуць іншыя людзі, якія прыехалі ў мой пасёлак з іншых месцаў, маючы патрэбу ў жыллі. Жывуць, працуюць на зямлі, берагуць яе і дом…

Ёсць людзі, якія вярнуліся ў родны пасёлак Скачок, у свае дамы не толькі з нашых гарадоў, пакінуўшы там кватэры дзецям, але і з іншых краёў. А будынкі ў былых леспрамгасаўцаў добрыя. І зямля пры іх ёсць. А дзеці і ўнукі, калі ёсць магчымасць, прыязджаюць на зямлю бацькоў і дзядоў, у хаты, у якіх тыя нарадзіліся, у якіх гадаваліся, раслі, з якіх пайшлі «ў жыццё». А многія, хто ў бліжэйшыя да пасёлка гарадах, летаваюць на сваёй зямлі… Свая зямля, яго зямля, іхняя зямля — з іх і складваецца наша агульная, такая прыгожая, непаўторная і розная, такая прывабная… Але яна мае неабходнасць у доглядзе. І вядома ж, калі кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка гаворыць пра адраджэнне неперспектыўных вёсак за кошт перадачы гараджанам ва ўласнасць свабодных участкаў на зямлі, за гэтым — клопат пра чалавека, за гэтым — здзяйсненне яго адвечных мар быць бліжэй да зямлі, да вытокаў. Безумоўна, добра, калі ў кожнага гараджаніна будзе свой кавалачак зямлі: тады будзем больш даражыць тым, што наогул здзейснілі ў краіне за гады незалежнасці і станаўлення ў горадзе і вёсцы, будзем больш цаніць сваё, паважаючы чужое.

Дзеля таго жывём і ствараем. Заўсёды разам — гараджане і вяскоўцы.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter