Нядаўна праваслаўныя вернікі адзначылі адно з галоўных хрысціянскіх свят — Раство Прасвятой Багародзіцы. У народзе гэты дзень атрымаў назву Багач, Багатнік, Багатуха, Прачыстая, Прачыста. У розных рэгіёнах краіны яго называлі па-свойму: Другая Спажа, Другая, Малая, Меншая Прачыстая, Зельная, Другі Святок, Спожка. Гэта свята заканчвае календарны перыяд, прысвечаны збору ўраджаю.

Увогуле Багач у сістэме народнага календара вылучаецца як свята, максімальна набліжанае да Узвіжання і так званых сонечных урачыстасцяў. Запаленая свечка як правобраз Сонца суадносіць абрад са святкаваннем восеньскага раўнадзенства (23 верасня), калі пачынаецца астранамічная восень. Адзінства свечкі і збожжа як сімвала дабрабыту наглядна дэманстравала ўяўленне пра Сонца як ахоўную сілу земляробства.
Дарэчы, яшчэ задоўга да Багача ў добрых гаспадароў засекі з хлебам былі поўныя. Адсюль і адно з пажаданняў нашых продкаў: «Будзь багаты, як восень!».
Святочны дзень не толькі падсумоўваў зробленае, але і настройваў на далейшую работу. Казалі так: «Багач — бярыся за рагач». Напрыклад, на Віцебшчыне ў гэты дзень жанчыны хадзілі па палях лёну і прыгаворвалі: «Хай будзе лён такім доўгім, колькі мы прайшлі». У заходніх рэгіёнах Беларусі на Багача забівалі жывёлу, а гаспадара, які шкадаваў зарэзаць барана, перасцерагалі, што «таго барана воўк парве».
А яшчэ на Багача адзначалі другія асяніны. Накрывалі багатыя сталы, пяклі пірагі з капустай, брусніцамі, мясам.
Прыметы і абрады, якія праводзіліся ў гэты дзень, захаваліся ў некаторых рэгіёнах і сёння. У іх людзі дзякуюць Багародзіцы за сабраны ўраджай, дабрабыт, заступніцтва земляробству, сям’і і асабліва маці.
Нямала працы ў гэты час было ў пчаляроў: да канца верасня яны стараліся ўцяпліць вуллі, каб не даць пчолам змерзнуць. Пачынаўся цыбулін тыдзень. Прыбіралі з палёў не толькі цыбулю, але і астатнюю агародніну, што засталася ў полі. У народзе казалі: «Прыйдзе Прачыстая, стане чыста-чыста».
На Раство Прасвятой Багародзіцы асаблівая ўвага належала жанчынам. Дзяўчаты стараліся апрануцца ў лепшыя ўборы і чакалі хуткага сватаўства. Надыходзіў час вячорак.
Раней казалі, што ноч у гэты перыяд пачынала рухацца «конскімі скачкамі». Надыход сапраўднай восені нашы продкі маглі святкаваць цэлы тыдзень. Пакланяліся духам, спраўлялі свята ўраджаю, варажылі, пяклі шмат пірагоў. Адзін каравай выпякалі з зерняў першага снапа. Яго елі ўсёй вёскай. Другі адпраўлялі ў вогнішча — як пачастунак продкам.
АД ПРАДЗЕДАЎ
♦ Па народным календары, у дзень раўнадзенства восень пераходзіць у другую стадыю — залатая восень. Яна працягнецца да Пакроваў, якія адзначаюцца 14 кастрычніка.
♦ Адна з традыцый свята — дарыць абраз Прасвятой Багародзіцы дарагому і блізкаму чалавеку.
kuzmich@sb.by
Фото БЕЛТА